Рус Бел Eng 中文

Выстава жывапісу, графікі і скульптуры з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрыецца ў Магілёве

Выстава жывапісу, графікі і скульптуры «А за акном зіма» з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі адкрыецца 20 снежня ў 17.00 у музеі В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўстанове культуры.

«Для кожнага з нас за кароткім словам «зіма» хаваецца нямала розных, часта супярэчлівых асацыяцый: кароткія цьмяныя дні і бясконцыя цёмныя ночы, іскрысты на сонцы снег і бадзёрае марознае паветра, суровыя вятры і нежаданне выходзіць з дому, чараўніцтва навагодніх святаў і выключна зімовыя забавы ў двары, – адзначылі суразмоўцы. – Зіма – выдатная, невычэрпная тэма, якая знайшла ўвасабленне ў працах мастакоў. На працягу многіх гадоў майстры выяўленчага мастацтва зноў і зноў звяртаюцца да вобразаў, навеяных гэтым шматгранным, незвычайным часам».

Выставачны праект «А за акном зіма» паказвае розныя грані гэтага дзіўнага часу года, дазваляючы гледачу праз прызму твораў выяўленчага мастацтва адчуць шырокі спектр эмоцый, ажывіць у памяці ўспаміны, так ці інакш звязаныя з зімовай парой і, магчыма, адкрыць для сябе новы бок гэтай з’явы.

На выставе сабраныя творы рускіх і беларускіх мастакоў з канца 19 стагоддзя і да сучаснасці. Найбольш раннія – жанравыя працы Мікалая Свярчкова «Зіма», Паўла Кавалеўскага «Сустрэча» і Барыса Кустодзіева «Сустрэча за вуглом». «Пейзажны жывапіс мяжы 19-20 стагоддзяў прадстаўлены як рэалістычнымі працамі, так і напісанымі ў больш свабоднай імпрэсіяністычнай манеры, – удакладнілі суразмоўцы. – Акрамя прыродных ландшафтаў, сельскіх відаў зіма знаходзіць адлюстраванне і ў межах гарадскога асяроддзя».

Звяртаючыся да твораў майстроў пейзажнага жывапісу 20 стагоддзя, можна ўбачыць невычэрпную шырыню зімовых сюжэтаў і разнастайнасць выяўленчых сродкаў, выкарыстаных для іх увасаблення: першы снег, канец зімы, сонечныя дні, хуткае змярканне, заснежаныя вёскі, гарады зімовым часам, зімовыя забавы.

«Адна з цэнтральных тэм – сустрэча Новага года і Раства, бо хвалюючае чаканне цудаў пачынаецца ўжо з першых дзён зімы, – адзначылі спецыялісты. – Самыя таямнічыя святы ў годзе знайшлі адлюстраванне ў творах сучасных беларускіх аўтараў. Сярод іх – Уладзімір Ткачоў з працай «Калядныя катанні» і Наталля Залозная «З Калядамі».

Выстава будзе працаваць да 3 лютага 2019 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая