Рус Бел Eng 中文

У трохгодцы малой радзімы ў Беларусі 2019 год можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што 2019 год у Беларусі, які таксама пройдзе пад знакам Года малой радзімы, можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з актывам БРСМ.

Адказваючы на пытанні моладзі, кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на прыродным багацці Беларусі, лясах і балотах, якія называюць «лёгкімі Еўропы». «Я вырас на прыродзе, чалавек з вёскі. Для мяне гэта блізка», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку далейшай працы па азеляненні беларускіх гарадоў і сталіцы не толькі напярэдадні маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў, але і на перспектыву. Гэтаму напрамку будзе нададзена дадатковая ўвага і ў межах Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018-2020 гады. «Калі я прымаў рашэнне аб тым, што гэта (2018-ы. – Прым. БЕЛТА) будзе Год малой радзімы, я разумеў, што за год многае зрабіць не паспеем. Таму будзе тры гады. Але ў кожным годзе будзе нейкая ідэя, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Магчыма, працэс азелянення, адраджэння прыроды малой і вялікай Радзімы стане асноўным ідэйным зместам 2019 года. У найбліжэйшы час падумаем – міністры, адміністрацыя, моладзь сваё слова скажа».

Ад прадстаўнікоў моладзі прагучала прапанова ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе б людзі маглі пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сямейнай падзеі. «Цудоўная ініцыятыва. Абсалютна падтрымліваю. Чалавек прыйдзе і па плане, які будзе ў парку, пасадзіць сваё дрэўца», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што сам ужо так зрабіў, пасадзіўшы дрэвы са сваімі сынамі і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, і жылой рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яшчэ адну прапанову– у наступным годзе правесці рэспубліканскі форум сельскай моладзі. Падобнае мерапрыемства ўжо добра зарэкамендавала сябе на рэгіянальным узроўні ў Мінскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў наведаць гэту падзею, калі будзе запрашэнне.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая