Темы

Праект “Архівы памяці”. Дзяцінства іх пазбавіла вайна

Праект “Архівы памяці”. Дзяцінства іх пазбавіла вайна

Вельмі страшна, калі ў жыццё дзяцей урываецца вайна. А яшчэ калі побач няма дарослага чалавека, які б дапамог у цяжкія хвіліны, то ўвогуле бяда. Мая сённяшняя гераіня, ураджэнка вёскі Заполле Завалочыцкага сельсавета Анастасія Мартынаўна Лісіца, у дзяцінстве менавіта ў такім становішчы і апынулася. У 1940 годзе яе бацьку забіла маланка, а маці ад перажытага стрэсу цяжка захварэла і не магла клапаціцца нават пра сябе самую. Трое дзяцей засталіся фактычна пакінутымі на волю лёсу: без грошай, без падтрымкі. Акрамя таго, на іх плечы легла і гаспадарка: участак поля, гарод, карова, нарыхтоўка дроў…  Да вайны крыху дапамагаў калгас — хоць дровы прывозілі. А калі пачалася вайна, насталі самыя цяжкія часы.

“У 1941 годзе мне споўнілася 10 гадоў, — успамінае Анастасія Мартынаўна. — Старэйшай сястры Ганне было 18, брату Фёдару — 13. Мы нікому не былі патрэбныя, выжывалі самі, як маглі і як разумелі сваім дзіцячым розумам. Словамі перадаць немагчыма, як нам было цяжка! У свае малыя гады я ўжо ўмела выпаліць печ, зварыць есці, спячы хлеб. Але ж у хаце не заўсёды было з чаго гатаваць. Прыйшлося нам працаваць і за кусок хлеба, і за тое, каб нам якую работу суседзі дапамаглі зрабіць па гаспадарцы. Я, да прыкладу, кароў пасвіла.

Калі дазналіся, што пачалася вайна, то вельмі спужаліся. Па прыкладзе суседзяў мы таксама на ўсякі выпадак зрабілі сабе за дваром сховішча накшталт бліндажа: выкапалі яму і зверху залажылі яе дошкамі, а іх засыпалі зямлёю. Амаль кожны дзень у вёсцы гаварылі, што немцы ўсё бліжэй і бліжэй да нашага Заполля. І сапраўды, хутка яны да нас дабраліся: ехалі па вёсцы ў зялёных касках на матацыклах і ў машынах.

У Гарадку немцы зрабілі камендатуру, і там нямецкіх салдат і афіцэраў было шмат. Магчыма, месца, дзе жыць, ім у Гарадку ўсім не хапіла, таму некаторыя рассяліліся ў бліжэйшых вёсках па людскіх хатах. У нашу хату таксама прыйшлі жыць два немцы, а нас з мамай выселілі з вялікай паловы ў маленькі закутак, дзе стаяла печ. Адзін з немцаў крыху размаўляў на рускай мове, і сястра нават з ім аб нечым гаварыла. А другі быў маўклівы, змрочны і вельмі пануры ўвесь час.

Днём у Заполле прыязджалі немцы, а ноччу заўсёды наведваліся партызаны. За тое, што жыхары дапамагалі партызанам, немцы маглі і вёску спаліць, як гэта адбылося ў пачатку 1943 года з Паршчахаю. Дакладна мы не ведалі, што там адбылося, а толькі здагадваліся, бо ў нашай вёсцы было відаць вялікае зарава — людзі зразумелі, што там вялікі пажар, гарыць вёска. Аб тым, што Паршчаха згарэла разам з жыхарамі, мы дазналіся крыху пазней. Ні радыё, ні тэлефонаў у той час не было, таму даведваліся навіны толькі ад людзей: хтосьці прыйдзе з іншай вёскі і нешта раскажа. Так і перадавалі адзін аднаму весткі.

З нашай вёскі шмат мужчын пайшло ў партызаны. Непадалёк ад нас жыла сям’я Гурыных. Нікіфар Васілевіч Гурын стаў камісарам партызанскага атрада. Ён быў кадравым афіцэрам і, калі ў першыя дні вайны Чырвоная Армія адступала, застаўся ў Заполлі, магчыма, менавіта для арганізацыі партызанскага руху. Яго брат Сцяпан пайшоў на фронт. Меншая сястра Вольга да вайны была настаўніцай і засталася падчас акупацыі ў нашай вёсцы.

Аднойчы ў Заполлі была нямецкая аблава: салдаты абкружылі вёску і хадзілі іменна па хатах партызанскіх сямей. На жаль, у вёсцы знайшоўся адзін здраднік (Фёдар яго звалі), які выдаў немцам усё-ўсё пра кожную сям’ю. Вось акупанты і забіралі на прымусовую працу ў Германію ў першую чаргу тых, чые родзічы былі ў партызанах. Каб не трапіць пад нямецкую аблаву, Вольга разам з маёй сястрою Ганнай хавалася ў пограбе пад хатаю. Калі не было моладзі, акупанты хапалі і старэйшых людзей. Схапілі бацькоў Вольгі. Я, малая, усё гэта бачыла, і на той момант у мяне была толькі адна думка: як вызваліць сястру з пограба. Неяк я паціху прабралася ў хату, адчыніла пограб ды выпусціла дзяўчат з пасткі. Сястра пайшла дадому, а Вольга пабегла хавацца ў жыта, што расло за хлявом. Не ведаю, колькі часу яна там прабыла, але неўзабаве, калі немцы з вёскі з’ехалі, прыйшоў з партызанскага атрада Нікіфар і забраў дзяўчыну з сабою ў атрад. Ужо пасля вайны мы дазналіся, што яны загінулі падчас аднаго з баёў. Загінуў на прымусовых работах іх бацька і на фронце — брат Сцяпан. Пасля Перамогі дадому з Германіі вярнулася ў пустую хату толькі маці…  

Аднойчы летам на досвітку на вуліцы, і якраз насупраць нашага двара, сустрэўся баец партызанскага атрада з немцамі. Было так. Мы яшчэ спалі — раптам нехта стукае ў акно. Сястра паглядзела: немцы. Адчыніла,  яны ўвайшлі ў хату і пачалі шукаць партызана. Але ж у хаце нікога не было. Партызан праз наш двор хутка прабег і схаваўся ў жыце, але немцы яго там усё-такі заўважылі і застрэлілі. Гэта быў мясцовы мужчына (прозвішча Бузак), магчыма, прыходзіў да сям’і. Пасля, калі акупанты высвятлялі, хто гэты чалавек, вяскоўцы і родзічы (нават жонка) не прызналіся, што яго ведаюць, каб немцы і іх не застрэлілі. Гэты выпадак быў, бадай што, адзіны ў нашай вёсцы за ўсю вайну. А ўвогуле нам пашчасціла, у нашым Заполлі было ціха, у адрозненне ад іншых мясцін: людзей не забівалі, вёску не палілі.

Цяжка было ўпраўляцца з гаспадаркай. Коней у вяскоўцаў амаль не было: у каго немцы, у каго партызаны забралі. Сусед сабе і нам араў поле каровамі, сваёй і нашай: запрагалі абедзве жывёліны і так аралі. На каровах вазілі сена. Усё рабілі разам з суседзямі: так было лягчэй і хутчэй. Адзін аднаму дапамагалі. Сеялі грэчку, лён, бульбу, жыта, проса. Нашага кавалка зямлі ў 30 сотак не хапала, каб пасеяць усё неабходнае. Таму ў лесе мы самі расчышчалі новыя невялічкія ўчасткі зямлі і там таксама засявалі. Як вырастала жыта, яго трэба было змалоць. Я хадзіла да жанчыны, у якой дома былі ручныя жорны, і малола зерне на муку. Камяні ў жорнах такія цяжкія, што іншы раз я і пакруціць іх не магла. Бачачы, што слабае дзіця не здолее пацягнуць камень, гаспадыня мне дапамагала.

Каб было што апрануць, мы збіралі лён, сушылі, церлі яго, кудзелю пралі — рабілі ніткі, а з іх ткалі палатно. З воўны таксама рабілі ніткі і вязалі сабе шкарпэткі ды хусткі.

За тры гады акупацыі ўдосталь мы ніколі не елі, перанеслі, як кажуць, і голад, і холад. У народзе ёсць такая прыказка: “Няма ані цыбулькі, ані ўкрышыць ува што”. Дык вось гэта дакладна пра нас. Збіралі з сястрою і братам вясною па палях перамёрзлую гнілую бульбу, а летам лебяду, шчаўе елі. Ратаваў лес: ягады і грыбы.

Зімою ў хаце быў страшны холад. Летам дроў не маглі назапасіць — не было на чым прывезці. Зімою на санках прывозілі. Але ж тыя сырыя дровы (лепш сказаць, іх падабенства) гарэць зусім не хацелі, толькі тлелі, а цяпла не давалі. Хату сагрэць такімі дровамі было немагчыма, і тэмпература ў пакоі была такая, што нават вада замярзала ў вядры. А няма агню ў печы — няма і ежы на стале. Таму адзін з вялікіх і горкіх успамінаў дзяцінства: я стаю каля печы і дую, дую, дую, каб агонь разгараўся…

Разам з дровамі ў лесе шукалі смалістыя карчы і з іх нарыхтоўвалі лучыну, каб у цёмны час, восенню і зімою, хоць трохі ў хаце відаць было.

Грошай у нас не было ніякіх. Калі штосьці патрэбна, дык абменьвалі тое, што ў нас было, на неабходныя рэчы. Так жылі ў асноўным усе людзі: вярнуліся да натуральнай гаспадаркі. З вёскі сваёй мы амаль нікуды не выходзілі. Зразумела, дзеці — баяліся далёка хадзіць. Толькі некалькі разоў з 15-гадоваю сяброўкаю Маняй хадзілі ў Гарадок і ў немцаў абменьвалі яйкі на сахарыну. Гэта такія маленькія салодкія таблеткі, мы імі саладзілі чай. Заходзілі ў хату і прапаноўвалі немцам яйкі. Я нават у іх вытаргавала цёплую, хоць і вельмі паношаную, шарсцяную коўдру, бо дома і накрывацца не было чым. Яна ратавала нас у маразы ў халоднай хаце і доўга нам служыла.

У пачатку лета 1944 года па вёсцы пайшлі чуткі, што хутка ўжо прыйдуць нашы. Потым над хатамі пачалі лятаць самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах. Адзін з савецкіх самалётаў немцы падбілі, і ён, палаючы, упаў прама ў нашу вёску: згарэлі тры хаты. У адзін з чэрвеньскіх дзён праз вёску прайшоў нямецкі абоз: акупанты сыходзілі. Ціха, моўчкі, панурыўшы галовы. Але ішлі яны вельмі доўга — і адкуль столькі іх набралася? На вазах везлі шмат клункаў і іншага дабра. Трэба сказаць, што, адыходзячы, яны нікога з жыхароў у вёсцы не чапалі. А пасля абеду ў вёску на танках прыехалі чырвонаармейцы. Тут ужо агульнай радасці не было мяжы. Хтосьці з жанчын нёс вызваліцелям малако ў гладышцы, а ў каго не было, дык у кубачку, хтосьці нёс хлеб. Усе вяскоўцы махалі ім рукамі, абдымалі салдат, цалавалі і плакалі ад шчасця”.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва Анастасіі Лісіцы 

Последние новости

Власть

Лукашенко видит перспективы, чтобы существенно добавить в сотрудничестве с Магаданской областью

20 мая 2024
Читать новость
Власть

Лукашенко и Алиев посетили возрождаемые территории Азербайджана: эмоции и впечатления из Карабаха

18 мая 2024
Читать новость
Общество

Фестиваль-конкурс детского искусства имени В. К. Иванова состоялся! Награждение

18 мая 2024
Читать новость
Культура

Второй день фестиваля-конкурса имени композитора Валерия Иванова в Глуске. Фоторепортаж

18 мая 2024
Читать новость
Общество

Лучший спасатель-высотник страны — Евгений Стародуб

18 мая 2024
Читать новость
Актуально

18 мая – День работников физической культуры и спорта Республики Беларусь

18 мая 2024
Читать новость
Культура

В Глуске стартовал I Открытый региональный фестиваль-конкурс детского искусства имени Валерия Иванова

17 мая 2024
Читать новость
Актуально

Изучаем мнение население: летне-оздоровительная кампания и занятость для несовершеннолетних

17 мая 2024
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Урок памяти, посвященный Дню Победы, в Глусской средней школе № 2

17 мая 2024
Читать новость
Актуально

Как предотвратить занос и распространение опасных заболеваний животных

17 мая 2024
Читать новость

Рекомендуем

Беларусь помнит

Глуск празднует День Победы. Фоторепортаж

9 мая 2024
Стрелка вверх
Культура

Глуск собирает юных певцов, музыкантов  и танцоров

17 мая 2024
Стрелка вверх
Общество

Программа праздничных мероприятий в День Победы, Глуск

7 мая 2024
Стрелка вверх
Культура

Второй день фестиваля-конкурса имени композитора Валерия Иванова в Глуске. Фоторепортаж

18 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Афиша выходного дня. Мероприятия в Глуске 11—12 мая

10 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Афиша выходного дня. Что посмотреть и куда сходить в Глуске 18—19 мая

16 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

Эх, люди, люди… Из звонка в редакцию

10 мая 2024
Стрелка вверх
Актуально

В Глуске прошли мероприятия, посвященные Дню Государственного флага, Государственного герба, Государственного гимна Республики Беларусь

12 мая 2024
Стрелка вверх