Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася дыскусія аб навацыях закона аб аўтамабільных перавозках

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася дыскусія аб навацыях закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». У абмеркаванні праблемных пытанняў прынялі ўдзел маршрутчыкі, прадстаўнікі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама, аддзела энергетыкі і транспарту ўпраўлення эканомікі гарвыканкама, філіяла Транспартнай інспекцыі па рэгіёне.

Дакумент у апошнія дні з’яўляецца адной з галоўных тэм у краіне. У ім дакладна вызначаны крытэрыі, па якіх пасажырскія перавозкі адносяцца да рэгулярных і нерэгулярных. Часу ў перавозчыкаў, каб вырашыць, ці будуць яны працаваць у новых умовах, было дастаткова. Законапраект яшчэ ў 2015 годзе размяшчалі на сайце Нацыянальнага цэнтра прававых даследаванняў для грамадскага абмеркавання, пра яго шмат гаварылі ў СМІ, інтэрнэце. Сам жа нарматыўны прававы акт быў прыняты летам 2017 года, а ўступіў у сілу з 23 студзеня 2018-га.

Ініцыятарамі новаўвядзенняў сталі транспартныя кампаніі. Яны скардзіліся на засілле на рынку перавозчыкаў, якія карысталіся недасканаласцю заканадаўства і выконвалі рэгулярныя рэйсы пад выглядам нерэгулярных. Гэта прыводзіла да несумленнай канкурэнцыі, у выніку якой афіцыйныя перавозчыкі аказваліся ў загадзя няроўных умовах. Аднак навацыі выклікалі незадаволенасць сярод тых, хто працаваў як «нерэгуляршчыкі», але па вызначаным маршруце і па раскладзе.

Падчас дыскусіі ў аблвыканкаме прыватнікі прызнавалі, што абноўлены закон патрэбны і важны па сваім змесце, аднак прад’яўлялі нямала прэтэнзій. Адна з іх – нежаданне працаваць з вакзаламі па прычыне затрымкі выплат грошай за квіткі на прыватныя маршруты, якія купілі пасажыры праз касы. Такія інцыдэнты ў мінулым здараліся часта, заўважылі маршрутчыкі. Прадстаўнікі ўлады запэўнілі, што гэта праблема ў рэгіёне вырашана і разлік адбываецца без перабояў у мінімальныя тэрміны. Але, улічваючы актуальнасць пытання, сітуацыя будзе знаходзіцца на пастаянным кантролі.

Прыватнікі таксама наракалі, што пры пераходзе ў катэгорыю рэгулярных перавозчыкаў ім давядзецца ажыццяўляць пасадку людзей выключна на аўтавакзалах. Цяпер жа яны забіраюць грамадзян там, дзе зручна, у першую чаргу, самім пасажырам.

Начальнік аддзела транспарту і камунікацый камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Казусеў растлумачыў, што, згодна з абноўленым законам, забраць чалавека ў пэўным месцы і адправіцца далей па маршруце сёння ніхто не забараняе. Галоўнае – кіроўца павінен адзначыцца перад адпраўленнем і па прыбыцці на вакзале, у аўтакасе, дыспетчарскім пункце або ў іншым месцы, вызначаным у дагаворы. Гэта трэба, каб кантраляваць расклад руху транспартных сродкаў, у тым ліку рэжым працы і адпачынку кіроўцы, які павінен працаваць не больш за 11 гадзін у суткі з 12-гадзінным перапынкам на адпачынак. На нерэгулярных перавозках дадзеная ўмова не выконваецца ў поўнай меры.

У законе зараз прапісана, што арганізацыя ўнутрырэспубліканскіх аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі альбо аператарам аўтамабільных перавозак у выпадку яго вызначэння. Гэта значыць, калі мясцовыя ўлады не вызначылі аператара, то арганізацыяй перавозак займаецца сам выканкам. Менавіта ён будзе прымаць рашэнне аб адкрыцці таго ці іншага маршруту, а таксама правядзенні конкурсу сярод перавозчыкаў на яго выкананне. Таму маршрутчыкаў цікавіла схема пераходу ў катэгорыю рэгулярных.

Уладзімір Казусеў звярнуў увагу на тое, што ёсць розныя віды перавозак маршрутаў. Пытанні, звязаныя з міжгароднымі міжабласнымі перавозкамі, напрыклад, па маршруце Слаўгарад – Мінск, пакуль будзе вырашаць Магілёўскі аблвыканкам. У прыватнасці, можна звяртацца адразу ў камітэт па архітэктуры і будаўніцтве (кабінет №562). Усе астатнія напрамкі на сённяшні дзень курыруюць адпаведныя гар- і райвыканкамы, а дакладней іх профільныя структурныя падраздзяленні. Так, калі пачатковым пунктам адпраўлення будзе абласны цэнтр, неабходна ісці ў Магілёўскі гарвыканкам, калі Горкі – у Горацкі райвыканкам.

У заяве на арганізацыю рэгулярных перавозак трэба будзе паказаць нумар плацельшчыка, характарыстыкі наяўнага транспартнага сродку, запланаваны маршрут і расклад. Далей перыяд узгодненых мерапрыемстваў. Іх праводзіць не толькі выканкам, які прыняў заяву, але і сам перавозчык, які павінен прапрацаваць дагаворныя адносіны з пасажырскімі тэрміналамі. Калі ўсе пытанні будуць вырашаны, перавозчыку выдадуць часовы дазвол (на тры месяцы) на працу па патрэбным кірунку.

Па заканчэнні гэтага тэрміну выканкам пры мэтазгоднасці ўвядзення названага ў заяве маршруту па адпаведным раскладу правядзе конкурс на права выканання аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах. Прэтэндэнт адзін – пытанняў не ўзнікае. Калі ж некалькі – выберуць найлепшага. І тут будзе мець значэнне тэрмін эксплуатацыі машыны, наяўнасць уласнай рамзоны, аўтамабільны рэзерв і інш. – усё, што зробіць перамяшчэнне пасажыраў бяспечным і камфортным. Менавіта гэты пасыл, у цэлым, і з’яўляецца асновай навацый закона аб аўтамабільных перавозках.

«Транспарт створаны для пасажыраў, – падкрэсліў намеснік начальніка філіяла транспартнай інспекцыі па Магілёўскай вобласці Міхаіл Нягіпаў. – Ён павінен быць бяспечным для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Для гэтага, у тым ліку, і ўводзіцца GPS-навігацыя ў маршрутках рэгулярнага паведамлення. Яна мінімізуе колькасць кантралюючых органаў на лініі і дысцыплінуе кіроўцаў».

У цэлым Міхаіл Нягіпаў заўважыў, што дзейнасць «нерэгуляршчыкаў», якія працуюць па вызначаным маршруце і раскладзе пасля ўступлення ў сілу абноўленага закону аб аўтамабільных перавозках падпадае пад артыкул Каап Рэспублікі Беларусь аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. «Пакуль кантралюючыя органы не прымаюць якіх-небудзь мер да парушальнікаў, паколькі на рашэнне арганізацыйных момантаў ўсё ж трэба час, – адзначыў ён. – Аднак гэта нядоўгі перыяд, і праз пэўны час будуць больш жорсткія меры ўжытыя да тых, хто застанецца працаваць па-за межамі прававога поля».

У сваю чаргу першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама Ігар Мажароўскі падкрэсліў, што закон абавязковы для ўсіх, таму варта выйсці з ценю, працаваць бяспечна і прыстойна замест таго, каб шукаць схемы, як яго абысці. Таксама кіраўнік нагадаў, што пры ўзнікненні праблем перавозчыкі ў прыёмныя дні заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу, кансультацыю і параду да спецыялістаў структурных падраздзяленняў аблвыканкама і гаррайвыканкамаў, якія курыруюць транспартную сферу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая