Рус Бел Eng 中文

Славутасці Бялыніцкага раёна

Заазерскі запаведнік

У паўночна-заходняй частцы Бялыніцкага раёна размешчаны ланцуг азёр ледніковага паходжання: Заазерскае, Карманаўскае, Чорнае (Курганаўскае), Пустое (назва возера цалкам адказвае яго, так бы мовіць, зместу: у ім чамусьці не водзіцца рыба), Хатом’е (Святое), Сярэдняе, Баўсевіцкае. Усе гэтыя азёры злучаны паміж сабой падземнай плынню.

Мабыць, самым прыгожым, таямнічым і загадкавым сярод азёр з’яўляецца Хатом’е, якое людзі называюць Святым. Паводле легенды, калісьці на месцы возера стаяла царква і размяшчалася вёска. Жылі тут звычайныя людзі, якія хацелі і ўмелі працаваць і пасля цяжкага працоўнага дня адпачываць і весяліцца. А ў цяжкія часы гэтыя людзі, як і ўсе ў той час, знаходзілі суцяшэнне ў царкве. Напалі на гэтую вёску ворагі. І людзі схаваліся ў царкве. У той час як ворагі рабавалі і палілі вёску, людзі маліліся ў царкве і прасілі ў Бога дапамогі. Бог пачуў іх малітвы: царква з людзьмі і разрабаваная і спаленая вёска праваліліся пад зямлю, а на гэтым месцы ўтварылася дзіўнае па сваёй прыгажосці і глыбіні возера. Кажуць, што летняй раніцай, калі заціхаюць нават птушыныя спевы, калі прыслухацца, то можна пачуць царкоўныя спевы. Кожны год Святое возера прыцягвае да сябе шмат людзей, якія сустракаюць тут самае старажытнае, таямнічае і прыгожае народнае свята – Купалле. І ніхто не можа перашкодзіць гэтаму яднанню чалавека і прыроды. Не знішчаны культ Сонца, святая вера чалавечая ў язычніцкага бога Ярылу.

Але не толькі азёрамі багаты запаведнік. На паўночным напрамку ад Заазерскага возера, дарэчы, самага першага ў ланцугу азёр, знаходзяцца старажытныя каменныя крыжы. Навукоўцы да гэтага часу не ведаюць, адкуль яны ўзяліся сярод лесу. Самая папулярная версія, што крыжы пазначаюць месцы старажытных пахаванняў. На іх маюцца выявы таемных знакаў, якія яшчэ не расшыфраваны. На адным з крыжоў намалявана воўчая галава. Мяркуецца, што калісьці тут жыло племя, якое пакланялася ваўкам.

 

 

***

Крынкі

На маляўнічым беразе ракі Друць, за 1,5 кіламетра ад дарогі Бялынічы-Быхаў, размешчана ўрочышча Крынкі.

Крынкі – былы панскі маёнтак. Тут нарадзіўся беларускі і рускі жывапісец-пейзажыст В.К.Бялыніцкі-Біруля (1872-1957), народны мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы Акадэмік АН БССР (1947), член АН СССР (1947).

З’яўляўся членам Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў (1904), Саюза рускіх мастакоў (1909). Адзін са стваральнікаў і членаў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі. Найбольш вядомыя карціны: «Вясна ідзе» (1899), «Лясная рэчка зімой» (1920 года), «Пачатак восені» (1933), «Па слядах фашысцкіх варвараў» (1942), «Дні майскіх руж» (1950), «Вясна ідзе» (1957). Імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі носяць мастацкія музеі і вуліцы ў Бялынічах і Магілёве. Штогод Крынкі наведваюць ўдзельнікі міжнароднага пленэру па жывапісе, прысвечанага памяці В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

Пра тое, што тут калісьці быў панскі маёнтак, зараз нагадваюць толькі кусты бэзу. Існуе здагадка, што назва «Крынка», паходзіць ад слова «крыніца». Крыніца і сапраўды ёсць на беразе Друці. Старажылы згаджаюцца з гэтай версіяй. Колькі яны памятаюць, крынічка ніколі не зарастала, яшчэ, напэўна, і да памешчыка тут была. Крынічка і цяпер сваёй сцюдзёнай празрыстай вадой здавальняе смагу і лечыць раны. А народная памяць захоўвае легенду пра яе ўзнікненне.

... Калісьці, у даўні час праз нашу вёску праходзіў паштовы тракт. Па ім ездзілі карэты з багатымі вяльможамі. І вось аднойчы ехаў па гэтым тракце памешчык ў залатой карэце з маладой дзяўчынай. Яны ўцяклі ад бацькоў, таму што дзяўчына была сялянкай і яго бацькі не пагадзіліся на шлюб. І вось, калі яны ехалі, зямля раскрылася і карэта правалілася пад зямлю. А на гэтым месцы стала біць ключом крыніца. Вада ў ёй заўсёды чыстая і халодная. Чыстая, таму што каханне маладога паніча і дзяўчыны было чыстым, а халодная – ад багацця, залатой карэты, ад холаду золата.

 

***

Мемарыяльны комплекс «Стэфанава»

На паўднёвым усходзе Бялыніцкага раёна, за 15 км ад трасы Мінск – Магілёў, некалі размяшчалася невялікая, акружаная лясамі вёска Стэфанава. Жылі ў ёй звычайныя людзі, працавалі ў калгасе «Чырвоная ніва». Да вайны ў вёсцы налічвалася 25 двароў з насельніцтвам больш за 100 чалавек. І жыццё ў ёй здавалася звычайным і спакойным. Аднак неўзабаве мір і спакой вёскі быў парушаны – вайна.

22 чэрвеня 1941 г. быў парушаны ход жыцця ўсіх людзей Савецкага Саюза – пачалася Вялікая Айчынная вайна. Многія мужчыны з вёскі сышлі на фронт. А тыя, хто застаўся, актыўна ўключыліся ў барацьбу з акупантамі. Вёска Стэфанава была партызанскай. Тут дзейнічала савецкая ўлада. Гасцінна адчынялі дзверы лясным салдатам жыхары вёскі. Партызаны адпачывалі тут пасля баявых паходаў, лячылі параненых. Многія жыхары вёскі былі сувязнымі. Фашысцкія вылюдкі вырашылі расквітацца з непакорлівай вёскай, вырашыўшы сцерці яе з твару зямлі.

22 снежня 1942 г. больш за тысячу ўзброеных эсэсаўцаў акружылі навакольныя лясы. Як галодныя ваўкі, накінуліся яны на мірных жыхароў. У той дзень у вёсцы знаходзілася 97 чалавек. 96 – было расстраляна і жыўвымі спалена. Гэта былі ў асноўным жанчыны, дзеці, старыя: самаму малодшаму некалькі месяцаў, а самай старэйшай – 70 гадоў. І толькі аднаму чалавеку – Гарбачэўскаму Р.М. атрымалася вырвацца з гэтага пекла, няхай цяжка параненым, але жывым. Але і ён нядоўга пражыў пасля вайны – памёр у 1953 г.

Адшумелі баі, адгрымелі залпы Перамогі. Але аб трагедыі Стэфанава не было забыта. На месцы знішчанай вёскі 8 верасня 1968 г. быў пастаўлены помнік ахвярам фашызму. Непадалёку ад помніка камяні нагадваюць, што тут стаялі некалі дамы. Адзінокае дрэва, якое засталося ад вялікага некалі саду, і гранітны манумент жанчыны, якая прыціснула да сябе дзіцяці.

Пройдуць гады, і людзі будуць памятаць тую вайну. Нічога нельга забываць, каб цішыня і блакітнае неба заўсёды былі над Радзімай.