Рус Бел Eng 中文

У Магілёве арганізавалі кансультаванне інвалідаў з парушэннем слыху праз Skype

У цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва арганізавалі бясплатнае кансультаванне інвалідаў з парушэннем слыху праз Skype. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення суправаджальнага пражывання цэнтра Кацярына Жарыкава.

“Часта людзі з недахопам слыху не ў стане вырашыць праблемы, якія здаюцца простымі звычайнаму чалавеку, – адзначыла суразмоўца. – Для таго, каб інваліды зразумелі, ім даводзілася ехаць у цэнтры сацабслугоўвання. Зараз з’явілася магчымасць не выходзячы з дому разабрацца са шматлікімі пытаннямі”.

Звярнуцца ў цэнтр праз Skype па спецыяльным нумары людзі з недахопам слыху могуць з панядзелка па пятніцу. Заяўку ў цотныя дні з 14.00 да 17.00, няцотныя – з 8.00 да 12.00 прыме сурдаперакладчык і акажа неабходную дапамогу: замовіць талон да ўрача, білет на цягнік, выкліча майстра на дом і інш., пасля чаго праінфармуе суразмоўцу аб выніках.

«Паслугай цэнтра, які з’яўляецца ўнікальным для вобласці, ужо пачалі карыстацца жыхары Магілёва, – распавяла Кацярына Жарыкава. – Пакуль тых, хто апрабаваў новаўвядзенне, няшмат. Аднак добрыя водгукі пра паслугу сведчаць, што ў бліжэйшы час колькасць такіх зваротаў значна павялічыцца».

У цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва стаяць на ўліку 47 інвалідаў з парушэннем слыху.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая