Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці на пажарах загінулі два чалавекі

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі адбылося чатыры пажары, на якіх загінулі 2 чалавекі, паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Так, 21 лютага раніцай 65-гадовы жыхар аграгарадка Катка Глускага раёна, праходзячы міма жылога дома па вул. Патапенкі, пачуў гук аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Гэта азначала толькі адно – пажар. Горшыя падазрэнні пацвердзіліся: увайшоўшы ў дом, мужчына ўбачыў 64-гадовага гаспадара, які ляжаў на падпаленым ложку. Дапамога яму ўжо не была патрэбна. У выніку ўзгарання знішчаны пасцельныя прыналежнасці, пашкоджаны матрац, закураны сцены. Па папярэдніх дадзеных, пажар мог адбыцца праз неасцярожнасць пры курэнні.

Цалкам знішчана жыллё і загінуў гаспадар – такія наступствы пажару прыватнага жылога дома ў вёсцы Вялікі Стары Шклоў Шклоўскага раёна. Інцыдэнт адбыўся каля 2-х гадзін ночы. Мясцовыя жыхары заўважылі яго, калі агонь ужо практычна спапяліў дом. Пад абваленымі канструкцыямі без прыкмет жыцця быў знойдзены 59-гадовы гаспадар. Загінулы пражываў адзін, не працаваў.

21 лютага ў 22.26 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Магілёўскага абласнога УМНС у выніку спрацоўкі сігналізацыі сістэмы перадачы паведамлення аб НС «Маланка» паступіў трывожны сігнал аб узгаранні ў інтэрнаце па вул. Леніна ў Быхаве. Праз лічаныя хвіліны выратавальнікі былі на месцы здарэння: гарэў адзін з пакояў на чацвёртым паверсе, які належыць 64-гадоваму грамадзяніну. Жыхары інтэрната самастойна выйшлі з будынка. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Прычына пажару ўстанаўліваецца.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна