Рус Бел Eng 中文

У Беларусі ўзмоцнена дзяржпадтрымка дзяцей-сірот і шматдзетных сем’яў у вырашэнні жыллёвага пытання

У Беларусі прыняты дадатковыя меры па ўзмацненні дзяржаўнай падтрымкі дзяцей-сірот і шматдзетных сем’яў пры будаўніцтве, рэканструкцыі або набыцці жылля. На гэта накіраваныя ўказы №474 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» і №473 «Аб долевым будаўніцтве», якія Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 10 снежня, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Указам «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» павялічваецца памер такой падтрымкі для некаторых катэгорый грамадзян.

У дачыненні да дзяцей-сірот памер субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах у адпаведнасці з указам №240 павялічваецца з 35% да 50%.

Для малазабяспечаных грамадзян, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жылля і працоўную дзейнасць у населеных пунктах на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў па камерцыйных крэдытах павялічваецца на 4 працэнтныя пункты.

Акрамя таго, грамадзянам, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, даецца права на атрыманне субсідыі на пагашэнне 50% асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах.

Для шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, устанаўліваецца першачарговае права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі (як гэта прадугледжана для шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей).

Таксама ўказам устанаўліваецца, што з 1 сакавіка 2019 года абмяжоўваецца права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылля для працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Дзяржаўная падтрымка не будзе аказвацца сем’ям, у якіх усе працаздольныя члены сям’і не занятыя ў эканоміцы. Пры гэтым яны будуць мець права паўторна звярнуцца за яе атрыманнем, калі адпалі падставы для аднясення іх да грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Указ «Аб долевым будаўніцтве» прыняты ў мэтах удасканалення праваадносін бакоў пры долевым будаўніцтве аб’ектаў у Беларусі і адмяняе дзеянне ўказа ад 6 чэрвеня 2013 года №263.

Дакументам уводзіцца шэраг новых нормаў. У прыватнасці, шматдзетным сем’ям дадзена пераважнае права на атрыманне напрамкаў на долевае будаўніцтва аднакватэрных жылых дамоў або жылых памяшканняў у блакіраваных жылых дамах.

Грашовыя сродкі ад продажу кватэр, пабудаваных за кошт уласных сродкаў дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць пералічацца на бягучыя рахункі гэтых прадпрыемстваў.

З улікам практыкі прымянення ўказа №263 удакладняюцца істотныя ўмовы дагавораў долевага будаўніцтва, парадак апублікавання праектнай дэкларацыі, прыцягнення грашовых сродкаў дольшчыкаў, функцыянавання спецыяльных рахункаў, а таксама парадак фарміравання і змянення цаны дагавора.

Савету Міністраў даручана ў трохмесячны тэрмін вызначыць парадак заключэння, выканання і скасавання дагавора долевага будаўніцтва і зацвердзіць тыпавую форму такога дагавора.

Дзеянне ўказа не распаўсюдзіцца на аб’екты, дазвольная дакументацыя на будаўніцтва якіх дадзена да ўступлення ў сілу гэтага дакумента.

Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у дзеянне праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая