Рус Бел Eng 中文

У Кіраўскім раёне пачнуць пошук збітых у ліпені 1941 года трох савецкіх самалётаў

Пошук трох збітых немцамі савецкіх самалётаў пачнуць у другой палове мая ў Кіраўскім раёне, паведаміў кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру», гісторык і пісьменнік Мікалай Барысенка.

Дзе могуць знаходзіцца рэшткі збітых самалётаў, падказалі дзённікі Канстанціна Сіманава. Вядомы рускі пісьменнік, аўтар трылогіі «Жывыя і мёртвыя» (гэта кніга аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны), асабіста бачыў у пачатку ліпеня 1941 года і апісаў паветраны бой, калі нямецкія знішчальнікі Месершміты збілі савецкі Як-4 і тры бамбардзіроўшчыкі ТБ-3.

Лёгкі разведчык-бамбардзіроўшчык Як-4 быў знойдзены пошукавікамі ў мінулым годзе. Але, на жаль, пакуль устанавіць імёны яго экіпажа не атрымалася, гэтая праца працягваецца. «Мы спадзяёмся, што пошукі іншых ваенных бартоў дапамогуць устанавіць імёны герояў, якія аддалі жыцці за наша мірнае неба над галавой, якія да гэтага часу лічацца на баявым заданні. Да гэтай экспедыцыі, можна сказаць, мы рыхтаваліся каля 10 гадоў. Была праведзена вялікая праца ў архівах, па апытванні мясцовых жыхароў, праведзена не адно пошукавае мерапрыемства. І цяпер, у тым ліку дзякуючы ўспамінам мясцовых жыхароў, кола пошуку звузілася: у нас ёсць больш-менш дакладная інфармацыя, дзе знаходзяцца рэшткі разбітых самалётаў», – адзначыў Мікалай Барысенка.

Пошукі будуць весціся ў лясным масіве каля вёсак Зялёны Гай і Забуднянскія Хутары Кіраўскага раёна. Да пошукавага атраду клуба «Віккру» далучацца і спецыялісты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. У гэтым сезоне магілёўскія пошукавікі таксама прымуць удзел у раскопках на месцах кровапралітных баёў падчас абароны ў ліпені 1941 года Дняпроўскага рубяжа ў Магілёўскім, Чавускім і Быхаўскім раёнах.

Дарэчы, 2013-2015 гады ўвайшлі ў гісторыю клуба устанаўленнем трох месцаў падзення ў гады вайны двух савецкіх самалётаў: пікіруючага бамбардзіроўшчыка Пе-2 у Магілёўскім, далёкага бамбардзіроўшчыка Іл-4 у Клічаўскім і знішчальніка Ла-5 у Чавускім раёнах. Падчас раскопак сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Мінабароны падняты фрагменты самалётаў, рухавікі і астанкі лётчыкаў у Магілёўскім і Клічаўскім раёнах. Па нумарах дэталяў рухавікоў, дзякуючы дапамозе расійскіх і ўкраінскіх пошукавікаў, устаноўлены імёны членаў экіпажа і баявыя гісторыі самалётаў. На магіле лётчыкаў у. в. Макаранцы Магілёўскага раёна збудаваны помнік, а ў Клічаве на брацкім пахаванні борт-стралка і стралка-радыста – памятны знак.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая