Рус Бел Eng 中文

У Беларусі зацверджана новая рэдакцыя правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў

Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 31 жніўня 2018 года №636 унесены змяненні і дапаўненні ў Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства транспарту і камунікацый.

Новаўвядзенні Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў датычацца браніравання месцаў для праезду і продажу білетаў, выкарыстання электронных білетаў пры аўтамабільных перавозках пасажыраў у рэгулярных зносінах, аднясення пасажыраў да безбілетных, парадку стварэння і дзейнасці кантрольна-рэвізорскай службы на аўтамабільным транспарце. Уведзены тлумачэнні такіх тэрмінаў, як валідатар, інфармацыйная сістэма продажу білетаў, тэрмінал работніка кантрольна-рэвізорскай службы на аўтамабільным транспарце.

Змены датычацца таксама рэквізітаў білетаў. Напрыклад, устанаўліваецца, што на білеце для міжгародніх перавозак пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці нумар месца для сядзення можа не паказвацца.

У новай рэдакцыі правіл дадаткова вызначаецца, што да аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах адносяцца гарадскія і прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі да гандлёвых цэнтраў, якія ажыццяўляюцца па замове іх адміністрацый.

Дакументам устаноўлены патрабаванні да афармлення і абсталявання аўтамабіляў-таксі. Вызначана, што заключэнне і выкананне дагавора перавозкі пасажыра аўтамабілем-таксі, замоўленай з выкарыстаннем электроннай інфармацыйнай сістэмы, засведчваецца электроннай квітанцыяй, якая накіроўваецца на адрас электроннай пошты, зарэгістраваны заказчыкам. Таксама рэгламентавана інфармацыя, якая павінна змяшчацца ў такой квітанцыі. Акрамя таго, змены датычацца тых дадзеных, якія павінны прадстаўляць у адпаведныя інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах дыспетчары таксі або перавозчыкі, якія самастойна выконваюць прыём і перадачу заказаў.

Правілы прыведзены ў адпаведнасць з законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» па пытаннях арганізацыі міжгародніх міжабласных аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах. Такія перавозкі арганізуюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, па тэрыторыі якіх праходзіць маршрут.

«Прыняцце Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у новай рэдакцыі будзе спрыяць атрыманню простага і зразумелага ўсім суб’ектам механізму працы на рынку транспартных паслуг і гарантуе абарону правоў і законных інтарэсаў пасажыраў і перавозчыкаў, уключаючы пытанні бяспекі перавозак», – падкрэслілі ў міністэрстве.

Пастанова ўступае ў сілу праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая

Чытайце таксама ў катэгорыі "эканоміка і бізнес":