Рус Бел Eng 中文

Вопыт функцыянавання сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці зацікавіў медыкаў з кітайскай правінцыі Хэнань

Вопыт функцыянавання сістэмы аховы здароўя Магілёўскай вобласці зацікавіў медыкаў з кітайскай правінцыі Хэнань. Дэлегацыя з Паднябеснай сёння наведала Магілёўскую цэнтральную паліклініку і абласную дзіцячую бальніцу, дзе азнаёмілася з іх матэрыяльна-тэхнічнай базай, метадамі працы ўрачоў, дасягненнямі мясцовай медыцыны.

Госці прыехалі ў наш рэгіён невыпадкова. Дружба і партнёрскія ўзаемаадносіны паміж правінцыяй Хэнань і Прыдняпроўскі краем працягваюцца ўжо амаль 15 гадоў. З кожным годам супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы мацнее. Удала развіваюцца культурныя сувязі. Прыйшоў час абмену вопытам і ў галіне аховы здароўя. Тым больш што прыклад ужо ёсць: сёлетняй вясной на базе Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі пры ўдзеле партнёраў з кітайскага горада Нанкін (правінцыя Цзянсу) быў адкрыты Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны.

   

«Мы рады, што сістэма аховы здароўя Магілёўшчыны выклікае цікавасць у кітайскіх партнёраў, – адзначыў падчас афіцыйнай сустрэчы з прадстаўнікамі дэлегацыі намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. – Для нас ваш візіт – гэта магчымасць не толькі прадэманстраваць патэнцыял у медыцынскай сферы, але і завязаць больш цесныя кантакты з калегамі з Паднябеснай».

Тэма гігіены, прафілактыкі і лячэння розных захворванняў сярод дзяцей і дарослых для правінцыі Хэнань вельмі актуальная, паколькі гэтая частка Кітая займае першае месца ў краіне па колькасці насельніцтва: тут пражывае амаль 100 млн. чалавек. Начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін і галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігар Каско праінфармавалі гасцей аб тым, як выбудавана сістэма аховы здароўя ў рэгіёне, у тым ліку лячэнне дзяцей і падлеткаў, аб мерах, накіраваных на прафілактыку і ранняе выяўленне хвароб. Яны падкрэслілі важнасць галоўнай задачы, пераследуемай дзяржавай пры распрацоўцы і прыняцці спецыяльных праграм падтрымкі і развіцця медыцынскай дапамогі: зрабіць яе даступнай для ўсіх людзей у любым населеным пункце краіны. Таксама абодва бакі цікавіліся падыходамі да падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў.

Намеснік дырэктара Камітэта па справах аховы здароўя і планавання сям’і правінцыі Хэнань Хуан Вэй, які ўзначальваў кітайскую дэлегацыю, выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт стане адпраўным пунктам у доўгім і плённым супрацоўніцтве, якое прынясе вялікую карысць жыхарам абодвух рэгіёнаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая