Рус Бел Eng 中文

Ураджайнасць бульбы ў Магілёўскай вобласці вышэйшая за мінулагоднюю амаль у 2 разы

Аграрыі Магілёўскай вобласці пачалі ўборку бульбы, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.

Пакуль да ўборкі прыступіла толькі 7 раёнаў: Бабруйскі, Бялыніцкі, Горацкі, Кіраўскі, Краснапольскі, Магілёўскі і Шклоўскі. На сённяшні дзень убрана каля 7% пасяўных плошчаў, ураджайнасць складае 432 ц/га. Гэта амаль у 2 разы вышэй за леташнюю. Лідарства па ўраджайнасці пакуль за шклоўцамі – тут атрымліваюць у сярэднім 500 ц/га.

«У цяперашні час актыўна прапрацоўваюцца рынкі збыту бульбы за межы краіны, частка караняплода будзе закладзена ў стабфонд і на насенне. На сённяшні дзень галоўная задача – аператыўна прыбраць бульбу, не дапусціць страт ураджаю, закласці большую частку на захоўванне і знайсці рынкі збыту, каб рэалізаваць па выгаднай цане», – адзначылі ў камітэце.

А вось у фермерскай гаспадарцы «Дыяна» Шклоўскага раёна, якая спецыялізуецца на вытворчасці бульбы і забяспечвае па ёй высокія паказчыкі для ўсяго раёна, ужо выкапана каля 30% пасяўных плошчаў. «Штодня накапваем больш за 1 тыс. т бульбы, каля 200 т у дзень рэалізуем, а астатняе фасуем і закладваем у сховішча. Рынкі збыту прадукцыі застаюцца для нас традыцыйнымі – Расія, Малдова, Узбекістан, Казахстан і іншыя краіны постсавецкай прасторы», – заўважыў кіраўнік КФХ Уладзімір Маліноўскі.

Больш за 80% бульбы ў КФХ плануюць экспартаваць, частку закласці на насенне і толькі невялікую колькасць рэалізаваць на ўнутраным рынку. «Бульбай займацца сёння выгадна, калі правільна арганізаваць працэс і заўсёды трымаць руку на пульсе. Вядома, год на год не прыходзіцца, але дзякуючы строгаму прытрымліванню тэрмінаў і ўжыванню сучасных тэхналогій нам удаецца працаваць стабільна і, нягледзячы на пагодныя ўмовы, атрымліваць высокія ўраджаі», – адзначыў фермер.

У гэтым годзе ў гаспадарцы пасяўныя плошчы прыраслі яшчэ на 150 га караняплода, а ў цэлым пасевы склалі больш за 1 тыс. га. Прыкладна столькі ж займаюць па плошчы і збожжавыя. «Але аб’ёмныя паказчыкі па бульбе, як і прыбытак, атрыманы ад яе рэалізацыі, нашмат вышэйшыя. Мы плануем выкапаць у цяперашнім сезоне каля 45 тыс. т бульбы, больш за 30 тыс. т экспартаваць», – падзяліўся планамі на ўраджай Уладзімір Маліноўскі.

Усяго ў вобласці трэба будзе ўбраць 4,7 тыс. га бульбы. Гэтыя працы ў залежнасці ад пагодных умоў плануецца завяршыць на працягу двух-трох тыдняў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая