Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў акрэдытавалі 3475 назіральнікаў

У Магілёўскай вобласці выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў акрэдытавалі 3475 назіральнікаў, з якіх каля 90,6% будуць працаваць ва ўчастковых выбаркамах. У акруговых камісіях па выбарах дэпутатаў абласнога Савета прыступіла да назірання 109 чалавек, у тэрытарыяльных – 218. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы 28-га склікання.

Найбольшую актыўнасць у гэтым аспекце выбарчай кампаніі праяўляюць грамадскія аб’яднанні, якія накіравалі 2872 прадстаўнікі ў камісіі, што складае 82,6% ад агульнай колькасці назіральнікаў. У тым ліку БРСМ акрэдытаваў 896 членаў, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі – 457, РГА «Белая Русь» – 584, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў – 468, Беларускі саюз жанчын – 148. Беларускі Хельсінкскі камітэт прадстаўляе 16 чалавек, яшчэ 290 – іншыя грамадскія аб’яднанні.

Ад палітычных партый, якія ўдзельнічаюць у назіранні, 138 актывістаў. У тым ліку Камуністычная партыя Беларусі мабілізавала для назірання за 50 чалавек, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 35 прадстаўнікоў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 20, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 13, Партыя БНФ – 11, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» – 9.

Акрамя таго, працоўныя калектывы накіравалі ў выбаркамы 386 назіральнікаў, грамадзяне (шляхам збору подпісаў) – 79 прадстаўнікоў.

«Колькасць назіральнікаў яшчэ можа змяніцца ў бок павелічэння, паколькі грамадзяне маюць права зарэгістравацца ў якасці назіральніка ў дзень выбараў да 18.00», – падкрэслілі суразмоўцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая