Рус Бел Eng 中文

Уладзімір Даманеўскі: Галоўнае багацце і гонар Магілёўшчыны – гэта людзі

Галоўнае багацце і гонар Магілёўшчыны – гэта людзі, дзякуючы працы, вытрымцы і адданасці якіх рэгіён развіваецца і становіцца больш прыгожым. На гэта звярнуў увагу сёння на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 80-годдзю Прыдняпроўскага краю, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Ён адзначыў, што на розных этапах свайго развіцця тэрыторыя рэгіёна ўваходзіла ў склад розных дзяржаўных утварэнняў. Як адміністрацыйная адзінка, Магілёўская губернія заснавана ў 1772 годзе, а 15 студзеня 1938-га года рашэннем першай сесіі Вярхоўнага Савета СССР утворана Магілёўская вобласць.

Перадваенны перыяд адзначаўся значным уздымам народнай гаспадаркі рэгіёна. Гэтаму спрыялі і намеры па пераносе сталіцы Савецкай Беларусі ў Магілёў. Але мірныя планы былі парушаны нападзеннем фашысцкай Германіі, і разам з усёй краінай жыхары вобласці сталі на абарону сваёй Радзімы.

У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны назаўсёды ўпісана легендарная абарона Магілёва ўлетку 1941 года. Невыпадкова подзвіг абаронцаў горада натхніў Канстанціна Сіманава, сведку тых падзей, да стварэння аднаго з самых яркіх раманаў пра вайну – «Жывыя і мёртвыя». Прыкладам усенароднага супраціўлення ворагу стаў шырокі партызанскі рух.

За подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 114 ураджэнцам Прыдняпроўскага краю прысвоена высокае званне – Герой Савецкага Саюза, а 23 сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. З чатырох беларусаў-танкістаў, якія двойчы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, трое – з Магілёўскай вобласці.

Вайна нанесла вялізныя страты. Насельніцтва вобласці скарацілася ўдвая. У гарадах засталося толькі 18% жыхароў. Аднаўленне народнай гаспадаркі запатрабавала ад людзей каласальнага напружання і сіл.

Ужо да 1951 года выпуск прамысловай прадукцыі перавысіў даваенны ўзровень. Найбольш хуткімі тэмпамі развіваліся цяжкая, хімічная, паліўна-энергетычная галіны, закладзены асновы дрэваапрацоўкі.

60-80-я гады для Магілёўскай вобласці сталі перыядам нараджэння найбуйнейшых прадпрыемстваў, рэканструкцыі і перааснашчэння дзеючых. Да канца 1965-га машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя заводы рэгіёна сталі даваць прадукцыі ў 20 разоў больш, чым у даваенны перыяд. Пачалі дзейнічаць найбуйнейшы ў Еўропе камбінат «Бабруйскшына», Магілёўскі камбінат «Хімвалакно», аб’яднанне шаўковых тканін.

Кіраўніцтвам краіны па вартасці ацэнены ратны і працоўны подзвіг жыхароў Магілёўшчыны, падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 ліпеня 1967 года Магілёўская вобласць узнагароджана высокай узнагародай – ордэнам Леніна.

У пачатку 80-х хімічная прамысловасць апярэдзіла машынабудаванне і выйшла на першае месца ў вобласці па аб’ёмах вытворчасці.

Палепшылася жыццё ў вёсцы. Сюды прыйшоў якасна новы ўклад, што стала магчымым дзякуючы маштабнаму тэхнічнаму перааснашчэнню аграпрамысловага комплексу, меліярацыі зямель, паляпшэнню кадравага патэнцыялу.

Далёка за межамі рэспублікі сталі вядомы дасягненні такіх сельскагаспадарчых арганізацый, як калгасы «Камінтэрн» Магілёўскага, імя Фрунзе Шклоўскага, імя Чкалава Горацкага раёнаў, а калгас «Рассвет» Кіраўскага раёна па сённяшні дзень носіць імя свайго легендарнага старшыні – Героя Сацыялістычнай працы Кірылы Пракопавіча Арлоўскага, які вывеў гэтую гаспадарку ў лік флагманаў аграпрамысловага комплексу Савецкага Саюза.

Эканамічны рост таго перыяду дазволіў актыўна развіваць сацыяльную інфраструктуру рэгіёна, адзначыў Уладзімір Даманеўскі. Штогод уводзіліся ў строй дзясяткі новых бальніц, школ, дзіцячых садоў і клубаў.

У гэты перыяд працавалі ўжо чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія рыхтавалі спецыялістаў для ўсіх галін народнай гаспадаркі краіны.

Да канца 1985-га Магілёў стаў не толькі трэцім па эканамічным патэнцыяле горадам Беларусі, але і вядучым навуковым цэнтрам.

«За гэтыя гады вобласць ператварылася ў высокаразвітую і індустрыяльную. Безумоўна, гэтаму ў значнай ступені паспрыяла самаадданая праца жыхароў Магілёўшчыны», – падкрэсліў губернатар. У знак падзякі за добрасумленную працу і жыццёвы вопыт, слаўным землякам, Героям Сацыялістычнай працы Аляксандру Байкову, Зінаідзе Бандарэнка, Антаніне Шатухінай, Анатолю Гатоўчыку, поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы Людміле Палевіч, Зінаідзе Моршчанка, Ніне Пятрэнка былі ўручаны кветкі ад Магілёўскага аблвыканкама.

«У гэтыя юбілейныя дні мы з гонарам успамінаем пра тое, што ў савецкі перыяд 113 ураджэнцаў Магілёўскага краю сталі Героямі Сацыялістычнай Працы, – сказаў Уладзімір Даманеўскі. – Працоўныя і ратныя дасягненні жыхароў гарадоў вобласці не засталіся без увагі на высокім дзяржаўным узроўні. Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны і поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве, горад Магілёў быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, а Бабруйск – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга». 

Па словах кіраўніка рэгіёна, цяжкія выпрабаванні не раз выпадалі на долю магілёўцаў. Не абмінулі нашу зямлю наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ад радыяцыйнага забруджвання пацярпела вялікая частка паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці. Была праведзена велізарная праца па абароне насельніцтва, частку з якога прыйшлося перасяляць на «чыстыя» тэрыторыі. Толькі ў Краснапольскім раёне адсялілі 56 населеных пунктаў з колькасцю больш за 10 тыс. чалавек. Рэабілітацыя забруджаных тэрыторый працягваецца і сёння, у тым ліку, дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці».

1991 год адкрыў новую старонку ў гісторыі нашай краіны. На карце свету з’явілася суверэнная незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь. І для Магілёўшчыны пачаўся чарговы этап. «Разрыў кааперацыйных сувязяў з рэгіёнамі некалі адзінай, вялікай краіны, паставіў перад кіраўнікамі і працаўнікамі народнагаспадарчага комплексу новыя задачы, вызначыў арыенціры ў сацыяльна-эканамічным развіцці, – канстатаваў Уладзімір Даманеўскі. – Маючы значны вытворчы патэнцыял, які дастаўся ў спадчыну ад савецкай эпохі, мы павінны не проста яго захаваць, а істотна павысіць эфектыўнасць працы. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва краіны, праведзена маштабная мадэрнізацыя «Магілёўліфтмаша», цэментных заводаў у Крычаве і Касцюковічах, папяровай фабрыкі «Спартак» і завода газетнай паперы ў Шклове, мясамалакоперапрацоўчых прадпрыемстваў. З мадэрнізацыяй ў вобласць прыйшлі новыя тэхналогіі, ідэі, падыходы ў кіраванні. І, галоўнае – прадукцыя нашых прадпрыемстваў стала канкурэнтаздольнай на знешніх рынках».

Сёння маштабная мадэрнізацыя працягваецца на «Белшыне». Рэалізуецца праект па вытворчасці новых відаў тканін на «Магатэксе». «Магілёўхімвалакно» будуе комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі – па сутнасці, абсалютна новую сучасную вытворчасць.

Разам з буйнымі прадпрыемствамі ў рэгіёне развіваецца малы і сярэдні бізнэс. Гэты перспектыўны сектар фарміруе трэць выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, 40% інвестыцый у асноўны капітал, трэць знешнегандлёвага абароту вобласці. У малым і сярэднім бізнэсе працуе чвэрць агульнай колькасці занятых у эканоміцы рэгіёна. А галоўнае – доля падатковых паступленняў у бюджэт вобласці ад суб’ектаў прадпрымальніцтва штогод расце і ў 2017 годзе перавысіла 33%. Аб узроўні падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва гаворыць і той факт, што ў 2016-м Магілёўшчына была прызнана найлепшым рэгіёнам у рэспубліцы па стварэнні ўмоў для вядзення бізнэсу, падкрэсліў Уладзімір Даманеўскі.

Ён дадаў, што спрыяльнае інвестыцыйнае асяроддзе за апошнія пяць гадоў прыцягнула ў вобласць каля $ 1,5 млрд. замежных інвестыцый, з іх $ 950 млн. – гэта прамыя інвестыцыі. Зараз рэалізуецца каля 50 буйных інвестыцыйных дагавораў, а свабодная эканамічная зона «Магілёў» стала своеасаблівым драйверам росту інвестыцый у эканоміку вобласці.

Сёння рэгіён развівае гандлёва-эканамічныя адносіны са 116 краінамі свету, паведаміў губернатар. Толькі за мінулы год дадалася 9 новых рынкаў. Забяспечваецца станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, памер якога па выніках 2017 года наблізіўся да $ 1 млрд. Гэта адзін з найлепшых вынікаў у краіне.

«Новыя тэхналогіі спрыяюць стварэнню новай эканомікі – эканомікі ведаў, інавацый, новых бізнэспрацэсаў, якія забяспечваюць лідарства і канкурэнтаздольнасць, – упэўнены Уладзімір Даманеўскі. – Дзякуючы навукова-тэхнічнай думцы і асабістай ініцыятыве канкрэтных людзей на тэрыторыі вобласці з’явіліся сучасныя, высокатэхналагічныя прадпрыемствы «Алтымед», «КУВО», «Дыдактыка», «Сервалюкс», «Тэхнаніколь» і іншыя. Кіраўнікі гэтых калектываў – заслужаныя людзі, дасягненні якіх адзначаны на самым высокім узроўні. Напрыклад, дырэктар кампаніі «Тэхналіт» Аляксандр Бадзяка стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны».

Кіраўнік рэгіёна звярнуў увагу, што новыя тэхналогіі прыйшлі і ў сельскагаспадарчую вытворчасць. За кошт укаранення высокапрадукцыйнай тэхнікі, прымянення сучасных інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання сельскагаспадарчых культур за апошнія 10 гадоў больш чым у два разы павялічылася прадукцыйнасць працы, скараціліся матэрыяльныя і працоўныя выдаткі. Разам з развіццём вытворчай інфраструктуры паляпшаюцца ўмовы жыцця ў вёсцы. У Магілёўскай вобласці добраўпарадкаваны 203 аграгарадкі з развітай сеткай сацыяльных і бытавых аб’ектаў.

Гаворачы аб развіцці сацыяльнай сферы, Уладзімір Даманеўскі адзначыў, што за апошнія гады прыкметна палепшылася інфраструктура сістэмы аховы здароўя. На базе дзіцячай абласной бальніцы створаны шматпрофільны медыцынскі цэнтр, што дазволіла за некалькі гадоў выйсці на адзін з самых нізкіх паказчыкаў дзіцячай смяротнасці ў краіне. Матэрыяльна-тэхнічная база і ўзровень падрыхтоўкі дазваляюць магілёўскім медыкам асвойваць самыя высокатэхналагічныя аперацыі. Пацвярджэннем таму служыць нядаўна праведзеная ў вобласці першая аперацыя па перасадцы ныркі.

Створаны ўмовы і для рэалізацыі права кожнага дзіцяці на годную і якасную адукацыю, усебаковае развіццё. Аб высокім прафесійным узроўні педагогаў Магілёўшчыны красамоўна сведчыць той факт, што званне першага народнага настаўніка Беларусі прысвоена настаўніку фізікі абласнога ліцэя №1 Валерыю Барашкаву. «Дарэчы, сёння трэба адзначыць ўсіх педагагічных работнікаў рэгіёна, дзякуючы якім Магілёўская вобласць прызнана пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва па выніках працы за 2017 год», – сказаў губернатар.

Пераход на сямейныя формы выхавання, паступовае адмаўленне ад інтэрнатных устаноў сталі прыярытэтнымі напрамкамі ў рабоце з дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў, падкрэсліў ён. Больш за 87 працэнтаў дзяцей-сірот сёння выхоўваюцца ў сям’і. Толькі ў студзені гэтага года ў рамках акцыі «Эстафета добрых спраў», прысвечанай 80-годдзю вобласці, адкрыты дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Бабруйску і Магілёўскім раёне.

Адзначыў Уладзімір Даманеўскі і заслугі спартсменаў рэгіёна, дзякуючы якім гімн Беларусі не раз гучаў на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах.

«Сённяшнія поспехі сталі працягам традыцый мінулых пакаленняў, закладзеных кіраўнікамі вобласці папярэдніх гадоў, – упэўнены У. Даманеўскі. – Звяртаючы погляды ў будучыню, мы павінны аб’ектыўна ацэньваць справы сённяшняга дня. Клопатаў і задач у нас яшчэ многа, і трэба прыкласці нямала сіл для іх паспяховага вырашэння».

Уладзімір Даманеўскі выказаў шчырую падзяку ўсім жыхарам Магілёўшчыны за добрасумленную працу на карысць Магілёўскай зямлі і пажадаў здароўя, поспехаў у дасягненні вызначаных планаў, дастатку і дабрабыту.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая