RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Юныя таленты Магілёва прымуць удзел у Каляднай сустрэчы «Мары спраўджваюцца»

Юныя таленты Магілёва прымуць удзел у Каляднай сустрэчы «Мары збываюцца» ў Рэспубліканскім доме моладзі ў Мінску 2 студзеня, паведаміў каардынатар валанцёрскага руху БРСМ «Добрае сэрца» Раман Мамчанка.

«У творчую дэлегацыю ўвайшлі 45 магілёўцаў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый БРПА і БРСМ. У іх ліку пераможцы міжнароднага фестывальнага праекта «Звездочет». Падчас сустрэчы з першым сакратаром ЦК БРСМ Дзмітрыем Варанюком маладыя людзі не толькі прадэманструюць свае таленты, але і абмяркуюць надзённыя пытанні, якія хвалююць моладзь у іх рэгіёне. Напрыклад, у членаў школьнага парламента назапасілася нямала пытанняў па арганізацыі ўзаемадзеяння грамадскіх арганізацый ва ўстановах адукацыі», – расказаў Раман Мамчанка.

Акрамя таго, юныя таленты арганізуюць у Рэспубліканскім доме моладзі інтэрактыўную выставу «Калядная зорка», дзе пакажуць свае творчыя працы. «У экспазіцыю ўвойдуць карціны, ёлачныя цацкі, вырабы з падручных матэрыялаў па матывах малой радзімы, калядных святаў, зімовых пейзажаў беларускіх вёсачак. На выставе таксама будуць прадстаўлены казачныя снегавікі-лыжнікі. Не абыдзецца калядная сустрэча без Дзеда Мароза і Снягуркі, а рытм свята дапамогуць задаць папулярныя беларускія артысты. Затым дзеці наведаюць праграму-мюзікл «Навагодняя акадэмія». Пасля яны змогуць прагуляцца па вячэрнім святочным Мінску, паглядзець на навагоднюю ілюмінацыю беларускай сталіцы і сфатаграфавацца на фоне галоўнай ёлкі краіны на Кастрычніцкай плошчы», – адзначыў каардынатар валанцёрскага руху.

Дарэчы, на святочнае прадстаўленне «Навагодняя акадэмія», якое падрыхтаваў Маладзёжны тэатр эстрады, БРСМ таксама запрасіў юных выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, актывістаў і партнёраў арганізацыі. Як чакаецца, у мерапрыемстве прыме ўдзел больш за паўтысячы дзяцей і дарослых.

Калядная сустрэча ў Рэспубліканскім доме моладзі і святочны мюзікл арганізаваны ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ і БРПА «Цуды на Раство» і папоўняць скарбонку добрых спраў агульнарэспубліканскага праекта «Нашы дзеці».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая