Рус Бел Eng 中文

Удзельнікі Сусветнага фестывалю моладзі ў Сочы ад Магілёўскай вобласці падзяліліся ўражаннямі ад паездкі

Удзельнікі Сусветнага фестывалю моладзі ў Сочы ад Магілёўскай вобласці падзяліліся ўражаннямі ад паездкі. Сустрэча дэлегатаў з прадстаўнікамі мясцовага Маладзёжнага парламента, выканаўчай улады, сакратарамі пярвічак гарадской арганізацыі ГА «БРСМ» адбылася на базе ліцэя БРУ.

У ліку беларусаў, якія прадстаўлялі сінявокую на прэстыжным форуме, былі першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Павел Алекса, старшы інспектар Магілёўскага гарадскога аддзела па НС Кірыл Яшчанка, начальнік штаба працоўных спраў МДУХ Ганна Юркіна і студэнтка ўніверсітэта харчавання Ганна Васюніна. Менавіта яны расказалі моладзі горада на Дняпры пра гісторыю і арганізацыю фестывалю, найбольш яркія моманты і ідэі, якія былі занатаваныя.

XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў сабраў у Сочы звыш 29 тыс. маладых прафесіяналаў з розных сфераў з больш чым 180 краін. У склад дэлегацыі Беларусі на чале з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам увайшла рабочая і студэнцкая моладзь – прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у ліку якіх БРСМ, Ліга добраахвотнай працы моладзі, Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА. Усяго нашу краіну на фестывалі прадставілі 300 маладых людзей – журналісты і спартсмены, удзельнікі і пераможцы творчых, інтэлектуальных конкурсаў.

Ад Магілёўскай вобласці на форум быў дэлегаваны 21 чалавек. Павел Алекса звярнуў увагу на тое, што адбор удзельнікаў праходзіў адкрыта на сайце мерапрыемства. Таму магчымасць пабываць на фестывалі была ў кожнага, хто запоўніў спецыяльную анкету. Аднак запрашалі ў выніку не ўсіх, а толькі хлопцаў і дзяўчат з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія ярка праявілі сябе ў той ці іншай сферы дзейнасці. Так, Ганна Васюніна не проста атрымлівае ў ВНУ прафесію. Яна з’яўляецца членам валанцёрскага атрада «Шчасце ў падарунак», з’яўляецца пераможцай конкурсу «Валанцёр года «Добрае Сэрца» – 2015». Ганна Юркіна паспяхова выкладае ва ўніверсітэце, сумяшчаючы працу з валанцёрствам і творчасцю. Кірыл Яшчанка – кіраўнік руху моладзевых атрадаў аховы правапарадку Магілёва.

Пра тое, што паездка на фестываль зарадзіла пазітывам і энергіяй, а ўспаміны настолькі яркія, што застаюцца ў памяці на доўгі час, сам за сябе гаварыў настрой дэлегатаў. Яны ўвесь час ўсміхаліся і з захапленнем расказвалі пра ўбачанае.

«Гэта самая лепшая маладзёжная пляцоўка для абмену вопытам», – адзначыў Павел Алекса. Сабраць у адным памяшканні такую колькасць прадстаўнікоў розных краін было праблематычна. Таму стандартнай праграмы з паэтапным раскладам не было. Адначасова праходзілі конкурсы, спаборніцтвы, майстар-класы, працавалі шматлікія выставы, прэзентацыі, секцыі, семінары па інтарэсах, у якіх з задавальненнем прымалі ўдзел прафесійныя спікеры, палітыкі, медыйныя асобы.

Тэрыторыя фестывалю была велізарная, але нашым хлопцам і дзяўчатам хацелася паспець усюды. Таму штодня пераадольвалі да 20 км пешшу, нярэдка выкарыстоўвалі ровары і электрамабілі. Звыклай справай на форуме былі чэргі, месца ў якіх на пэўныя мерапрыемствы моладзь займала нават у чатыры раніцы.

«Мы атрымалі каласальны ўрок арганізацыйнай работы, – падкрэсліў Павел Алекса. – Нягледзячы на вялізную колькасць удзельнікаў, усё прайшло на высокім узроўні і кожны адчуваў да сябе ўвагу». Не выключэнне і маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх цалкам падрыхтавалі ўсю неабходную інфраструктуру. З імі працавалі спецыяльныя валанцёры. Таму нязручнасці яны не адчувалі і былі паўнавартаснымі ўдзельнікамі фестывалю. Дарэчы, менавіта момант роўнасці ўсіх прысутных на форуме – ад палітыкаў да абслуговага персаналу – уразіў нашых дэлегатаў. Па словах Ганны Васюнінай, асаблівай падзякі заслугоўвала праца валанцёраў, якіх на мерапрыемстве налічвалася каля 5 тыс. чалавек. Яны заўсёды былі ўважлівыя, спагадлівыя, усміхаліся, абдымалі кожнага і давалі так званыя «пяцерыкі». Здавалася б, дробязь, але менавіта валанцёры стваралі агульную станоўчую і прыязную атмасферу форуму.

Таксама наша моладзь адзначыла, што ўдалечыні ад Радзімы ўзнікла асаблівае пачуццё гонару за сваю краіну. «Як аказалася, пра сінявокую ведаюць нават у Бангладэшы, і зусім не блытаюць нас з расіянамі», – адзначыў Павел Алекса.

Адметнай асаблівасцю беларускай дэлегацыі было адзінае стыльнае адзенне. «Менавіта па ім многія нас запаміналі, – заўважыла Ганна Юркіна. – Не раз прадстаўнікі іншых краін спрабавалі абмяняць яго ў нас на нешта іншае. Да гэтага часу пры перапісцы пытаюцца, дзе можна купіць такое ж».

Дарэчы, з хлопцамі і дзяўчатамі, з якімі пазнаёміліся ў час фестывалю, магілёўская моладзь штодня трымае сувязь. А некаторыя ўдзельнікі з Расіі ўжо ў канцы восені абяцалі прыехаць з экскурсіяй у горад на Дняпры.

Праўда, падчас дыялогу дэлегаты заўважылі, што кантактаў было б больш, калі б не моўны бар’ер. Узроўню валодання замежнымі мовамі, у прыватнасці, англійскай, беларускім прадстаўнікам не заўсёды было дастаткова.

У цэлым, па словах хлопцаў, удзел у фестывалі стаў для іх штуршком для ўкаранення і рэалізацыі новых ідэй у прафесійную дзейнасць.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая