Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці стварылі 160 свабодных ад курэння зон

У Магілёўскай вобласці стварылі 160 свабодных ад курэння зон. Да месцаў, дзе забаронена «дыміць», таксама аднесена 618 прыпынкаў грамадскага транспарту. Усе яны пазначаны спецыяльнымі знакамі, паведаміла карэспандэнту сайта загадчык аддзела грамадскага здароўя Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Петэрсон.

Суразмоўніца ўдакладніла, што з пачатку 2018 года ў рэгіёне з’явілася 8 новых зон, свабодных ад тытуню: у Горках, Дрыбіне, Слаўгарадзе і Кіраўскім раёне. Апошні літаральна ў кастрычніку дадаў да спісу тэрыторыі парку Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея і стадыёна ГСУСУ «Кіраўская СДЮШАР». Акрамя таго, з ініцыятывай па стварэнні новых зон на адрас органаў выканаўчай улады ўжо звярнуліся Бялыніцкі, Быхаўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Кіраўскі і Слаўгарадскі раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Паводле дадзеных рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, у нашай вобласці паліць 28,8% насельніцтва ўзростам ад 16 гадоў, у цэлым па краіне – 29,6% (дадзеныя STEPS 2016 «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь»). Разам з тым, на Магілёўшчыне ў дачыненні да тытунекурэння назіраецца станоўчая тэндэнцыя зніжэння і стабілізацыі паказчыкаў распаўсюджанасці. Калі ў 2012 годзе колькасць курцоў насельніцтва ў рэгіёне складала 33,5%, то ў 2017-м – 26,4% (паводле вынікаў абласнога анкетавання, праведзенага спецыялістамі УАЗ «МАЦГЭіАЗ»).

«У 2017 годзе вывучана стаўленне да тытунекурэння насельніцтва, якое пражывае на адміністрацыйных тэрыторыях, уцягнутых у праект «Здаровыя гарады», – заўважыла Наталля Петэрсон. – Найменшая колькасць тых, хто курыць, адзначана ў Горках (19,5%) і Бабруйску (23,5%)».

Работа па стварэнні тэрыторый, свабодных ад курэння, праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннямі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў у межах рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гг.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая