Рус Бел Eng 中文

За выхадныя дні ў Магілёўскай вобласці на пажарах загінула 8 чалавек

За выхадныя дні ў рэгіёне на пажарах загінула 8 чалавек. “Паводле папярэдніх дадзеных у трагедыях вінавата цыгарэта, якую не затушылі,” – расказала карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

24 красавіка, ледзь стрэлкі гадзініка перавалілі за поўнач, як у службу МНС паступіла трывожнае паведамленне аб узгаранні прыватнага жылога дома па вул. Піянерскай ў Крычаве. Ён гарэў адкрытым полымем, дах і перакрыцце абрушыліся. Пад згарэлымі канструкцыямі былі знойдзены целы шасці чалавек. Як мяркуецца, гэта 78-гадовая гаспадыня, двое яе сыноў 1965 г.н і 1971 г.н., 46-гадовая мясцовая жыхарка, якая знаходзілася ў гасцях, а таксама два чалавекі, асобы якіх высвятляюцца.

У гэтую ж ноч бяда пастукалася ў прыватны жылы дом в. Камсенічы Круглянскага раёна. Мясцовыя жыхары выявілі ўзгаранне, калі хата ўжо палала. На падлозе ў адным з пакояў без прыкмет жыцця быў знойдзены 70-гадовы гаспадар. Там жа выратавальнікі знайшлі і цела яго 63-гадовага госця, жыхара Санкт-Пецярбурга, які літаральна месяц таму купіў дом у гэтай вёсцы.

Сур’ёзнай небяспецы падвергнулі сваё жыццё і жыцці суседзяў жыхары трохпакаёвай кватэры пяціпавярховага жылога дома па вул. Сацыялістычнай у Асіповічах. 25 красавіка каля 11 гадзін вечара ў службу МНС паведамілі аб узгаранні балкона на другім паверсе. У моцна задымленай кватэры на падлозе ў кухні ратавальнікі знайшлі і эвакуявалі 68-гадовую гаспадыню. Жанчына знаходзілася ў прытомнасці, але самастойна пакінуць кватэру не магла. З атручэннем прадуктамі гарэння яна шпіталізаваная. З-за пагрозы жыццю выратавальнікі эвакуявалі з вышэйшых паверхаў 10 чалавек. Па папярэдніх дадзеных, ва ўзнікненні узгарання таксама прасочваецца цыгарэтны след.

Таксама Вольга Нехарошых паведаміла, што 25 красавіка ў 18.56 выратавальнікам Магілёўскага гарадскога аддзела па НС паступіла паведамленне аб загаранні сухой расліннасці на тэрыторыі звалкі адходаў гумы па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве.

На адкрытай пляцоўцы плошчай каля 3 га адбывалася гарэнне адходаў гумы, складзенай у штабялі вышынёй ад 1 да 2,5 м. Тэрыторыя была не абгароджана, да яе меўся свабодны доступ.

У ліквідацыі пажару былі задзейнічаны 16 адзінак тэхнікі і больш за 50 чалавек асабовага складу МНС. Да месца выкліку прыбыла пажарная помпавая станцыя і пажарны цягнік. Пажар быў лакалізаваны ў 20.05, ліквідаваны падраздзяленнямі МНС у 21.49.

У выніку ўзгарання пашкоджана 1 тыс. кв.м адходаў гумы. Як мяркуецца, прычына таго, што здарылася – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Вінаватыя асобы высвятляюцца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая