Рус Бел Eng 中文

Вярнуць усе імёны абаронцаў Дняпроўскага рубяжа

Днямі з Чарнігаўскай вобласці ў Магілёў прыедзе дачка салдата, які загінуў у 1941-м каля вёскі Сідаравічы пад Магілёвам, каб адвезці прах бацькі на радзіму і пахаваць яго побач з бацькамі. Звалі салдата Іван Рубан. Рэшткі 25-гадовага разведчыка знайшлі ў апошняй экспедыцыі члены Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру». Яго імя 77 гадоў захоўваў пажоўклы лісток у медальёне. Цяпер пошукавікі ўстаналіваюць, у якой часці служыў чырвонаармеец.

За 24 гады ў экспедыцыях «Віккру» паднята з невядомых пахаванняў і ўрачыста перапахавана больш за 1050 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, 76 з іх вернутыя імёны. Акрамя гэтага, па архіўных матэрыялах устаноўлены імёны больш за 20 000 абаронцаў Магілёўшчыны, якія лічыліся прапаўшымі без вестак.

Пра гісторыю клуба расказвае яго арганізатар і нязменны кіраўнік Мікалай Барысенка:

– Да пошукавай працы мяне падсвядома падштурхнула гісторыя майго роду. З васьмі братоў дзеда на фронце ўцалела толькі двое. Астатнія прапалі без вестак. І толькі пра аднаго з загінулых братоў зусім нядаўна ў архівах змог знайсці звесткі: 29 красавіка 1945 года артылерыст малодшы сяржант Павел Барысенка памёр у Германіі ў шпіталі ад ран і за смяротны для яго бой атрымаў медаль «За адвагу».

Сапраўдным баявым хрышчэннем клуба 24 гады таму стала першая абласная Вахта памяці на беразе Святога возера ля вёскі Шапялевічы ў Круглянскім раёне. У 1944 годзе падраздзяленне Чырвонай Арміі ў гэтых месцах перакрыла шлях выхаду немцаў з акружэння, у такіх жа катлах нямецкія войскі ў 1941-м атакавалі абаронцаў Магілёва. Савецкі дэсант, не разлічыўшы прызямлення, трапіў прама ў цэнтр нямецкай калоны. У жорсткім двухдзённым баі загінулі сотні. Пачаткоўцы-пошукавікі знаходзілі ў акопах рускіх і нямецкіх салдат, якія ляжалі ў абдымку. За 11 дзён паднялі астанкі 13 нямецкіх і 60 савецкіх байцоў.

Пасля гэтай экспедыцыі ў складзе клуба з 50 засталося толькі дзясятак хлопцаў-па-сапраўднаму захопленых і адданых справе пошуку. Гэты склад «віккраўцаў» па сённяшні дзень па першым клічы адпраўляецца ў пошукавыя экспедыцыі. Сярод іх Мікалай Барысенка называе Віталя Карасцялёва, Віталя Брашчанку, Вадзіма Дуйнова, Андрэя Швайкова, Эдуарда Карпюка.

Ужо прыйшло новае пакаленне сапраўдных падзвіжнікаў пошукавай справы. Намёртва прыкіпеў да пошуку Яўген Балбераў, галоўны захавальнік фондаў Музея гісторыі Магілёва. Антон Пракапнёў знайшоў у апошняй экспедыцыі медальён Івана Рубана. Яўген Бацанаў проста віртуозна працуе з металашукальнікам. Сяргей Тагаеў – ветэран руху, вопыту якога можа пазайздросціць любы пошукавік. І, самае галоўнае, хлопцы пакідаюць пасля сябе не толькі засыпаныя траншэі і брацкія магілы, але і паўнавартасную гістарычную спадчыну, з 2001 года выдаюць адзіны ў краіне «Магілёўскі пошукавы Веснік», дзе публікуюць найноўшыя напрацоўкі, малавядомыя ці ўвогуле невядомыя факты, матэрыялы, якія становяцца агульнадаступнымі дзякуючы працы ў архівах і пошуку. Так атрымалася вярнуць з забыцця ў гістарыяграфію абароны Магілёва дзве воінскія часці, удзел якіх у ліку абаронцаў горада спачатку адмаўлялі нават афіцыйныя гісторыкі: 20-ы механізаваны корпус і 110-ю Тульскую стралковую дывізію.

На пытанне пра тое, які перыяд Вялікай Айчыннай для пошукавікаў самы важны, Мікалай Барысенка адказвае адназначна – абарона Магілёва:

– Асабіста для мяне гэта незагойная рана. У савецкі час пра абарону Магілёва не гаварылі, яе слаба вывучалі, а што было вядома, замоўчвалі. Гэта непапулярная, не гераічная тэма, без параднага звону. Мы адыходзілі ад заходняй мяжы разбітымі, страцілі да снежня 1941 года самы моцны падрыхтаваны кадравы склад Чырвонай Арміі – без малога 5 мільёнаў. А цяпер ёсць магчымасць расказаць, што тыя, што засталіся ў жывых і пазбеглі палону, адыходзячы, змагаліся як маглі. Іх мужнасць дала сілы для Перамогі. І наш святы абавязак – вярнуць імёны салдатам 41-га, усім, каму зможам.

Вось толькі некаторыя факты, якімі па праву ганарыцца клуб «Віккру». Па ініцыятыве пошукавікаў у Магілёве тры вуліцы названы імёнамі сапраўдных герояў абароны горада – Рыгора Златавустаўскага, Мікалая Цярохіна, Якава Слепакурава. У Чавускім раёне ўстаноўлены першы ў краіне памятны знак штрафным батальёнам Чырвонай Арміі, якія 9 месяцаў 1943-га на беразе Проні штурмавалі ўмацаваныя нямецкія пазіцыі. У Магілёўскім аграрна-лесатэхнічным каледжы, побач са знакамітым Буйніцкім полем, з непасрэдным удзелам гісторыкаў клуба створаны музей памяці Канстанціна Сіманава.

Пошукавы сезон гэтага года ў «Віккру» плануюць завяршыць чарговай экспедыцыяй у Клічаўскі раён, дзе мясцовыя балоты па гэты дзень хаваюць на глыбіні 5-6 метраў савецкі бамбавік ІЛ-4 са стралком-радыстам у кабіне. У 1943-м ён ляцеў бамбіць пры адступленні немцаў Мінскі чыгуначны вакзал і быў збіты каля вёскі Рагі, за 10 кіламетраў ад вёскі Межнае. Гэта будзе ўжо шосты самалёт, які падымуць з лясных нетраў магілёўскія «віккраўцы».

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Чытайце таксама ў катэгорыі "гісторыя":

15.02.2019 - 09:13 | 30 гадоў таму завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана
08.02.2019 - 14:13 | У Магілёўскай вобласці на помнікі і мемарыялы ў 2018 годзе нанесена звыш 1,5 тыс. прозвішчаў абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў

У Магілёўскай вобласці на помнікі і мемарыялы ў 2018 годзе нанесена звыш 1,5 тыс. прозвішчаў абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў. Пра гэта паведаміла сёння на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама яго начальнік Кацярына Музычэнка, перадае карэспандэнт сайта.

07.02.2019 - 13:12 | Кніга «Афганістан. Старонкі мужнасці» выдадзена ў Магілёве да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана

Да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці» выдала кнігу «Афганістан. Старонкі мужнасці».

01.02.2019 - 09:45 | Шклоўскай раённай газеце «Ударны фронт» – 100 гадоў

1 лютага 1919 года ў свет выйшаў першы нумар раённай газеты «Ударны фронт». Вось ужо 100 гадоў яна з’яўляецца інфармацыйным спадарожнікам для шклаўчан.

28.01.2019 - 12:38 | У Магілёве ўшанавалі памяць ахвяраў Халакосту

У Магілёве ўшанавалі памяць ахвяраў Халакосту. Ля мемарыяльнага знака «У памяць пра яўрэеў – ахвяр нацызму» 27 студзеня сабраліся людзі з кветкамі і свечкамі.