Рус Бел Eng 中文

У КДК Магілёўскай вобласці адбылося пасяджэнне калегіі па пытаннях работы льняной галіны рэгіёна

У Камітэце дзяржкантролю Магілёўскай вобласці адбылося пасяджэнне калегіі па пытаннях работы льняной галіны рэгіёна. Было адзначана, што мясцовымі органамі ўлады прымаюцца меры па стварэнні належных умоў для функцыянавання арганізацый, якія вырошчваюць і перапрацоўваюць лён. Хоцімскі, Горацкі і Мсціслаўскі ільнозаводы па тэхніка-эканамічных паказчыках работы ўваходзяць у лік найлепшых у рэспубліцы.

Разам з тым у галіны ёсць шматлікія рэзервы для яе развіцця.

Ільнасеяльнымі арганізацыямі часта дапускаюцца парушэнні галіновага рэгламенту. У іх ліку недастатковая апрацоўка зямель гліфасатамі, правядзенне замест восеньскага пад’ёму зябліва вясновага ўзворвання, зацягванне тэрмінаў сяўбы, цераблення і ўздыму лёну, недастатковае ўнясенне мінеральных угнаенняў.

У выніку ў бягучым годзе ў вобласці не выканана даручэнне кіраўніка дзяржавы аб вытворчасці льнотрасты сярэднім нумарам 1,5. На самай справе ён склаў толькі 1,0.

Нароўні з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я зацягванне тэрмінаў правядзення палявых работ пры апрацоўцы лёну абумоўлена і недахопам у рэгіёне каля 50 адзінак спецыялізаванай сельгастэхнікі.

Недастатковая якасць і аб’ёмы атрыманай ільносыравіны абумовілі невыкананне льнозаводамі вобласці тэхналагічных нарматываў пры яе перапрацоўцы, прывялі да неэфектыўнага выкарыстання абсталявання па вытворчасці льновалакна, у тым ліку высокапрадукцыйнай бельгійскай лініі на Шклоўскім ільнозаводзе, невыканання графікаў пастаўкі льновалакна для дзяржаўных патрэб на РУВДП «Аршанскі льнокамбінат». Істотныя даходы ўпускаюцца льнозаводамі вобласці ў выніку продажу льновалакна пасрэдніцкім структурам, якія затым рэалізуюць яго за мяжу.

Па выяўленых недахопах калегіяй Камітэта прапанавана зацікаўленым прыняць меры па іх ліквідацыі. Выкананне прапаноў узята на кантроль.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая