Рус Бел Eng 中文

Захапляльныя квэсты, палёты над горадам, конныя прадстаўлення, гарачыя бугурты, звон мячоў і свіст стрэл чакаюць гасцей «Рыцарскага фэсту» у Мсціславе

Захапляльныя квэсты ў сутарэннях кармеліцкага касцёла, палёты над горадам, конныя прадстаўленні, гарачыя бугурты, звон мячоў і свіст стрэл чакаюць гасцей «Рыцарскага фэсту». Свята традыцыйна пройдзе ў Мсціславе 4-5 жніўня, паведаміў метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай і культурна-масавай работы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Анатоль Вольскі.

Арганізатары робяць усё магчымае, каб фестываль пастаянна здзіўляў і прыцягваў да сябе ўвагу. У гэтым годзе акрамя традыцыйных рыцарскіх бітваў, турніру лучнікаў, конных забаў ад клуба «Залатая шпора» вырашана ўключыць у праграму розныя сярэднявечныя прыгодніцкія квэсты. «Падарожжа ў часе» – адзін з іх. Мерапрыемства будзе праводзіцца для дзяцей на пажарнай каланчы, якая ператворыцца ў сапраўдную сярэднявечную вежу. Тут можна будзе ўбачыць выставу «На службе пажарнай».

Не менш захапляльнымі будуць квэст-гульні для дарослых «Скарб Сярэднявечча» і «Таямніцы рукапісу Сярэднявечча» ў сутарэннях кармеліцкага касцёла. Удзельнікаў чакаюць прыгоды з пошукам ключоў, разгадваннем галаваломак, сустрэчы з гістарычнымі персанажамі, а пераможцы атрымаюць прызы. Работнікі бібліятэкі арганізуюць для гасцей экскурсію па касцёле. Будзе магчымасць падняцца на адну з вежаў, дзе адкрываецца цудоўны від на горад.

Галоўнай адметнасцю выставы з фондаў гісторыка-археалагічнага музея «Скарбы Мсціслаўскай зямлі» стане сапраўдны залаты дукат (або галандскі гульдэн), знойдзены ў 1990 годзе Алегам Трусавым каля кармеліцкага касцёла, а таксама іншыя каштоўнасці з калекцыі каштоўных металаў. Падчас экскурсіі «У віхуры стагоддзяў» можна наведаць унікальны раскоп старажытнага гарадзішча на Замкавай гары. Тут жа ў вежы-данжон будзе адкрыта выстаўка «Агнястрэльная зброя», дзе будзе падрыхтавана экспазіцыя калекцыйнай зброі.

Прыцягне ўвагу і выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі «Гульні каралёў». Экспазіцыя прысвечана гісторыі ваеннай справы эпохі Сярэднявечча і Адраджэння. Тут можна будзе ўбачыць даспехі ў максіміліянаўскім стылі, касцюмную, турнірную, рейтарскую амуніцыю і многае іншае. Не менш інтрыгуючай і пазнавальнай стане выстава «Паляванне на ведзьмаў», якая размесціцца па адрасе вул. Савецкая, д. 11. Усе экспанаты ўяўляюць сабой яркую ілюстрацыю часоў інквізіцыі і выкананы па тэхналогіях таго часу.

Упершыню ў Мсціслаў з канцэртам прыедзе расійскі фолк-метал гурт «Alkonost». Гэта музычны калектыў з горада Набярэжныя Чалны. Пацешаць сваёй творчасцю пастаянныя госці: «Літы Талер», «PAWA» і іншыя. Тэатр фарсу і агню «Balagan Band» запаліць ноч фаер-шоу, парадуе сцяг-шоу і шоу на хадулях. У гэтым годзе свае майстар-класы па сярэднявечных танцах прадставіць усім жадаючым і калектыў РЦКіНТ. Таксама падключыцца і прафесійны калектыў гістарычнага танца «1410».

Асноўнае дзейства разгорнецца на Замкавай гары. Гэта тое месца, дзе лепш за ўсё можна заглыбіцца ў гістарычную атмасферу свята. Адкрыццё і шэсце рыцарскіх клубаў адбудзецца на плошчы Пятра Мсціслаўца. Чакаецца каля 40 рыцарскіх аб'яднанняў. Баі разгорнуцца на рысталішча Замкавай гары. У цэнтры горада размесціцца Горад майстроў. Будуць арганізаваны адкрытыя кафэ і святочны гандаль. Зноў наведаюць свята кулінары з Літвы, каб парадаваць смачнымі мяснымі і агародніннымі далікатэсамі, самаробнымі напоямі.

Упершыню з'явіцца магчымасць убачыць фестываль з вышыні птушынага палёту. За горадам будзе арганізавана работа аэраклуба, і ўсе жадаючыя змогуць падняцца над святочным Мсціславам.

Палатачны лагер будзе працаваць на пляцоўцы каля ЦФАР «Алімп». Тут падведзена вада, прывязуць біяпрыбіральні і дазволяць выкарыстоўваць вогнішчы для падрыхтоўкі ежы. Паркоўкі для аўтамабіляў размесцяцца каля гасцініцы і на вуліцах Юрчанкі, Інтэрнацыянальная і Камунарная. Схема праезду размешчана на афіцыйнай старонцы фестывалю Вконтакте. І яшчэ адзін немалаважны нюанс свята. Цэны на квіткі засталіся ранейшыя, а набыццё комплекснага квітка дасць магчымасць сэканоміць і наведаць самыя відовішчныя выступы на свяце.

Па матэрыяле партала mstlife.by

ПРАГРАМА свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2018»

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая