Рус Бел Eng 中文

У 2017 годзе таваразварот Магілёўскай вобласці і Францыі павялічыўся на 40%

У 2017 годзе таваразварот Магілёўскай вобласці і Францыі павялічыўся на 40% у параўнанні з папярэднім годам і перавысіў $ 10 млн. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч сёння на адкрыцці III Беларуска-французскага бізнес-форуму ў Магілёве.

Францыя традыцыйна ўваходзіць у лік стабільных знешнегандлёвых партнёраў Прыдняпроўскага краю. Яе доля ў тавараабароце рэгіёна з краінамі па-за СНД за апошні час прыкметна вырасла і па выніках мінулага года склала 1,3%. Найбольш запатрабаванымі на французскім рынку таварамі сталі мэбля, гародніна, лесаматэрыялы і іншая прадукцыя дрэваапрацоўкі.

«Сённяшняя сустрэча заклікана ўнесці значны ўклад у развіццё двухбаковых адносін, – адзначыў Андрэй Кунцевіч. – Нашы рэгіёны валодаюць значным эканамічным патэнцыялам, багатым вопытам сумеснай працы ў розных напрамках, таму важна стымуляваць ўзаемныя інвестыцыі, перспектыўныя інавацыйныя праекты, пашыраць магчымасці для прамых кантактаў паміж суб’ектамі гаспадарання».

Намеснік старшыні выказаў упэўненасць у тым, што форум пройдзе вынікова, а ўсе дыскусіі паміж удзельнікамі будуць садзейнічаць канструктыўнаму дыялогу прадстаўнікоў бізнесу. «Няма сумненняў, што выпрацаваныя тут прапановы і ініцыятывы адкрыюць новыя гарызонты ў развіцці партнёрскіх адносін Магілёўскай вобласці і Францыі», – падкрэсліў ён.

Завяршаючы прывітанне, Андрэй Кунцэвіч запрасіў французскіх гасцей прыняць удзел у X Міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху», які пройдзе ў Магілёве 29-30 чэрвеня.

Аб умовах вядзення бізнесу ў рэгіёне і перспектывах супрацоўніцтва расказаў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Руслан Страхар. Ён паведаміў, што вобласць мае адкрытую мяжу з Расійскай Федэрацыяй. Гэта дае магчымасць прамой пастаўкі прадукцыі на агульны мытны рынак з колькасцю насельніцтва больш за 180 млн. чалавек. Выгаднае размяшчэнне дазваляе Магілёўшчыне стаць лагістычным цэнтрам для пастаўкі тавараў у краіны Еўрапейскага саюза. Прыдняпроўскі край валодае развітай інфраструктурай, шырокай сеткай аўтамабільных дарог міжнароднага ўзроўню, чыгуначным і паветраным паведамленнем, у тым ліку кругласутачным аэрапортам у Магілёве.

Геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці вобласці ахоплівае больш чым 120 краін свету, сярод якіх Расія, Амерыка, Кітай, Літва, Ізраіль і інш., канстатаваў Руслан Страхар. У год наш рэгіён экспартуе тавараў на суму каля $ 2 млрд. Шырокая геаграфія экспартнай дзейнасці стала магчымай дзякуючы міжрэгіянальным сувязям. На сённяшні дзень заключаны дагаворы аб пабрацімстве або супрацоўніцтве з больш чым 50 дзяржавамі. На тэрыторыі Прыдняпроўскага краю ажыццяўляе дзейнасць 256 кампаній з замежным капіталам у сферы вытворчасці і гандлю. У структуры прамысловасці рэгіёна пераважаюць машынабудаванне, хімічная галіна, дрэваапрацоўка, вытворчасць прадуктаў харчавання.

Прывабнасць Магілёўшчыны вызначае яшчэ і канкурэнтаздольны інвестыцыйны і падатковы клімат. «У Беларусі сфарміравана лаяльнае стаўленне да інвестара, – заўважыў Руслан Страхар. – Выбудаваны выразныя інструменты падтрымкі, дзейнічаюць СЭЗы, падатковыя льготы ў малых гарадах. Акрамя таго, спецыяльным указам Прэзідэнта Беларусі толькі ў нашай вобласці створана асаблівая эканамічная зона – паўднёва-ўсходні рэгіён, дзе маюцца дадатковыя прэферэнцыі для інвестараў. Так, пры рэалізацыі тут інвестпраектаў дзяржава абавязваецца падвесці ўсю неабходную інфраструктуру за кошт бюджэту. Працуюць яшчэ і дадатковыя ўмовы для работнікаў, якія будуць працаваць на гэтых прадпрыемствах».

Асобна старшыня камітэта эканомікі спыніўся на нядаўна падпісаным кіраўніком дзяржавы Дэкрэце «Аб развіцці лічбавай эканомікі». «Гэта беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы, унікальныя ўмовы для майнінга крыптавалют і блокчэйн-тэхналогій, развіцця кіберспорту, – падкрэсліў ён. – І ў нас у вобласці ёсць інфраструктурныя арганізацыі, якія змогуць дапамагчы сфарміраваць бізнес у гэтай сферы».

Гаворачы аб партнёрстве з Францыяй, Руслан Страхар звярнуў увагу, што цёплыя сяброўскія адносіны дазволілі наладзіць шматгадовае гуманітарнае супрацоўніцтва па лініі адукацыі. Ёсць пэўныя напрацоўкі і ў вытворчай сферы. Так, у лістападзе 2017 года ў горадзе Вільру (рэгіён Латарынгія) адбылася афіцыйная цырымонія закладкі квартала з беларускіх драўляных дамоў вытворчасці шклоўскага філіяла «Домабудаванне» РУП «Завод газетнай паперы». Гэты праект будзе рэалізаваны ў бягучым годзе. Філіялам заключаны кантракт на выраб і пастаўку 26 дамоў на 37 кватэр. Дарэчы, на форуме ў Магілёве прысутнічаў не толькі мэр Вільру Алэн Казоні, але і кіраўнік кампаніі «Logibat», генеральнага забудоўшчыка квартала, Люк Лонгевіль.

Як патлумачыў старшы саветнік беларускай амбасады ў Францыі Уладзімір Малевіч, сённяшні праект – гэта толькі пачатак, бо ў Латарынгіі маюць намер супрацоўнічаць з нашай краінай на доўгатэрміновай аснове. У перспектыве на найбліжэйшыя пяць гадоў мяркуецца гэты рэгіён уладкаваць 650 беларускімі дамамі. Таму з мэтай далейшага развіцця партнёрства ў фармаце Беларуска-французкага бізнес-форуму ў шклоўскім філіяле пройдуць перагаворы аб магчымасцях далейшага нарошчвання экспартных паставак дамоў на французскі рынак.

Сёння Магілёўскую вобласць наведвае дэлегацыя французскіх дзелавых колаў. Візіт гасцей пачаўся з горада на Дняпры, дзе на базе БелГПП распачаўся III Беларуска-французскі бізнес-форум. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі выканаўчай улады рэгіёна, СЭЗ «Магілёў», Магілёўскай мытні, кіраўнікі прадпрыемстваў абласнога цэнтра. У склад французскай дэлегацыі ўвайшлі бізнесмены, якія працуюць у розных сферах: дрэваапрацоўка, лёгкая і харчовая прамысловасць, фінансавыя паслугі, будаўніцтва жылля і інш.

Французскім гасцям прэзентавалі эканамічныя магчымасці Магілёўскай вобласці і СЭЗ «Магілёў», яны даведаліся пра ўмовы вядзення бізнесу і мытную палітыку Беларусі, абмеркавалі прапановы па супрацоўніцтве з беларускім бокам. Праграмай візіту таксама было прадугледжана знаёмства з працай акцыянерных таварыстваў «Магатэкс» і «Бабушкина крынка», наведванне ў Шклове філіяла «Домабудаванне» РВУП «Завод газетнай паперы».

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "эканоміка і бізнес":

11.12.2018 - 10:35 | Больш за 75% экспарту тавараў Магілёўскай вобласці прыпадае на краіны СНД

На краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў прыпадае 75,7% экспарту тавараў Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведамілі ў галоўным статыстычным упраўленні рэгіёна.

11.12.2018 - 09:12 | Больш за 6 тыс. адзінак піратэхнікі канфіскавалі ў Магілёве

Праваахоўнікі падчас рэйду ў мінулую пятніцу і выхадныя выявілі шматлікія парушэнні захоўвання і рэалізацыі піратэхнічных вырабаў, паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

11.12.2018 - 08:27 | Крэдытная нагрузка на малазабяспечаных грамадзян пры будаўніцтве жылля ў ПУР Магілёўскай вобласці знізіцца

Памер падтрымкі малазабяспечаных грамадзян, якія пражываюць у паўднёва-ўсходнім рэгіёне (ПУР) Магілёўскай вобласці, пры будаўніцтве або куплі жылля істотна вырасце.

10.12.2018 - 08:56 | Магілёўская мытня будзе працаваць у навагоднія святы

Магілёўская мытня будзе працаваць у навагоднія святы. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

10.12.2018 - 08:27 | Праезд у грамадскім транспарце падаражаў у Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці павышаны тарыфы на перавозкі пасажыраў гарадскім грамадскім транспартам. Адпаведнае рашэнне Магілёўскага аблвыканкама № 46-3 ад 30 лістапада 2018 года апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 8 снежня 2018 года.