Рус Бел Eng 中文

У Магілёве ўпершыню адбудзецца сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі

У Магілёве ўпершыню адбудзецца сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі. Яна пройдзе 30-31 сакавіка пад эгідай Беларускай грамадскай арганізацыі «Пародненыя гарады», якую ўзначальвае Барыс Батура.

У абласны цэнтр з’едуцца каля 150 чалавек з гарадоў-пабрацімаў дзвюх дзяржаў. Нашу краіну будуць прадстаўляць мэры ўсіх абласных цэнтраў. З расійскага боку прыбудуць дэлегацыі з Пензы, Волагды, Санкт-Пецярбурга, Омска, Екацярынбурга і іншых гарадоў.

Плануецца, што ў сустрэчы возьмуць удзел пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў і губернатар Маскоўскай вобласці, старшыня Асацыяцыі гарадоў-пабрацімаў Расійскай Федэрацыі Андрэй Вараб’ёў. Па завяршэнні форуму адбудзецца пленарнае пасяджэнне з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

Праграма мерапрыемства спланавана па трох напрамках ўзаемнага супрацоўніцтва, распавяла начальнік упраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама Ала Багаценка. Першая секцыя будзе прысвечана эканоміцы і пройдзе на базе ААТ «Магілёўліфтмаш». Удзельнікаў другой збярэ Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, паколькі на чале абмеркавання – адукацыя. Пляцоўкай для правядзення трэцяй секцыі стане магілёўскі заасад, а тэмай размовы – турызм.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая