Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці ўзрасла колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці з цяжкім зыходам

У Магілёўскай вобласці ўзрасла колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці з цяжкім зыходам. Так, паводле звестак на 3 верасня 2018 года, у рэгіёне адбылося 11 смяротных і 75 цяжкіх няшчасных выпадкаў. За аналагічны перыяд мінулага года гэтыя лічбы склалі 11 і 45 выпадкаў адпаведна.

«Няшчасныя выпадкі са смяротным зыходам адбыліся ў арганізацыях будаўнічай галіны, лёгкай прамысловасці, транспарту, аграпрамысловага комплексу і ў арганізацыях прыватнай формы ўласнасці, – адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Білан. – Сярод іх – два групавыя выпадкі з удзелам работнікаў гандлёвага дома «Магатэкс» ААТ «Магатэкс» і філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па праектаванні, рамонце і будаўніцтве дарог «Магілёўаблдарбуд» – ДРБУ №127 г. Горкі».

Рост колькасці няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам дапушчаны ў арганізацыях, размешчаных у Магілёве, Бабруйску, Касцюковіцкім, Глускам і Асіповіцкім раёнах.

Больш за ўсё няшчасных выпадкаў з цяжкім зыходам адбылося ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу і прыватнай формы ўласнасці – па 16 выпадкаў. У тэрытарыяльным разрэзе іх рост дапушчаны ў арганізацыях Магілёва, Бабруйска, Асіповіцкім, Шклоўскім, Касцюковіцкім і Магілёўскім раёнах. На долю гэтых гарадоў і раёнаў прыпадае 62 з 75 няшчасных выпадкаў.

«Прадстаўнікі прафсаюзаў ажыццяўляюць круглагодны грамадскі кантроль па арганізацыі бяспекі працы на прадпрыемствах і ва ўстановах вобласці, удзельнічаюць у рабоце тэрытарыяльных камісій па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафзахворвальнасці, праверцы ведаў па пытаннях аховы працы, прымаюць актыўны ўдзел у працы мабільных груп, – падкрэсліў суразмоўца. – За 6 месяцаў 2018 года тэхнічнымі інспектарамі працы прафсаюзных органаў ажыццёўлены грамадскі кантроль па ахове працы ў 484 арганізацыях вобласці, па выніках якога наймальнікам выдадзены рэкамендацыі на ліквідацыю амаль 4,6 тысяч парушэнняў. Была забаронена эксплуатацыя 275 адзінак абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням бяспекі».

«З пачатку 2018 года рэйдавымі групамі тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі наведана 113 арганізацый Магілёўскай вобласці і выяўлена 861 парушэнне заканадаўства аб ахове працы», – сказаў на заканчэнне суразмоўца.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая