Рус Бел Eng 中文

У Клімавічах неабходна актывізаваць работы па праграме капрамонту жылля – Уладзімір Даманеўскі

У Клімавічах неабходна актывізаваць работы па праграме капрамонту і мадэрнізацыі жылля. Такое даручэнне зрабіў падчас асабістага прыёму грамадзян у райвыканкаме старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Перадумовай такога даручэння сталі тры з сямі зваротаў па паляпшэнні жыллёвых умоў ад тых грамадзян, якія запісаліся на прыём да губернатара. Аказалася, што ў райцэнтры больш за дзесяць старых двухпавярховых дамоў маюць патрэбу ў рамонце і мадэрнізацыі – у іх адсутнічаюць сеткі водазабеспячэння і каналізацыі, а ў некаторых – цэнтральнае ацяпленне. Людзі скардзіліся на сапсаваныя дахі, сырасць, прамярзанне ў зімовы час сцен і г.д.

Па адным з такіх дамоў, які знаходзіцца ў самым сумным стане (з пячным ацяпленнем), дзе пражываюць у асноўным пенсіянеры, кіраўнік вобласці даручыў правесці капрамонт да 3 ліпеня. Па астатніх – дэталёва прапрацаваць магчымасці іх рамонту і мадэрнізацыі з прыцягненнем фінансавання з боку грамадзян, якія пражываюць у іх .

«Гэтыя дамы – праблема не толькі жыхароў, і з імі трэба нешта рабіць, паскорыўшы ў горадзе выкананне праграмы капрамонту і мадэрнізацыі жылля», – лічыць губернатар. Людзям, якія звярнуліся, ён парэкамендаваў стварыць у кожным такім доме таварыства ўласнікаў, вызначыцца, што яны хочуць зрабіць па паляпшэнні спажывецкіх якасцей жылля і якія работы гатовы прафінансаваць.

«Сёння гэта прыватнае жыллё, і вы павінны разумець, што райвыканкам не мае права за кошт бюджэтных сродкаў праводзіць яго мадэрнізацыю. Але дапамагчы мы павінны і можам, у тым ліку прадставіўшы вам растэрміноўку па аплаце выкананых будаўнічых работ», – сказаў Уладзімір Даманеўскі.

Ён даручыў дэталёва прапрацаваць пытанні мадэрнізацыі і магчымасці паляпшэння спажывецкіх якасцей старога жылля ў Клімавічах на нарадзе з усімі зацікаўленымі службамі. Кіраўнік вобласці парэкамендаваў абавязкова правесці сустрэчы з жыхарамі, растлумачыць ім падрабязна сітуацыю, распавесці аб усіх магчымасцях правядзення тых ці іншых будаўнічых работ, а таксама агучыць іх кошт. Усяго на прыём да губернатара сёння звярнуліся з заявамі сем грамадзян. Пытанні тычыліся прадастаўлення адтэрміноўкі па падаткаабкладанні, прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, ацэначнага кошту жылля.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая