Рус Бел Eng 中文

«Вялікая бард-рыбалка» ў 2018 годзе зробіць акцэнт на класіку жанру

Міжнароднае музычна-спартыўнае свята «Вялікая бард-рыбалка» пройдзе 27-29 ліпеня 2018 года ў пасёлку Грудзічына Быхаўскага раёна на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Пра гэта паведаміла падчас комплекснай прэзентацыі Магілёўскай вобласці ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі дырэктар прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка.

У новым сезоне бард-рыбалка зробіць акцэнт на тэматычныя музычныя праграмы з удзелам вядомых бардаў і музыкаў больш чым з 10 краін. Адным з галоўных мерапрыемстваў стане творчы праект «100 гадоў Аляксандру Галічу». Рыхтуецца да прэзентацыі праграма «Без межаў», у якой задзейнічаны вядомы нямецкі рок-музыкант і пацыфіст Ціна Айсбрэннер і беларускі аўтар-выканаўца Вольга Залеская. Не менш цікавым будзе і музычна-паэтычны праект «Мая Цвятаева» ў выкананні вядомага ўкраінскага барда Уладзіміра Новікава.

Традыцыяй на бард-рыбалцы стаў міжнародны праект «Суседзі», у якім госці спяваюць на мовах краін пражывання. Спецыяльным госцем мерапрыемства стане вядомы расійскі музыкант, перфармансіст Псой Караленка, які з мультыінструменталістам Янам Бедэрманам (Масква) прадставяць новую праграму «Неожид». Гледачоў таксама чакае сустрэча з вядомым расійскім бардам і акцёрам Аляксеем Івашчанкам, які выступіць на свяце з сольным канцэртам.

Пацешаць гасцей фестывалю і традыцыйныя мерапрыемствы. Гэта конкурс аўтарскай песні, рыбалоўныя спаборніцтвы, адкрыты турнір па пляжным валейболе сярод аматараў і прафесіяналаў, кулінарны конкурс «Кірмаш смаку», праект «Каралева бард-рыбалкі» і інш.

Свята стартавала у 2010 годзе. Творчы праект ужо стаў візітоўкай музычна-фестывальнага жыцця Магілёўскай вобласці і Беларусі, які адраджае традыцыі сямейнага турыстычнага адпачынку, аб’ядноўвае сяброўскія і карпаратыўныя кампаніі. У мінулым годзе мерапрыемства сабрала больш за 3 тыс. гасцей і ўдзельнікаў з 10 краін.

Арганізатарамі «Вялікай бард-рыбалкі» выступаюць Магілёўскі аблвыканкам і Быхаўскі райвыканкам, творчае аб’яднанне «Сваё асяроддзе» і грамадскі савет па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці. Генеральны партнёр праекта – ААТ «Магатэкс», афіцыйны партнёр – ААТ «Белшына». Генеральны інфармацыйны партнёр – УП «БелТА».

БЕЛТА

 

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна