Рус Бел Eng 中文

У Крычаве адкрыўся новы швейны ўчастак групы кампаній «Твое»

На плошчах філіяла ААТ «Белшына» адкрыўся новы швейны ўчастак групы кампаній «Твое». Гэта вядомы расійскі брэнд, які спецыялізуецца на вытворчасці мужчынскага і жаночага паўсядзённага, хатняга і спартыўнага адзення, ключавым прадуктам якога з’яўляецца высакаякасны трыкатаж з натуральнай бавоўны.

Пакуль на вытворчым участку створана 73 рабочыя месцы, але ёсць добрыя перспектывы. Плануецца, што тут будзе працаваць 350 чалавек, а аб’ём вытворчасці з выхадам на поўную магутнасць складзе больш за 3 млн. вырабаў у год.

2018-ы год – Год малой радзімы. Старшыня савета дырэктараў групы кампаній «Твое» Ігар Юшкевіч хоць і жыве цяпер па-за межамі Беларусі, нарадзіўся ў Бабруйску, вырас у Магілёве і прымяненне свайму бізнесу, вопыту, ведаў знайшоў, у тым ліку, і на малой радзіме. Ён запрасіў на працу на новы вытворчы ўчастак жыхароў Крычаўшчыны. Тым, хто хоча працаваць, але не валодае неабходнай кваліфікацыяй, будзе аказана дапамога ў праходжанні прафесійнай падрыхтоўкі. Ігар Юшкевіч падзякаваў за падтрымку генеральнаму дырэктару ААТ «Белшына» Аляксею Якаўлеву, старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыю Бачкову і ўсім тым, хто дапамог у самыя кароткія тэрміны наладзіць новую вытворчасць.

Вялікую падтрымку ў рэалізацыі бізнес-праекта аказаў абласны выканаўчы камітэт. Дапамог у падрыхтоўцы будучых работнікаў участка па спецыяльнасці «швачка» Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №1. Работнікі гэтай установы адукацыі прыехалі ў раённы цэнтр, каб не адрываць ад сем’яў крычаўлянак, якія праходзілі прафесійную падрыхтоўку.

Сёння перад работнікамі новага вытворчага ўчастка стаіць задача стаць сапраўднымі прафесіяналамі. Як адзначыў Дзмітрый Бачкоў, ад іх прафесіяналізму залежыць якасць прадукцыі, вырабленай у Крычаве, а таксама ўзровень аплаты працы.

Паводле слоў першага намесніка старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Дзмітрыя Мудрагелава, адкрыццё новага вытворчага ўчастка мае вялікае значэнне не толькі для раёна, але і для Прыдняпроўскага краю ў цэлым. Указ №235 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці» і прынятая ў адпаведнасці з ім рэгіянальная праграма стварылі дадатковыя прэферэнцыі для развіцця бізнесу.

Паводле матэрыялу раённай газеты «Кричевская жизнь»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна