Рус Бел Eng 中文

У Мінбудархітэктуры пакрокава патлумачылі, як будзе працаваць сістэма адрасных жыллёвых субсідый

Права на атрыманне адрасных субсідый на будаўніцтва жылля будуць мець пераважна шматдзетныя і маладыя сем’і, а таксама дзеці-сіроты. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль у інтэрв’ю праграме «Контуры» ў эфіры тэлеканала АНТ.

Грамадзян у парадку чаргі будуць запрашаць у выканкам, дзе павінны патлумачыць умовы дзяржпадтрымкі па ўказе №240, праінфармаваць, у якім доме можна пабудавацца. «Пералiк дамоў цяпер фарміруецца. Гэта праца заканчваецца» – адзначыў Аляксандр Горваль.

З улікам складу сям’і, жылой плошчы, якая маецца ва ўласнасці, будзе вызначаны максімальны памер крэдыту, які можа быць вылучаны для паляпшэння жыллёвых умоў, а таксама памер адраснай субсідыі. «Калі грамадзянін, падаўшы заяву, дае згоду на ўдзел у гэтай сістэме, выканкам прымае рашэнне аб субсідзіраванні дадзенай сям’і», – патлумачыў прадстаўнік міністэрства.

З дадзеным рашэннем чалавек ідзе ў банк для далейшага афармлення дакументаў. Пакуль у сістэме адрасных жыллёвых субсідый будуць працаваць Беларусбанк і Белаграпрамбанк. З часам, як чакаецца, да іх далучацца і камерцыйныя банкі. «Калі такі крэдытны дагавор заключаны, ён паступае назад у выканкам і з наступнага месяца пасля заключэння дагавора грамадзяніну пачынаецца налічэнне субсідыі, – удакладніў Аляксандр Горваль. – Яна ідзе ў безнаяўным разліку на рахунак грамадзяніна ў адпаведным банку і пагашае або частку працэнтаў, або частку асноўнага доўгу, у залежнасці ад катэгорыі грамадзян».

Пагашэнне асноўнага доўгу субсідзіруецца шматдзетным сем’ям, калі чацвёра дзяцей і больш, у памеры 100%, калі трое дзяцей непаўналетніх да 23-х год, пражываючых сумесна з бацькамі (якія праходзяць навучанне ў навучальных установах) – 95%, дзецям-сіротам – 35%, маладым сем’ям пры нараджэнні першага і другога дзіцяці, адпаведна, 10% і 20% ад асноўнага доўгу.

Усяго на ўліку маючых патрэбу налічваецца амаль 700 тыс. сем’яў, каля трэцяй часткі з іх можа разлічваць пад дзяржпадтрымку. Сярод іх 30,5 тыс. – шматдзетныя сем’і, 29 тыс. – дзеці-сіроты. Маладых сем’яў на ўліку больш за 300 тыс. «Гэта галоўныя групы насельніцтва, на якіх будзе сканцэнтравана ўсё для вырашэння жыллёвай праблемы», – адзначыў Аляксандр Горваль.

Ён таксама дадаў, што будаўнічы комплекс настроены аптымістычна працаваць ва ўмовах зніжэння стаўкі рэфінансавання і змяншэння ставак па крэдытах. «У цэлым будаўнічы комплекс па сваіх магутнасцях гатовы будаваць значна больш, чым у цяперашніх умовах», – падсумаваў прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая