Рус Бел Eng 中文

Віншаванне старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага з Новым годам

Уважаемые жители Могилевщины!

Паважаныя жыхары Магілёўшчыны!

Дарагія госці нашай вобласці!

Зусім хутка 2017 год сыдзе ў гісторыю. Па традыцыі ў гэтыя дні мы з удзячнасцю ўспамінаем усё тое добрае, што пакінуў нам адыходзячы год, ацэньваем дасягнутыя вынікі, вызначаем задачы на будучыню. 2017 год адзначаны дастойнымі вынікамі працы ва ўсіх сферах. З ажыўленнем рынкаў нашых асноўных эканамічных партнёраў узмацніўся попыт на прадукцыю нашых вытворцаў.

Другі год мы адзначаем рост прамысловай вытворчасці. Пры гэтым паляпшаюцца фінансавыя вынікі рэальнага сектара эканомікі, што дазваляе нам мадэрнізаваць прадпрыемствы, ажыццяўляць выпуск новых відаў прадукцыі, ствараць новыя працоўныя месцы, весці планамерную работу па павышэнні аплаты працы ў залежнасці ад росту прадукцыйнасці.

Асаблівая ўвага была накіравана на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёна. Мы наладзілі ўзаемнае супрацоўніцтва са ста шаснаццаццю краінамі свету. На працягу года нашымі партнёрамі сталі яшчэ 9 краін. Аб’ём экспарту вобласці дасягнуў больш за $ 1,7 млрд.

Мы па праву ганарымся поспехамі працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Нашы аграрыі ў няпростых умовах надвор’я гэтага года вырасцілі і сабралі дастойны ўраджай лёну, цукровых буракоў, бульбы, рапсу. Намалот збожжа склаў больш за адзін мільён сто трыццаць тысяч тон.

Гэты год адзначаны і будаўніцтвам буйных сацыяльна значных аб’ектаў. Уведзены ў строй сярэдняя школа ў Крычаве, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Краснапольскім і Касцюковіцкім раёнах, новы аперацыйны корпус абласнога анкалагічнага дыспансера, дзіцячы сад у Магілёве.

Многія сем’і сталі навасёламі. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, звыш чатырохсот шматдзетных сем’яў атрымалі ключы ад новых кватэр.

Эфектыўныя вынікі працы і ў сферы аховы здароўя. Нашы ўрачы асвоілі складаныя аперацыі, укаранілі новыя тэхналогіі ў медыцыне.

Сваімі поспехамі радавалі нас школьнікі вобласці. Імі заваявана 6 медалёў на міжнародных прадметных алімпіядах, 14 хлопчыкаў і дзяўчынак удастоены заахвочвання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У гонар спартсменаў Магілёўскай вобласці гімн Рэспублікі Беларусь гучаў на самых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах 40 разоў.

2017 год адзначаны творчымі дасягненнямі пісьменнікаў і мастакоў, новымі тэатральнымі пастаноўкамі, дыпломамі самых прэстыжных конкурсаў, развіццём фестывальнага руху.

Дарагія сябры!

Усе гэтыя поспехі сталі магчымымі дзякуючы вашаму прафесіяналізму, ініцыятыве і смелым пачынанням, уменню добрасумленна працаваць і дамагацца максімальнага выніку.

Мы шмат чаго з вамі дасягнулі, але яшчэ больш нам трэба будзе зрабіць. У 2018 годзе Магілёўскай вобласці спаўняецца 80 гадоў. Юбілейны год павінен стаць для ўсіх нас годам новых значных спраў, часам паскоранага развіцця эканомікі Прыдняпроўскага краю.

Галоўным жа прыярытэтам застанецца рост дабрабыту жыхароў рэгіёна. У дасягненні гэтай мэты мы будзем асабліва настойлівыя.

Якім будзе надыходзячы год, залежыць, перш за ўсё, ад нас, – ад веры ў сябе і ў свае сілы, ад нашага жадання і імкнення добрасумленна працаваць. І толькі аб’яднаныя пачуццём салідарнасці ў дасягненні вызначаных мэт, мы ажыццявім ўсё задуманае.

Паважаныя жыхары вобласці!

Ад усяго сэрца віншую вас з Новым годам!

Жадаю міру і згоды вам і вашым сем’ям, дабрабыту і выгоды ў кожны дом, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні!

Моцнага вам здароўя, шчасця і ўдачы!

Са святам! З Новым 2018 годам!

Старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта У. В. Даманеўскі

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая