Рус Бел Eng 中文

Віктар Лукашэнка павіншаваў шматдзетную сям’ю ў Клічаве з Новым годам у рамках акцыі «Нашы дзеці»

Памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка ў рамках акцыі «Нашы дзеці» наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу Рыты і Сяргея Кундзікавых ў Клічаве. Яго суправаджалі жонка і дзеці.

Шматдзетная сям’я выхоўвае 11 прыёмных дзетак, шэсць з іх цяпер на адпачынку ў Італіі. Чацвёра родных дзяцей ужо выраслі і стварылі ўласныя сем’і. Прычым 35-гадовы Захар пайшоў па слядах маці Рыты Уладзіміраўны і стаў разам з жонкай Юліяй сам бацькам-выхавацелем. У яго дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюцца сямёра дзяцей. Муж і жонка таксама чакаюць ўласнае дзіця. Будучаму сыну ўжо і імя выбралі. «Будзе Ягор Захаравіч», – з гонарам заўважае бацька.

Сёння дзве шматдзетныя сям’і сабраліся разам за святочным сталом. «Мы любім сустракаць гасцей, тым больш калі яны прыязджаюць са сваімі маленькімі дзецьмі, – падкрэслівае Рыта Кундзікава. – Заўсёды да гэтага адказна рыхтуемся. А сёння ў нас асаблівы навагодні стол. У яго падрыхтоўцы прымала ўдзел уся сям’я: пірагі, пернікі, кексы, печыва і іншыя смачнасці са святочнай тэматыкай на любы густ рабілі ўласнымі рукамі».

У якасці падарункаў Віктар Лукашэнка і яго сям’я прывезлі дзецям цацкі, сувеніры і прысмакі, прычым пастараліся ўлічыць пажаданне кожнага з дзяцей. Толькі мару Сашы, які папрасіў афрыканскага страуса, паабяцалі выканаць крыху пазней – калі бацькі падрыхтуюць для гэтай экзатычнай птушкі спецыяльны вальер. Справа ў тым, што 14-гадовы Саша вельмі любіць жывёл і, калі вырасце, створыць сваю ветэрынарную клініку. Любоў да жыўнасці не выпадковая. На заднім двары сям’я трымае цэлы міні-заапарк: паўліны, качачкі-мандарынкі, фазаны, дэкаратыўныя курачкі, паўлаўскія пеўні і многа-многа іншых птушак. «Жывёлы дапамагаюць наладзіць зносіны з дзецьмі, – тлумачыць Рыта Уладзіміраўна. – Як і праца на зямлі, цяпло і матчына дабрата дапамагаюць адкрыць ключыкі да іх сэрцаў».

Знаёмячы гасцей з домам, сваёй вялікай і дружнай сям’ёй, яна расказала, што яе дом сямейнага тыпу быў створаны ў пачатку 90-х гадоў адным з першых у той час. З таго часу яна выхавала 43 дзіцяці, многія з іх выраслі, сталі самадастатковымі і абзавяліся ўласнымі сем’ямі. У бабулі ўжо 16 унукаў, трое на падыходзе, і, як тут жартуюць, з’явілася вакансія на юбілейнага, 20-га ўнука.

«У мяне няма прыёмных дзяцей. Усе яны мае. Гэта мой жыццёвы прынцып, – падкрэслівае шматдзетная мама. – І мая самая галоўная задача – вырасціць з іх сапраўдных грамадзян, патрыётаў, каб яны не чакалі ад кагосьці дапамогі, а ўмелі ўсяго дабівацца самі і не згубіліся ў рэальным свеце. Вы бачыце, што мы жывем сціпла: многа ў гэтым доме зроблена сваімі рукамі, маім мужам і хлапчукамі. Калі нешта зламалася, да прыкладу, стол або зэдлік, мы не бяжым шукаць у кагосьці дапамогі, а хлопцы бяруць малаток, цвікі і рамантуюць. А жаночую палову аб’ядноўвае любоў да кулінарыі. У выніку яны вырастаюць добрымі гаспадынямі і мамамі».

У гэтым госці змаглі пераканацца за чаяваннем. Віктар Лукашэнка адзначыў асаблівую душэўную атмасферу ў сям’і, падкрэсліў, што многае з вялікага педагагічнага вопыту гаспадыні будзе карысна ў выхаванні яго ўласных дзяцей. А яго дачка Вікторыя выказала захапленне людзьмі, якія не толькі даюць пуцёўку ў жыццё уласным дзеткам, але і бяруць на сябе вялікую адказнасць выхоўваць прыёмных дзетак. «Гэта людзі з вялікім сэрцам», – падкрэсліла яна. Што тычыцца святаў, то яна рзаўважыла, што ў яе сям’і таксама існуе традыцыя на Новы год і Каляды збірацца ўсім разам і запрашаць да сябе як мага больш родных і блізкіх людзей.

Новы год у сям’і Кундзікавых будзе вясёлым і святочным. «Чакаем, што дома збярэцца каля 40 гасцей, – распавяла мама вялікага сямейства. – Бо мы з усімі дзецьмі падтрымліваем добрыя цёплыя адносіны і заўсёды рады вітаць іх у доме, дапамагчы ў цяжкую хвіліну і падзяліць з імі радасць».

«Я ганаруся тым, што змагла выхаваць дастойных людзей, якія знайшлі сябе ў жыцці, і што мой уласны сын працягнуў гэтую высакародную справу – дарыць іншым дзецям шанец жыць у нармальнай паўнавартаснай сям’і. І мне не столькі важна, што ён мой пераемнік, а тое, што ён добры сын, бацька і муж», – падкрэсліла Рыта Уладзіміраўна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая