Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці за летнія вакацыі плануецца аздаравіць 42 тыс. дзяцей

У Магілёўскай вобласці за летнія вакацыі плануецца аздаравіць 42 тыс. дзяцей. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка.

Каля 17 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак змогуць адпачыць і паправіць сваё здароўе ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем, каля 25 тыс. – з дзённым.

«У перыяд летніх канікул усе мерапрыемствы па арганізацыі адпачынку пройдуць у межах рэспубліканскай акцыі “Лета – час адкрыццяў! – распавяла Наталля Кульчанка. – Дзейнасць лагераў будзе арганізавана такім чынам, каб хлопцы і дзяўчаты змаглі не толькі ўмацаваць сваё здароўе, але і сфарміраваць уменні па ЗЛЖ, арганізацыі вольнага часу, развіць творчыя здольнасці, заняцца спортам”.

Традыцыйна прымаць школьнікаў будуць 16 стацыянарных кругласутачных лагераў і 4 – на базе санаторна-курортных арганізацый. Таксама арганізуецца праца абласнога лагера «Алімпіец» для адораных дзяцей. На змену запросяць аздаравіцца 100 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сталі пераможцамі другога, трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Па словах Наталлі Кульчанкі, свае дзверы для дзятвы адкрыюць і профільныя лагеры, дзе адпачынак можна спалучыць з любімай справай, навучыцца новаму і цікаваму. Тут жа пры ўзаемадзеянні з вайсковымі часцямі міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, абароны, унутраных спраў Беларусі паспрабуюць арганізаваць актыўны адпачынак для дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, дзяцей-сірот і пакінутых без апекі бацькоў.

Асаблівая ўвага ў летні перыяд будзе нададзена працоўнай занятасці навучэнцаў. Лагеры працы і адпачынку змогуць прыняць больш за 2 тыс. падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў.

«Штогод у Магілёўскай вобласці праводзіцца вялікая праца па падрыхтоўцы лагераў да летняга сезона, – распавяла намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Бяляй. – На рамонт і набыццё неабходнага абсталявання сродкі выдзяляюцца з абласнога бюджэту, а таксама з фінансаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку». У 2016 годзе з грошай, пералічаных па выніках нацыянальнай працоўнай акцыі, на падрыхтоўку стацыянарных лагераў да летняга аздараўленчага сезона было накіравана каля Br198,5 тыс. Грошы пайшлі на ўмацаванне матэрыяльнай базы лагераў «Мара» (Бабруйскі раён), «Каласок» і «Крыніца» (Магілёўскі раён), «Арляня» (Клімавіцкі раён), «Пціч» (Глускі раён).

Работы па рамонце лагераў у бягучым годзе працягваюцца. Ужо ўстановы практычна на 50% гатовыя да сустрэчы адпачываючых. Лідарам у гэтым напрамку па Магілёўскай вобласці з’яўляецца лагер «Шчаткава» Бабруйскага раёна. Тут правялі касметычны рамонт, зрабілі нацяжныя столі, замянілі свяцільнікі, абліцовачную плітку ў корпусе, адрамантавалі памяшканні басейна, туалетныя пакоі, душавыя кабіны, прывялі ў парадак мансарды. Цяпер у лагеры правяраюць пажарную сігналізацыю, будуюць летнюю эстраду, займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, фарбуюць агароджы.

Старт летняй кампаніі прызначаны на 3 чэрвеня, таму акты гатоўнасці лагераў Магілёўскай вобласці павінны быць падпісаны да 27 мая.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая