Рус Бел Eng 中文

У Дрыбінскім раёне на пажары загінуў пенсіянер

У Магілёўскай вобласці за суткі адбыўся адзін пажар, які стаў прычынай гібелі пажылога мужчыны. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Каля паловы на дзясятую вечара 19 кастрычніка трывогу забілі жыхары пасёлка Старое Прыбужжа Дрыбінскага раёна. Палаў дах жылога дома, які належыць 86-гадоваму пенсіянеру. Найгоршыя меркаванні пацвердзіліся: гаспадар не паспеў эвакуявацца з палаючага дома. Ратавальнікі знайшлі яго без прыкмет жыцця на падлозе аднаго з пакояў.

У выніку пажару пашкоджаны дах, перакрыцце і маёмасць у доме. Прычына ўзгарання высвятляецца.

Паважаныя жыхары прыватнага сектара! Начныя замаразкі патрабуюць цяпла, а цяпло патрабуе бяспекі. Прачысціце комін печы і прыбіце да падлогі перад ацяпляльным прыстасаваннем (печкай, грубкай і інш.) металічны ліст. Не перапальвайце ў печы – бяспечней тапіць яе двойчы з невялікім інтэрвалам. Не забудзьцеся прыбраць ад печы і з печы вопратку, паліва і іншыя гаручыя рэчывы і матэрыялы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая