Рус Бел Eng 中文

У Магілёве абвешчаны конкурс на самае лепшае навагодняе і каляднае афармленне горада

Магілёўскі гарвыканкам аб’явіў штогадовы конкурс на самае лепшае навагодняе і каляднае афармленне горада. У спаборніцтве запрашаюць прыняць удзел арганізацыі і грамадзян, якія з’яўляюцца ўладальнікамі аднакватэрных, шматкватэрных, блакаваных жылых дамоў, размешчаных на тэрыторыі абласнога цэнтра.

Пры падвядзенні вынікаў конкурсу будзе ўлічвацца комплекснае мастацкае рашэнне афармлення фасадаў будынкаў, уваходных груп, дзвярэй, вокнаў, вітрын, рэкламных шыльдаў, існуючага азелянення і малых архітэктурных формаў, прылеглых тэрыторый. Таксама журы прыме да ўвагі выкарыстанне нестандартных тэхнічных рашэнняў, колькасць і якасць сучасных светлавых і дэкаратыўных элементаў, надзіманых і анімацыйных фігур на навагоднюю і калядную тэматыку, арганізацыю месцаў зімовага адпачынку.

Пераможцаў конкурсу вызначаць у сямі групах: сярод арганізацый транспарту, сувязі і прамысловых арганізацый; арганізацый гандлю і паслуг; ЖКГ; устаноў культуры і адукацыі ў сферы культуры; аховы здароўя; адукацыі, фізічнай культуры, спорту, турызму; уладальнікаў жылых дамоў.

Падвядзенне вынікаў пройдзе ў два этапы. Падчас першага – з 20 снежня па 29 снежня – галіновыя камісіі вывучаць вынік праведзенай работы канкурсантамі і вызначаць прэтэндэнтаў на прызавыя месцы ў адпаведных групах. Другі этап праводзіцца з 4 па 14 студзеня 2018 года камісіяй па падвядзенні вынікаў і прысуджэнні прэмій, уручэнні дыпломаў пераможцам.

Заахвочванне пераможцаў гарадскога конкурсу ажыццяўляецца за кошт сродкаў бюджэту горада. Прызавы фонд складае ад 10 да 80 базавых велічынь. Дарэчы, у наступны раз лаўрэаты названага конкурсу змогуць прыняць удзел у конкурсе не раней чым праз два гады.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая