Рус Бел Eng 中文

У Магілёве запусцілі серыйную вытворчасць беларуска-кітайскіх аўтакранаў

У Магілёве запусцілі серыйную вытворчасць беларуска-кітайскіх 25-тонных аўтакранаў ZMC-25, першыя спецмашыны ўжо паступілі на расійскі рынак, паведаміў дырэктар ТАА «Зумліён-МАЗ» Юрый Півавараў.

Беларуска-кітайскае прадпрыемства на працягу мінулага года займалася распрацоўкай і сертыфікацыяй новых мадэляў. У якасці вопытнага ўзору ў Магілёве сабралі аўтакран ZMC-25, які з поспехам паказалі ў Мінску і Маскве. Сабраўшы партфель заказаў, ТАА «Зумліён-МАЗ» пачало серыйную вытворчасць спецмашын.

«Нам удалося запусціць уласную вытворчасць менш чым за год, хоць звычайна ў галінах цяжкага машынабудавання шлях ад чарцяжоў да гатовага вырабу займае каля трох гадоў. Дакладныя аб’ёмы вытворчасці на 2018 год будуць залежаць ад магчымасцяў вытворчасці і запытаў рынку, але будуць лічыцца дзясяткамі аўтакранаў», – адзначыў Юрый Півавараў.

Сярод першых пакупнікоў ZMC-25 – расійскія і беларускія кампаніі. Акрамя таго, аўтакраны плануюць пастаўляць у Казахстан і іншыя краіны СНД. У перспектыве плануецца выйсці з новай мадэллю на рынкі краін Еўрасаюза. Па спалучэнні кошту і якасці беларуская спецмашына пераўзыходзіць замежныя аналагі.

Беларуска-кітайскія спецмашыны прадставяць 2 лютага ў цэнтры Магілёва падчас мерапрыемстваў да 80-годдзя Магілёўскай вобласці. Экспазіцыя аўтатэхнікі разгорнецца на пляцоўцы побач з Абласным цэнтрам творчасці на праспекце Міру.

Раней спецмашыны Zoomlion-МАЗ прайшлі сертыфікацыю Мытнага саюза. Іх афіцыйна дазволілі прадаваць і эксплуатаваць у Расіі, Казахстане і іншых краінах ЕАЭС. «Зумліён-МАЗ» таксама арганізаваў у гэтых краінах сэрвісную сетку. Спецыялісты па абслугоўванні тэхнікі Zoomlion-МАЗ прайшлі восенню мінулага года навучанне ў Магілёве.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая