Рус Бел Eng 中文

У Беларусі зацверджана Стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года

Стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва «Беларусь – краіна паспяховага прадпрымальніцтва» на перыяд да 2030 года зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 17 кастрычніка 2018 года №743, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Стратэгія прынята для павышэння эканамічнай свабоды прадпрымальніцтва і павелічэння яго ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, фарміравання канкурэнтнага асяроддзя і забеспячэння роўных умоў гаспадарання для суб’ектаў розных формаў уласнасці. Дакумент вызначае прыярытэтныя кірункі на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву, асноўныя задачы і прынцыпы ўдасканалення дзяржаўнага рэгулявання і падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва.

Мэта стратэгіі – фарміраванне дынамікі развіцця сектара малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, здольнага істотна палепшыць структуру беларускай эканомікі, павысіць яе канкурэнтаздольнасць, забяспечыць эфектыўную занятасць і рост даходаў насельніцтва.

Асноўныя задачы – стварэнне спрыяльных адміністрацыйна-прававых і эканамічных умоў, фарміраванне сістэмы мер для якаснага развіцця бізнесу і стварэнне эфектыўнай спецыялізаванай структуры дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Рэалізацыя стратэгіі плануецца ў два этапы: пераходны этап – 2018-2020 гады (удасканаленне інстытуцыйнай базы і інфраструктуры), асноўны этап – 2021-2030 гады (стварэнне і функцыянаванне канкурэнтаздольнага і адаптыўнага прадпрымальніцкага сектара нацыянальнай эканомікі).

У выніку рэалізацыі стратэгіі пры ўзгодненых дзеяннях дзяржаўных органаў і бізнесу долю суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб’ёме валавага дабаўленага кошту плануецца давесці ў 2030 годзе да 50%.

Рэспубліканскім дзяржорганам, іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным Савету Міністраў, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам даручана выкарыстоўваць зацверджаную стратэгію пры рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016-2020 гады, распрацоўцы праектаў праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, дзяржпраграм да 2030 года. Тое ж самае тычыцца распрацоўкі праектаў заканадаўчых актаў і пастаноў Саўміна, якія рэгулююць дзейнасць суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, падрыхтоўкі прапаноў для праектаў міжнародных дагавораў і актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая