Рус Бел Eng 中文

У Магілёве паднялі астанкі чырвонаармейца, які амаль 74 гады быў пахаваны на прыватным прысядзібным участку

З самай раніцы 2 кастрычніка, нягледзячы на бесперапынны дождж, байцы 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны разам з магілёўскімі пошукавікамі, узброіўшыся рыдлёўкамі і металашукальнікамі, вялі раскопкі. У прыватным сектары ў двары аднаго з дамоў спрабавалі адшукаць рэшткі чырвонаармейца, пахаванага тут у далёкім 1944-ым годзе. Іх старанні не былі марныя: бліжэй да абеду паднялі з зямлі косткі і рэшткі салдацкай амуніцыі.

Дом пад нумарам 100 па вуліцы Першамайскай пабудавалі яшчэ да вайны, тут пражыло не адно пакаленне сям’і Касцюшкаў. У далёкім 1944-ым Францішка Аляксандраўна і яе сын Казімір, якому тады не было і 16 гадоў, закапалі героя ў сябе ў двары, у прыватным сектары на вуліцы Першамайскай і амаль 74 гады даглядалі магілу. А перад смерцю Казімір Лявонавіч – ужо пенсіянер – наказаў дачцэ ўвекавечыць подзвіг чырвонаармейца і перапахаваць яго з пашанаю ў брацкай магіле.

За прыбраным фасадам, што патанае ў кветках, дагледжаны агарод. Гаспадыня сядзібы Рэгіна Палазкова вядзе да месца, дзе працавалі пошукавікі:

– На пачатку 70-х гадоў тут, прама на гародзе, стаяў драўляны крыж, і мы, дзеці, ведалі: пад ім спачывае прах салдата, які загінуў, вызваляючы наш горад. Бацька расказваў: у 1944-ым да іх на ўчастак заехаў танк, урэзаўся ў яблыню, спыніўся. Следам з’явіўся чырвонаармеец, які на плашч-палатцы цягнуў забітага сябра. Яго дакументы ён забраў, сказаў, што следам паедзе медыцынскі абоз, які павязе загінулага. Але ні ў гэты дзень, ні ў наступны па салдата ніхто не прыехаў. Была спякота, і мае продкі самі пахавалі яго, загарнуўшы ў тую самую плашч-палатку.

Шмат гадоў безымянную магілку даглядала бабуля Рэгіны Казіміраўны, пасля – яе бацькі:

– Памятаю, мая мама Марыя Яфімаўна, якая пазнаёмілася з бацькам і пераехала сюды ўжо пасля вайны, высаджваючы вакол магілкі кветкі, казала: «А раптам тут ляжыць мой Алёшачка?» Яе брат не вярнуўся з вайны, а вызваляў ён, данскі казак, Беларусь.

Імя салдата, пахаванага на Першамайскай, на жаль, пакуль невядома. Кіраўнік Магілёўскага абласнога пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка тлумачыць:

– У 1944-ым пры байцах ужо не было салдацкіх медальёнаў. Але мы мяркуем, што гэты чырвонаармеец загінуў 27 чэрвеня 1944-га года пры штурме чыгуначнага вакзала, што за некалькі крокаў адсюль, што ваяваў ён у складзе 878-га стралковага палка 290-й дывізіі, якая вызваляла Магілёў. У тым гарачым баі чырвонаармейцы ўзялі ў палон каля 200 немцаў, некалькі дзясяткаў забілі. Палеглі тут і нашы хлопцы. Звычайна загінулых збірала пахавальная каманда, але гэтага салдата, мабыць, не знайшлі.

Паводле слоў намесніка кіраўніка клуба «Віккру» Сяргея Тагаева, за 15 гадоў пошукавай працы на Магілёўшчыне яны «ўскрылі» з дзясятак падобных пахаванняў у прыватным сектары:

– Людзі, пахаваўшы ў вайну ў сябе ў двары чырвонаармейца, доўгія гады пра гэта маўчалі. Проста даглядалі магілкі, якія сталі часткай іх сямейнай гісторыі.

Старшына 52-га асобнага пошукавага спецбатальёна Міністэрства абароны Дзяніс Грыбоўскі таксама бачыў такія безыменныя магілы:

– У Рагачоўскім раёне ў некаторых сёлах крыжы стаяць прама каля брамак. Што мясцовыя жыхары даглядаюць такія пахаванні, добра. І ўсё ж людзі, якія аддалі жыццё за радзіму, павінны быць перапахаваны з ушанаваннямі ў брацкіх магілах.

З астанкамі чырвонаармейца, які загінуў у Магілёве, так і зробяць. Знойдзеныя пры ім фрагменты плашч-палаткі, салдацкага рамяня і пяцікапеечную манету, датаваную 1940-ым годам, перададуць у музей. Мясцовыя пошукавікі зробяць усё магчымае, каб паспрабаваць устанавіць яго імя. А калі пашанцуе – адшукаць і сваякоў, каб змаглі прыехаць і аддаць даніну памяці герою, які не вярнуўся з вайны.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая