Рус Бел Eng 中文

Славутасці Быхаўскага раёна

Сінагога

Уладзімір Пярвышын, даследчык яўрэйскіх гістарычных культавых збудаванняў, у газеце «Маяк Прыдняпроўя» паведамляе аб Быхаўскай сінагозе. Каменнымі збудаваннямі ў горадзе, аказваецца, былі не толькі замак і згаданы касцёл, але і адна з трох цэркваў, і сінагога. Апошняя будавалася ў 40-50-х гг. XVII ст. і прызначана была ў тым ліку і для абароны замка. Гэты храм абарончага тыпу быў выкананы ў стылі рэнесанс.

Быхаўская сінагога з’яўлялася цэнтрам рэлігійнага і грамадзянскага жыцця мясцовых яўрэяў, якія ў XIX ст. складалі палову насельніцтва горада.

Будынак захаваўся. Ён уяўляе сабой амаль квадратны ў плане будынак (20 × 21 м) з таўшчынёй сцен два метры. Да аднаго з кутоў яго прыбудавана круглая вежа з байніцамі замест вокнаў.

Унутранае аснашчэнне храма традыцыйнае: пасярод залы чатыры васьмігранныя калоны і алтарная шафа з прыступкамі на ўсходняй сцяне. Гэта біма. Біма выконвала дзве важныя функцыі: канструктыўную – на яе абапіралася перакрыцце, і рэлігійную – яна з’яўлялася кафедрай для чытання малітваў.

З паўднёвага боку будынка раней існавала прыбудова, дзе маліліся толькі жанчыны. Унутры сцены сінагогі ўпрыгожвала багатая лепка з жывёлай і раслінным арнаментам. Захаваліся фрагменты тых ляпных упрыгожванняў.

Тэрыторыя двара сінагогі, які называўся сінагагальным, або школьным, была забудаваны рэлігійнымі і грамадскімі будынкамі: малітоўнымі домікамі, лазнямі, прыбіральнямі. Там размяшчаўся нават «шпіталь». Усе гэтыя будынкі былі з дрэва. Некаторыя прыціскаліся («ляпіліся») да сцен сінагогі, вокны якой знаходзіліся на ўзроўні традыцыйнага другога паверха.

Мікалай Архіменя ў газеце «Маяк Прыдняпроўя» за 5 жніўня 2006 г. піша пра яўрэяў Быхава і суседняй з ім вёскі Сапежынка. Ён паведамляе, што ў гэтыя месцы прадстаўнікі іўдзейскай рэлігіі прыбылі на мяжы XVI-XVII стст. з Галіцыі. У той час у многіх краінах Заходняй Еўропы праводзіўся прыгнёт яўрэяў, у тым ліку і ў Аўстра-Венгерскай імперыі, якой тады належала Галіцыя.

Сярод прыбылых былі сталяры, шорнікі, печнікі, хлебапекі. Іх прафесійныя сакрэты перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Да прыкладу, мясцовыя яўрэі Дрыбінскія заўсёды, колькі памяталі свой род, займаліся гарбарнымі вырабамі, Узілеўскія былі хлебапекамі, Гурэвічы – печнікамі, Двоскіны займаліся сталярнай працай, Марозавы прыслугоўвалі ў багатых быхаўлян.

У жніўні 1941 года карнікі сталі выганяць яўрэяў Быхава з дамоў. Мужчын тут жа расстрэльвалі, а жанчын і дзяцей адпраўлялі ў Быхаўскі замак. Потым усіх павялі да таго месца на дарозе Быхаў – Вароніна, дзе быў выкапаны супрацьтанкавы роў. Усяго ў тым месцы знішчана больш за 4 тысячы яўрэяў ...

Зараз праводзіцца рэстаўрацыя з рэканструкцыяй. Адкрыты дабрачынныя рахункі.

***

Замак

М. А. Ткачоў у «Энцыклапедыі» паведамляе, што замак у Быхаве існаваў з XVI ст.

Ён быў пабудаваны на высокім правым беразе Дняпра на месцы селішча XIV-XV стст. і да 1590 г. меў драўляна-земляныя ўмацаванні: вал, сцены ў выглядзе агароджы, вежы і ўязную браму.

У канцы XVI ст. гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля дазвол на ўмацаванне замка. Будаўніцтва новага сучаснага па тых мерках фартыфікацыйнага збудавання ажыццяўлялася на старым месцы і скончылася толькі ў 1619 г.

Пры Сапегах, да якіх Быхаў афіцыйна адышоў ў 1628 г., замак значна перабудавалі. Былі насыпаны бастыёны. Збудаванне стала займаць участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м. З трох бакоў подступы да яго абараняў роў (да 27 м глыбінёй) і валы з бастыёнамі. З усходняга боку перыметр замкавага двара («дзяцінец») забудаваны жылымі і гаспадарчымі каменнымі будынкамі, у тым ліку палацам. Заходні («прыступны») бок быў дадаткова ўмацаваны васьміграннымі двух’яруснымі цаглянымі вежамі, якія мелі па 7-8 байніц і засцерагалі («фланкіравалі») подступы да брамы.

Уязная вежа таксама была з цэглы, таксама двух’ярусная з паўкруглымі перакрыццямі і чарапічным купалам («галкай»), увянчаным металічным сцяжком («флюгерам», «ветрагонам»), на якім красаваўся герб Сапегаў. Двухстворкавыя высокія брамы уязной вежы былі дадаткова ўмацаваны буйной рашоткай («герсай») і спецыяльнай сістэмай жалезных завалаў. На час адкрыцця брамы герса ўздымалася.

Да ўязной вежы цераз роў вёў драўляны мост, пасярэдзіне якога была дадаткова зроблена перашкода ў выглядзе «рашоткі з дрэва сталярнай работы».

Палац знаходзіўся на восі ўезду ў замак. На першым яго паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні, на другім – панскія пакоі і сталовая зала. Пад гэтым будынкам размяшчаліся велічэзныя падвалы з высокай столлю. Там захоўваліся прадукты і жыла прыслуга.

На замкавым двары, у самым цэнтры, знаходзіўся калодзеж.

Казарма размяшчалася ў памяшканні, прыбудаваным да сцяны справа ад уязной вежы. У Быхаўскім замку пастаянна знаходзіўся вялікі воінскі гарнізон, які падпарадкоўваўся мясцоваму адміністратару («губернатару»).

Па звестках за 1692 г. у цэйхгаузе Быхаўскага замка размяшчаліся 34 гарматы, 32 «свінні» волава, салетра, ядры, картузныя зарады для 3-, 4-, 6-, 10-фунтовых гармат, ручныя гранаты трох тыпаў (жалезныя, драўляныя і шкляныя). Акрамя таго, 1200 мушкетаў, 38 гакаўніц, 8 арганаў, старасвецкі аркебуз, 50 пар «бляхі гусарскай» (металічныя пласціны, якія ахоўвалі грудзі), косы, формы для адліўкі ядраў, жалезныя пікі, а таксама баявыя сцягі («харугвы»).

У 1831 г., калі замак паступіў у казну, ён некаторы час знаходзіўся ў запусценні. Але ў 70-х гадах XIX ст. яго адрамантавалі і ў яго памяшканнях размясціліся казармы. На сённяшні дзень захаваліся толькі фрагменты Быхаўскага замка.

Зараз праводзіцца рэстаўрацыя з рэканструкцыяй. Адкрыты дабрачынны рахунак.

***

Свята-Траецкая царква

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў жылой частцы Быхава ў сярэдзіне XIX ст. Будынак захаваўся і зараз успрымаецца як гістарычная каштоўнасць. Справа ў тым, што драўляных храмаў у Прыдняпроўі практычна не засталося. Будынак крыжападобны. На скрыжаванні ліній – вялікі светлавы васьмігранны барабан, завершаны купалам у выглядзе шатра. Над бабінцам (уваходам у царкву) – двух’ярусная васьмігранная вежа-званіца. Сцены аббітыя вертыкальна габляванай дошкай.

Царква захоўвае беларускую рэліквію – Баркалабаўскі абраз Божай Маці, святкаванне якой прыпадае на 11 ліпеня.

У гэты дзень у Быхаве збіраецца незлічоная колькасць паломнікаў. Насельніцтва горада ў гэты дзень быццам падвойваецца і нават патройваецца. І гэты абраз будзе заставацца ў Быхаве да таго часу, пакуль не адродзіцца з попелу сапраўдная і адзіная яго калыска – манастыр у вёсцы Баркалабава.

Мікалай Леўчанка ў газеце «Маяк Прыдняпроўя» за 1 ліпеня 1992 г. паведамляе, што папушчэннем Божым ў лета 1654 г. падчас валадарання караля Уладзіслава IV Рэч Паспалітая і Расія сышліся ў вайне адна супраць адной. Князь Пажарскі – ваявода рускага войска, уступіўшы ў межы Вялікага Княства, здабыў там ікону найсвяцейшай Багародзіцы і заўсёды на працягу вайны браў яе з сабой на месца бітвы. І абраз цудоўным чынам дапамагаў яму.

Калі скончылася вайна, князь вяртаўся ў Маскву. Ён разлічваў забраць гэты абраз з сабой. Але, праязджаючы непадалёк ад Быхава міма Вазнясенскага Баркалабаўскага жаночага манастыра, дасягнуўшы ўжо манастырскай брамы, фурманка, у якой знаходзіўся абраз Царыцы Нябеснай, спынілася. І колькі ні стараліся і людзі, і коні, зрушыць яе не ўдалося.

Тады князь, бачачы, што нічога не дапамагае, пайшоў у манастыр да былой тады ігуменні Фацініі Кіркіраўне і сказаў: «Вазьміце абраз Божай Маці, бо Маці Божая хоча тут знаходзіцца».

Тады ігумення з сёстрамі з належным гонарам прынялі святую ікону і паставілі яе пасярод царквы, адклаўшы выбар для яе месца да раніцы. Але раніцай, калі прыйшлі ў царкву, то да ўсеагульнага здзіўлення ўбачылі, што цудатворны абраз сам па сабе здабыў месца і стаяў не сярод царквы, а каля сцяны, з правага боку іканастаса, дзе з таго часу і знаходзіўся да закрыцця манастыра.

Святкаванне яго адбываецца ў дзень Святой роўнаапостальнай княгіні Вольгі і Святой велікамучаніцы Яўфіміі. Менавіта ў гэты дзень абраз прыбыў у Баркалабаўскі манастыр.

Ён заставаўся там да 1917 г. Потым, здаецца, падчас вайны, аб’явіўся ў Быхаўскай царкве. У тым жа артыкуле аўтар паведамляе, што абраз збіраліся вывезці з Быхава. 7 чэрвеня 1992 г. архіепіскап Максім, прыбыўшы з дэлегацыяй духавенства, хацеў забраць яго і адправіць у новы Мікольскі манастыр у г. Магілёве. Але супраціўленне вернікаў не дазволіла зрабіць гэта.

 

Царква Казанскай Божай Маці

Знаходзіцца ў в.Баркалабава Быхаўскага раёна, пабудавана ў 1904 годзе з цэглы. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.

Кампазіцыя царквы выцягнута-восевая: пяцігранная апсіда з сіметрычнымі рызніцамі па баках, пастаўлены папярок асноўны аб’ём, больш нізкі дадатковы аб’ём і бабінец. Усе часткі будынка накрыты асобнымі пакатымі двухсхільнымі дахамі (першапачатковыя не захаваліся). На фасадах зроблены аконныя праёмы розных формаў, багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай: карнізы, абрамленні ў выглядзе какошнікаў, двайных калонак і інш. У інтэр’еры плоскія падшыўныя столі.

Царква з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю.

 

Цудатворны абраз Божай Маці Баркалабаўскай

Некалі Баркулабаўская лаўра была знакамітая на ўсю Еўропу. Сёння ў мястэчку Баркалабава за 8 кіламетраў на поўнач ад Быхава знаходзіцца дзеючы жаночы манастыр у гонар Узнясення Гасподняга, заснаваны яшчэ ў 1623 годзе Багданам Сцяткевічам.

У саборным храме манастыра захоўваўся цудатворны абраз Божай Маці, падораны манастыру ў 1659 годзе князем Пажарскім, які вяртаўся з войскамі ў Расію з Літвы. Існуе легенда, што абраз быў схаваны ў ваенным абозе. Калі атрад князя праходзіў міма манастыра, «абоз стаў нерухомы» і ніякія намаганні не змаглі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры, і перадаў яго ігуменні Фацініі Кіркіраўне. Абраз быў першапачаткова змешчана ў цэнтры Узнясенскай царквы, у наступную ноч ён незразумелым чынам перамясціўся да сцяны храма.

На пакланенне абразу ў Баркалабаўскі манастыр сцякаліся паломнікі не толькі праваслаўнага веравызнання, але і ўніяты і каталікі. Абраз праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года.

Цудатворны абраз перажыў усе войны 17-20 стагоддзяў і ўсе ганенні на рэлігію, уключаючы савецкія часы. У 1882 годзе Вазнясенскі храм згарэў, але цудатворны абраз, іканастас і начынне былі выратаваны ад пажару. Пасля 1920 года Баркалабаўскі манастыр зачынілі. У час Вялікай Айчыннай вайны іконы захавала былая інакіня (паводле іншых вусных звестак, абраз знаходзіўся ў капліцы на чыгуначнай ст. Быхаў). У 1953 годзе перад святам Вялікадня цудатворны абраз быў прынесены ў Свята-Траецкі храм у Быхаве і змешчаны ў спецыяльны прысценны кіёт.

Гэты абраз з’яўляецца адным з самых шанаваных вобразаў Маці Божай ва Усходняй Беларусі. Баркалабаўская Адзігітрыя, напісаная тэмперай на хвойнай аснове з пазалочаным разным фонам, з’яўляецца адным найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу і разам з тым захоўвае выразныя рысы яго старажытна-візантыйскага правобраза. Даследчыкі выказваюць меркаванне, што абраз створаны на мяжы 16-17 стагоддзяў або ў 1-й палове 17 стагоддзя ў цэнтральна-беларускім рэгіёне (магчыма ў Слуцку). Іканаграфія блізкая да Іверскай і Іллінскай (Чарнігаўскай) іконы Божай Маці.

Божая Маці намалявана амаль пакаленна, убрана ў цёмна-пурпурны мафорый, упрыгожаны 3 залатымі ажурнымі зоркамі і залатой карункавай каймой з кісцямі, цёмна-зялёная сукенка мае шырокую жамчужную обнізь на гарлавіне і паручах, залаты німб гравіраваны прамяністым ззяннем. Аблічча Багародзіцы напоўнена царскай прыгажосцю, высакароднасцю і смуткам. Схіліўшы галаву да немаўляці, якое сядзіць на Яе левай руцэ, высока паднятай уверх правай рукой Яна паказвае на бласлаўляючую руку Сына. Немаўля Хрыстос, у белым хітоне-кашулі з адкладным каўняром, аперазаны чырвоным поясам, у вохрыста-чырвоным гіматыі з багатым залатым асістам, злёгку павернуты да Маці Божай, бласлаўляе правай рукой, у левай руцэ трымае скрутак.

На жаль, не захаваўся сярэбраны пазалочаны аклад абраза, які быў упрыгожаны каштоўнымі камянямі і жэмчугам; у сярэбранай зорцы поплеч ножкі Бога-дзіцяці знаходзіліся часцінкі мошчаў св. Еўфрасінні Полацкай і св. Лангіна. Захаваліся звесткі пра рэстаўрацыю і частковую пераробку акладу ў 1868 г.

Дзень святкавання абраза даводзіцца на 11 ліпеня старога стылю (24 ліпеня новага стылю) – дзень яго з’яўлення ў Баркалабаўскім манастыры.

Зараз цудатворны абраз знаходзіцца ў Свята-Вазнясенскім жаночым манастыры каля аг.Баркалабава Быхаўскага раёна.

 

Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль

Ствараўся на працягу 19 стагоддзя. У цэнтры сядзібы, на пагорку, размешчаны цагляны палац, пабудаваны ў стылі класіцызму. Парк перад палацам, закладзены ў 1-ай палове 19 ст., мае рэгулярную планіроўку. Прамыя ліпавыя алеі змяняюцца на яго ўскраінах жывапіснымі ландшафтнымі кампазіцыямі. Упрыгожвае парк вялікі дэкаратыўны басейн з фантанамі перад верандай палаца. Усяго ў парку больш за 60 розных відаў дрэў і хмызнякоў. Дзякуючы гарманічнаму спалучэнню архітэктуры і зялёных насаджэнняў, сядзіба ў в. Грудзінаўка з’яўляецца адным з найбольш каштоўных помнікаў садова-паркавага мастацтва ў рэспубліцы.

 

***

Мемарыял партызанскай славы «Курган Бессмяротнасці»

Быў адкрыты на заходняй ускраіне вёскі Добужа 9 мая 1966 года. У кастрычніку 1943г. асобае рэйдавае партызанскае злучэнне «Трынаццаць» пад камандаваннем С.У.Грышына вытрымала ў гэтых лясах сямнаццацідзённую блакаду гітлераўцаў.

***

Мемарыял воінскай славы «Лудчыцкая вышыня»

Быў адкрыты да 40-й гадавіны вызвалення Быхаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1984 года каля в.Лудчыцы Быхаўскага раёна. Мемарыял стварылі скульптары П.Белавусаў, У.Лятун, архітэктары В.Бялянкін, М.Мызнікаў. Мемарыял увекавечыў подзвіг воінаў 556 стралковага палка 169 стралковай дывізіі, якія былі ўдастоены звання Герояў Савецкага Саюза за подзвігі, здзейсненыя пры ўзяцці вышыні 150,9 і на подступах да яе.

 

Дуб гігант (больш за 300 гадоў) – помнік прыроды мясцовага значэння. Знаходзіцца за 2 км. на паўднёвы ўсход ад в.Хомічы Быхаўскага раёна.

***

Каскад крыніц «Захаранка» – помнік прыроды мясцовага значэння. Знаходзіцца за кіламетр на поўдзень ад в.Гамарня Быхаўскага раёна.

***

Сосны-гіганты

Помнік прыроды “Сосны-гіганты” прадстаўлены пятнаццаццю дрэвамі біялагічнага віду хвоя звычайная. Узрост дрэў 150-160 гадоў, вышыня 27-30 метраў, дыяметр ствала 0,65-0,85 метра, дыяметр кроны. На тэрыторыі помніка прыроды знаходзяцца пабудовы і зямлянкі партызанскага злучэння, якія захаваліся з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Помнік прыроды «Сосны-гіганты» з’яўляецца эстэтычнай і культурна-гістарычнай каштоўнасцю.

***

Дубовы гай (Дубкі) – помнік прыроды мясцовага значэння. Знаходзіцца ў пойме ракі Днепр за 1км. на паўднёвы ўсход ад горада Быхава.

 

Ландшафтны заказнік “Старыца” – помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Плошча ахоўнага аб’екта – 2033 га. Тэрыторыя размешчана за 8 км на поўдзень ад г.Быхава паміж вёскамі Прыбор і Тайманава ў даліне Дняпра. Ахоўваюцца пойменныя ландшафты ў даліне р.Днепр, дзе сканцэнтраваны ўсе тыповыя для даліны ракі формы, якія адлюстроўваюць гістарычныя і сучасныя геамарфалагічныя працэсы.

 

Адным з самых маляўнічых месцаў не толькі Магілёўскай вобласці, але і Беларусі можна назваць Чыгірынскае вадасховішча. Размешчана на рацэ Друць (Кіраўскі – Быхаўскі раёны).

Плошча вадасховішча – 21,1 км2, максімальная глыбіня – 8,1 м, даўжыня – 17 км, максімальная шырыня – 2,4 км, даўжыня берагавой лініі – 55 км, аб’ём вады – 60 млн.м3.

Створана ў 1960 г. для энергетычных (Чыгірынская ГЭС) мэтаў, лесасплаву і рэкрэацыі. Берагі ў прыплаціннай частцы абразіўныя, справа – высокія, злева – спадзістыя. Дно – забалочаная пойма Друці – у асноўным выслана торфам і заіленым пяском. Ёсць востраў плошчай 0,37 км2.

Замярзае вадасховішча ў пачатку снежня, лёд (таўшчыня да 55 см) трымаецца да пачатку красавіка. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы абнаўляецца на працягу 27 сутак.

Чыгірынскае вадасховішча – месца заняткаў вяслярным, водна-маторным і інш. відамі спорту, папулярнае месца рыбалкі. У вадаёме водзіцца лешч, шчупак, плотка, акунь.