Рус Бел Eng 中文

У Магілёве прэзентавалі арт-аб’ект з радкамі з верша маладога паэта Віталя Рыжкова

У Магілёве сёння прэзентавалі арт-аб’ект з радкамі з верша маладога паэта Віталя Рыжкова. Урывак упрыгожыў адну са сцен у двары па вуліцы Ленінскай.

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел сам аўтар, які зараз жыве ў Мінску, але нарадзіўся і вучыўся ў горадзе на Дняпры. Ён не толькі прачытаў намаляваныя над чорна-белымі графічнымі крыламі словы «Мама!.. Прыйдзе час – перастанем мы: «перабесімся», станем сталымі – а пакуль, калі ласка, адстань ад мяне!.. Я яшчэ пажыву хістаннямі…», але і іншыя свае творы.

Ідэя праекта «Вершы на сценах» належыць выпускнікам школы ініцыятыў “Цяпліца”, якая другі сезон дапамагае актыўным магілёўцам рэалізаваць цікавыя задумкі, накіраваныя на паляпшэнне гарадскога жыцця і асяроддзя. Функцыянуе незвычайная навучальная ўстанова пад крылом Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Магілёва.

Як адзначыў кіраўнік цэнтра Юрый Стукалаў, гэты ўрывак стане апошнім вершам праекта ў 2017 годзе. На працягу месяца дзякуючы маладым мастакам і падтрымцы выканаўчай улады ў дварах абласнога цэнтра з’явіліся сем урыўкаў з твораў сучасных аўтараў і класікаў беларускай літаратуры, у тым ліку Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Разанава, Ларысы Геніюш, Яўгеніі Янішчыц.  

«Беларуская мова меладычная і непаўторная, а вершы, напоўненыя чуласцю, дабрынёй і любоўю да радзімы, імгненна раскрываюць усю яе прыгажосць. Спадзяёмся, што жыхары горада на Дняпры ацэняць нашу ініцыятыву, а аб’екты стануць дастойным упрыгожваннем абласнога цэнтра», – падкрэсліў Юрый Стукалаў.

Фота - ЦГІ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая