Рус Бел Eng 中文

Вадзіцелі хуткай дапамогі з усёй рэспублікі будуць спаборнічаць у прафмайстэрстве ў Магілёўскім раёне

Рэспубліканскі этап конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў санітарнага транспарту «Беларускі майстар-2018» пройдзе ў Магілёўскім раёне 28 лютага. У ім прымуць удзел 16 экіпажаў у складзе 8 каманд устаноў аховы здароўя з усёй рэспублікі, паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзімір Швед.

Канкурсантам трэба будзе здаць экзамен на веданне ПДР, прылад і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а таксама пацвердзіць навыкі на аўтадроме ў спаборніцтвах па хуткасным манеўраванні. На практычным этапе ўдзельнікі выканаюць каля дзесяці заданняў. Так, фігура «Тунэльныя вароты» прадугледжвае праехаць створ варот і не закрануць іх, «Каляіна» абавязвае пусціць колы дакладна паміж устаноўленых брускоў, у «Эстафеце» удзельнік павінен на хаду перавесіць кольца з адной стойкі на другую і пры гэтым нічога не збіць і не выпусціць.

Адкрыццё спаборніцтваў, а таксама правядзенне практычнага і тэарэтычнага этапаў адбудуцца на базе Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага. Удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і ўзнагароджання пераможцаў прыме старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Роберт Часнойць.

Конкурс праводзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства сярод вадзіцеляў санітарнага транспарту, распаўсюджвання вопыту перадавікоў у арганізацыях і на прадпрыемствах рэспублікі, папулярызацыі прафесіі вадзіцеля.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая