Рус Бел Eng 中文

У Магілёве абвешчаны пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю творчасці «Нашы таленты табе, Беларусь!»

Культурна-спартыўны цэнтр Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю творчасці «Нашы таленты табе, Беларусь!». Менавіта гэта ведамасная клубная ўстанова прадставіць 22 снежня творчасць сваіх калектываў і ўвесь Прыдняпроўскі рэгіён на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. У фінале яны выступяць разам са сваімі «зорнымі» землякамі.

Другое месца конкурсу замацавалася за Домам культуры ААТ «Магатэкс». Трэцяе месца раздзялілі калектывы Дома культуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і клуба ўнітарнага прадпрыемства «Універсал Бабруйск». Пераможцы атрымалі дыпломы, кубкі і каштоўныя грашовыя прызы. Узнагароджанне адбылося ў Палацы культуры вобласці перад паказам сумеснага музычнага праекта Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Сем таямніц Беларусі».

Абласны этап конкурсу сабраў на адной сцэне 10 прафсаюзных і ведамасных клубных устаноў з Магілёва, Бабруйска і Горак. Кожная з іх прадставіла на суд журы паўгадзінную канцэртную праграму з прэзентацыяй розных відаў і жанраў мастацкай творчасці, а таксама выступленнем найлепшых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая