Рус Бел Eng 中文

Хто дапаможа вярнуць да паўнацэннага жыцця паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці?

Два гады таму на Магілёўшчыне была прынята праграма адраджэння раёнаў, найбольш пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У аснову дакумента лёг Указ Прэзідэнта краіны № 235 “Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў”, падпісаны 8 чэрвеня 2015 года. Што зроблена за гэты час?

Карэспандэнт «Белчас» пабываў у Слаўгарадскім раёне, дзе пасля аварыі на ЧАЭС з землекарыстання было выведзена звыш 13% тэрыторыі.

– Забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі аказаліся ў асабліва складаных сацыяльна-эканамічных умовах, – расказвае намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта. – Адзначаліся спад сельгасвытворчасці, адток насельніцтва – за мінулыя гады з раёна з’ехала і было пераселена больш за 7 тыс. чалавек; ліквідаваны 3 сельскія Саветы, 4 калгасы, адселена 25 населеных пунктаў, 17 з іх пахаваны.

Асноўная надзея ў межах рэалізацыі праграмы адраджэння раёна тут, паводле слоў суразмоўцы, ускладаецца на знешніх інвестараў, дзейнасць якіх заахвочваецца згодна згаданага вышэй указа.

– Для іх, да прыкладу, прадугледжана зніжэнне падаходнага падатку (з 13% да 10%) і памеру абавязковых узносаў па страхаванні выпадкаў дасягнення пенсійнага ўзросту, інваліднасці і страты карміцеля (з 28% да 24%). Акрамя гэтага, з’явілася магчымасць атрымання льготнага банкаўскага крэдыту. З ліпеня 2015 года ў межах праграмы працуюць 3 фермерскія гаспадаркі і 8 прыватных арганізацый, дзейнасць якіх звязана з гандлем, дрэваапрацоўкай і вытворчасцю мясных прадуктаў і паўфабрыкатаў. Дзякуючы гэтым арганізацыям 142 жыхары раёна атрымалі працу. За 2 апошнія гады зарэгістраваліся і пачалі дзейнасць 56 індывідуальных прадпрымальнікаў (у асноўным у сферы гандлю і паслуг).

Рэалізуецца таксама інвестыцыйны праект па будаўніцтве сучаснага свінагадоўчага комплексу на 24 тыс. галавы, які прадугледжвае стварэнне каля 60 рабочых месцаў. Яго будаўніцтва пачнецца ўжо ў ліпені. Яно часткова фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту па лініі падтрымкі чарнобыльскіх раёнаў і Банкам развіцця.

Разглядаюцца і праекты па стварэнні новых вытворчых участкаў у райпо і жылкамгасе. А плануемае адкрыццё прыватнай вытворчасці арачных канструкцый дазволіць стварыць яшчэ каля 50 новых працоўных месцаў.

– Праграма разлічана на 5 гадоў, і мы ўпэўненыя, што да 2020 года эканоміка нашага раёна стане больш эфектыўнай, – адзначае Сяргей Міхалюта. – Галоўнае – зацікавіць прадпрымальных людзей, якія, на мой погляд, яшчэ недастаткова інфармаваны аб новых магчымасцях.

На канструктыўныя змены разлічваюць і жыхары Слаўгарадчыны. Насельніцтва раёна складае сёння каля 13 тыс. чалавек. Многія працуюць у Расіі, паколькі на радзіме не задавальняе ні прапанаваная праца, ні зарплата – у сярэднім па раёне яна складае зараз крыху больш за 530 рублёў.

Паводле слоў старшыні Слаўгарадскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланы Дзенісенка, выкананне комплексу мер рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна рэгулярна разглядаецца на пасяджэннях райвыканкама і райаб’яднання прафсаюзаў.

– Перш за ўсё ў частцы занятасці, узроўню аплаты працы і стварэння новых працоўных месцаў, – падкрэслівае Святлана Дзенісенка. – Мы рэгулярна аналізуем змест калектыўных дагавораў арганізацый на прадмет наяўнасці ў іх палажэнняў, прадугледжаных Генеральным, абласным, галіновым і раённым пагадненнямі. Значную ўвагу надаём распаўсюджванню станоўчага вопыту. Напрыклад, у СВК «Прывольны» цікава працуюць з маладымі спецыялістамі: «мясцовая канстытуцыя» гэтай гаспадаркі прадугледжвае нямала льгот, таму моладзь, адпрацаваўшы размеркаванне, застаецца. Але такая сітуацыя, на жаль, пакуль яшчэ нетыповая.

Зараз у арганізацыях раёна працуе каля 600 маладых спецыялістаў – прыкладна пятая частка працаздольнага насельніцтва Слаўгарадчыны. Узровень аплаты іх працы невысокі, але варта памятаць, што ва ўсіх так званых чарнобыльскіх раёнах маладым настаўнікам, работнікам спажыўкааперацыі, культуры і аховы здароўя, а таксама спецыялістам АПК з дзяржбюджэту адначасова выплачваюць па 200 базавых велічынь (БВ) пры ўмове заключэння кантракта на 5 гадоў. Калі ж потым кантракт заключаецца яшчэ на 5 гадоў, то належыць выплата ў 500 БВ.

І ўсё ж, як заўважыла старшыня Моладзевага савета Слаўгарадскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Салдаценка, у раёне застаюцца толькі тыя, хто працай гатовы вярнуць сваёй малой радзіме былы дабрабыт.

Алена ЮШКЕВІЧ,  belchas.by