Рус Бел Eng 中文

Таленавітай моладзі Магілёўскай вобласці ўрачыста ўручылі пашпарты

Урачыстае ўручэнне пашпартоў прайшло сёння ў Магілёве ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!». Галоўны ў жыцці дакумент атрымала 27 таленавітых прадстаўнікоў моладзі з усяго рэгіёна – выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, спартсмены, актыўныя ўдзельнікі грамадскага жыцця. На цырымоніі, якая адбылася ў Доме Саветаў, прысутнічалі прадстаўнікі органаў мясцовай улады, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі павіншаваў хлопцаў і дзяўчат з Днём Канстытуцыі, заўважыўшы, што гэта галоўны дакумент, па якім жыве ўвесь беларускі народ, а астатнія нарматыўна-прававыя акты ў абавязковым парадку з ім увязаныя. «Канстытуцыя не проста так з’явілася ў нашай незалежнай краіне, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – У яе аснове – гісторыя станаўлення дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічны шлях развіцця Беларусі, адказнасць, якую бярэ на сябе дзяржава з дня нараджэння чалавека, забеспячэння яго бяспечнага знаходжання ўнутры рэспублікі і за яе межамі».

Па словах губернатара, гэта дарагога варта, паколькі не многія краіны могуць пахваліцца свабодамі і гарантыямі, якімі валодае беларускі народ. У першую чаргу, гэта права на бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, абавязковае прадастаўленне першага працоўнага месца.

Атрыманне пашпарта – адна з асноўных вех ў жыцці кожнага чалавека, адлік больш выразна выяўленай самастойнасці з правамі і адказнасцю за ўчынкі, падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. «Прыемна, што маладыя людзі атрымліваюць такі важны дакумент у Год малой радзімы, – сказаў кіраўнік рэгіёна. – Гэта ў пэўнай ступені абавязвае ў далейшым больш актыўна займацца самымі значнымі на дадзеным этапе справамі – вучобай і грамадскім жыццём на карысць нашай вобласці і краіны».

Губернатар падкрэсліў, што ў зале сабраліся найлепшыя прадстаўнікі школьнай моладзі, якія ўжо паспелі дасягнуць значных поспехаў. Гэта моладзь услаўляе наш край і дэманструе, наколькі яна актыўная і эрудзіраваная, падрыхтаваная для таго, каб прадстаўляць рэгіён і Беларусь на міжнародных конкурсах і алімпіядах.

«Нам сёння ёсць чым ганарыцца, – канстатаваў Уладзімір Даманеўскі. – За непрацяглы перыяд станаўлення Беларусь прызнана як паўнапраўны прадстаўнік сусветнай супольнасці. Мы заяўляем з міжнародных трыбунаў аб поглядах на сусветную эканоміку і палітыку як міралюбівая дзяржава, якая хацела б наладжваць адносіны з усімі на раўнапраўных умовах. І калі наша моладзь, напрыклад алімпійцы, даказвае, што мы сапраўды можам у сваім развіцці канкурыраваць з вялікімі развітымі краінамі, гэта прымушае з намі лічыцца».

Уладзімір Даманеўскі пажадаў дзецям здароўя, а іх бацькам – радасці і гонару за далейшыя поспехі дзяцей. Кіраўнік рэгіёна ўручыў школьнікам пашпарты і падарунак на памяць аб важным дні – маляўнічае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Яно складаецца з сямі частак, дзе ў даступнай і папулярнай форме выкладаюцца артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прыводзяцца прыклады яе прымянення. У кнізе ўтрымліваецца вялікая колькасць фатаграфій, тэкст дапоўнены афарызмамі, цытатамі, выказваннямі знакамітых людзей, вершамі беларускіх паэтаў.

Усебеларуская патрыятычная акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!» праходзіць у краіне 12-15 сакавіка. Ідэйным натхняльнікам праекта з 2004 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Акцыя заклікана акцэнтаваць увагу 14-гадовых падлеткаў на такой важнай у іх жыцці падзеі, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, а таксама стварыць умовы для ўсведамлення юнакамі і дзяўчатамі сэнсу і значнасці сваёй дзейнасці як грамадзяніна.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая