Рус Бел Eng 中文

У аграэкасядзібе «Усохі» Клічаўскага раёна адкрылі музей дрэва

У аграэкасядзібе «Усохі» Клічаўскага раёна адкрылі музей дрэва. Пра гэта паведамілі ў райвыканкаме.

Экспазіцыя музея, які размясціўся пасля рамонту ў былой сельскай школе, уключае ў сябе больш за пяцьдзясят адзінак розных старадаўніх вырабаў з дрэва. Яны адлюстроўваюць дух свайго часу і знаёмяць з традыцыйным рамесніцтвам і побытам людзей, якія пражываюць у Клічаўскім раёне. У мясцовых жыхароў сабраны вырабы, кожны з якіх мае сваю ўнікальную гісторыю.

У склад музея, акрамя дэманстрацыйнай залы, таксама ўваходзіць домік персаналу і шырокая тэрыторыя для правядзення вольнага часу і адпачынку моладзі і насельніцтва. «Адкрыццё музея дрэва створыць умовы для развіцця аграэкатурызму ў Клічаўскім раёне і дапаможа прыцягнуць дадатковы паток людзей, якія жадаюць азнаёміцца з найлепшымі мясцінамі нашага дзіўнага і багатага краю», – адзначылі ў райвыканкаме.

Ініцыятыва «Сельскі музей дрэва ў аграэкасядзібе «Усохі»» рэалізавана па праекце «Садзеянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Сума гранта ЕС на рэалізацыю ініцыятывы склала больш за 25 тыс. еўра.

У рамках ініцыятывы дадаткова прадугледжана навучанне мясцовых жыхароў майстраваць вырабы з дрэва, якія выкарыстоўваюцца ў побыце, стварэнне экалагічнага маршрута ў в. Усохі і правядзенне экскурсій для дзяцей і моладзі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая