Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці названы пераможцы абласнога конкурсу на самую лепшую аграэкасядзібу

У Магілёве сёння падчас семінара праекта «Край жыватворных крыніц – новы стандарт якасці абслугоўвання ў сельскім турызме Магілёўскай вобласці» (рэалізуецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі) адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу на самую лепшую аграэкасядзібу, паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.

У намінацыі «Найлепшы старт» перамогу атрымала сядзіба «Свет кветак» (Слаўгарад), у намінацыі «Беларуская традыцыйная кухня» – сядзіба «У Князева ў Любужы» (Магілёўскі раён), найлепшай экасядзібай прызнана «Шэрая шыйка» (Магілёўскі раён). Найбольш стыльнай і гарманічнай названа сядзіба «У Лявона» (Магілёўскі раён), а ў намінацыі «Этнакомплекс» перамога за сядзібамі «Гасціны двор» і «Сядзiба Дудзiка» з Быхаўскага раёна. У спецыяльнай намінацыі (па-за конкурсам) «За волю да перамогі» адзначана сядзіба «Лілея» з Чэрыкаўскага раёна. Пераможцам ад магілёўскага філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» уручаны каштоўныя прызы, а ад упраўлення спорту і турызму аблвыканкама – спецыяльныя дыпломы. Пераможцы будуць прадстаўляць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе.

«Галоўныя мэты і задачы конкурсу – папулярызацыя сельскага турызму, адраджэнне мясцовых звычаяў, культурных традыцый, павышэнне якасці абслугоўвання турыстаў і развіццё турыстычнай інфраструктуры ў рэгіёне», – адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму. У вобласці робіцца акцэнт на якасных паказчыках у развіцці аграэкатурызму: развіццё турыстычнай інфраструктуры, павышэнне культуры абслугоўвання турыстаў, пашырэнне пераліку паслуг.

Паводле аператыўных даных, на тэрыторыі 21 раёна Магілёўскай вобласці зарэгістравана 190 суб’ектаў аграэкатурызму. Безумоўны лідар па-ранейшаму Быхаўскі раён – 35 аграсядзібаў, другое і трэцяе месцы ў Асіповіцкага і Магілёўскага раёнаў, дзе налічваецца 31 і 29 сельскіх сядзіб адпаведна.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, філіял ААТ «Белаграпрамбанк» – Магілёўскае абласное ўпраўленне, грамадскі Савет па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая