Рус Бел Eng 中文

Найбольш частыя пытанні спажыўцоў у зваротах

Якія патрабаванні мае права прад’явiць спажывец у выпадку выяўлення недахопаў у тавары?

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года “Аб ахове правоў спажыўцоў” (далей – Закон) прадавец абавязаны перадаць спажыўцу пры заключэнні дагавора куплі-продажу тавар належнай якасці. У выпадку выяўлення недахопаў у тавары спажывец мае права выбраць адно з патрабаванняў, указаных у артыкуле 20 Закона:

– замена недабраякаснага тавару таварам належнай якасцi;

– суразмернае змяншэнне пакупнога кошту тавару;

– неадкладная бясплатная лiквiдацыя недахопаў тавару;

– кампенсацыя расходаў па лiквiдацыi недахопаў тавару;

– пакрыццё расходаў па рамонце;

– скасаванне дагавора рознiчнай куплi-продажу і патрабаванне вярнуць выплачаную за тавар грашовую суму.

У адпаведнасці з артыкулам 21 Закона патрабаванні ў дачыненнi да недахопаў тавару спажывец па сваім меркаванні мае права прад’явiць прадаўцу (вытворцу, пастаўшчыку, прадстаўніку). Адказнасць за належную якасць тавару (праяўленне ў ходзе эксплуатацыі скрытых недахопаў) нясе прадавец (вытворца, пастаўшчык, прадстаўнік) на працягу гарантыйнага тэрміну на тавар, а калі ён не ўстаноўлены або складае менш за два гады – на працягу двух гадоў (артыкулы 20, 21 Закона).

Спажывец мае права прад’явiць патрабаваннi, названыя ў п. 1 арт. 20 Закона, за выключэннем патрабавання суразмернага змяншэння цаны тавару, пастаўшчыку, прадстаўніку ў выпадку:

эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) прадаўца (вытворцы);

прыпынення або спынення яго дзейнасці;

адсутнасці ў спажыўца дакладных звестак аб прадаўцу (вытворцу);

месца знаходжання або месца жыхарства вытворцы за межамі Рэспублікі Беларусь.

Пры невыкананні пастаўшчыком, прадстаўніком названых патрабаванняў спажывец мае права вярнуць тавар неналежнай якасці адпаведна пастаўшчыку, прадстаўніку і патрабаваць вяртання выплачанай за тавар грашовай сумы (п. 6 арт. 20 Закона).

Усе свае патрабаванні рэкамендуецца падаць у пісьмовай форме ў выглядзе прэтэнзіі. Прэтэнзію можна накіраваць па пошце заказным лістом або з паведамленнем аб уручэнні на юрыдычны адрас прадаўца (вытворцы). Прэтэнзію спажывец таксама можа пакінуць у кнізе заўваг і прапаноў.

Прэтэнзія павінна змяшчаць:

назву арганізацыі, індывідуальнага прадпрымальніка, якім накіроўваецца прэтэнзія;

прозвішча, імя, імя па бацьку грамадзяніна, дадзеныя пра месца жыхарства;

выкладанне сутнасці прэтэнзіі (калі, дзе і што было вамі набыта, па якім кошце, чым вы гэта можаце пацвердзіць, недахопы тавару);

дата, подпіс.

 

У выпадку прадяўлення патрабавання аб вяртанні грашовых сродкаў за няякасны тавар якія павінны быць дзеянні прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, прадстаўніка)?

У адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 20 Закона прадаўцу прадастаўлена права пры прад’яўленні патрабаванняў спажыўцом па пытанні продажу яму тавару неналежнай якасці правесці праверку якасці тавару ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам для задавальнення патрабавання спажыўца (напрыклад, пры вылучэнні патрабавання аб вяртанні грашовых сродкаў – на працягу 7 дзён).

Пры ўзнікненні спрэчкі аб наяўнасці і прычынах недахопаў тавару прадавец абавязаны правесці незалежную экспертызу якасці тавару за свой кошт. Пра месца і час правядзення экспертызы спажыўцу павiнна быць паведамлена ў пісьмовай форме. Спажывец мае права прыняць удзел у праверцы якасці і правядзенні экспертызы тавару асабіста ці праз свайго прадстаўніка. Разам з тым заканадаўствам прадугледжана права спажыўца на правядзенне экспертызы самастойна (у гэтым выпадку прадаўцу (вытворцу) павiнна быць паведамлена пра такое рашэнне спажыўца). Калі ў выніку экспертызы тавару будзе ўстаноўлена, што недахопы тавару адсутнічаюць ці ўзніклі пасля перадачы тавару спажыўцу ў вынiку парушэння iм устаноўленых правіл выкарыстання, захоўвання, транспарціроўкі тавару, спажывец абавязаны пакрыць прадаўцу выдаткі на правядзенне экспертызы.

Разам з тым, згодна з пунктам 9 артыкула 20 Закона, у выпадку нязгоды з высновамі экспертызы спажывец мае права аспрэчыць такое заключэнне ў судовым парадку.

 

Якія правы мае спажывец, ажыццяўляючы пакупку ў Інтэрнэт- краме?

Пры набыцці тавараў у інтэрнэт-краме за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”.

У адпаведнасці з артыкулам 28 Закона спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту перадачы яму нехарчовага тавару належнай якасці абмяняць набыты тавар на аналагічны тавар альбо вярнуць яго, за выключэннем тавараў, прадугледжаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па Рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”»ад 14.06.2002 г. № 778.

Патрабаванне спажыўца аб абмене ці вяртанні якаснага тавару падлягае задавальненню толькі ў тым выпадку, калі

– тавар не быў ва ўжыванні;

– тавар захаваў свае спажывецкія ўласцівасці;

– маюцца доказы набыцця гэтага тавару ў гэтага прадаўца.

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 16 Закона, калі пры рэалізацыі спажыўцу тавараў праз Інтэрнэт-краму спажыўцу не дадзена магчымасць атрымаць неабходную і дакладную інфармацыю аб тавары ў момант дастаўкі тавару, спажывец мае права адмовіцца ад набыцця тавару без кампенсацыі прадаўцу выдаткаў, звязаных з дастаўкай такога тавару.

Спажывец у выпадку, калі яму прададзены тавар неналежнай якасці і (або) недахопы не былі агавораны з прадаўцом, мае права на свой выбар прад’явiць адно з патрабаванняў, прадугледжаных артыкулам 20 Закона.

Згодна з пунктам 8 артыкула 20 Закона адсутнасць у пакупніка дакумента, які пацвярджае факт пакупкі тавару, не з’яўляецца падставай для адмаўлення ў задавальненні яго патрабаванняў, паколькі пацвярджэннем набыцця тавару ў гэтага прадаўца могуць служыць, напрыклад, упаковачныя матэрыялы (фірмовыя пакеты, папера і г.д.), запіс у кнізе папярэдніх заказаў і г.д.

У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 20 Закона спажывец мае права вярнуць няякасны тавар прадаўцу без спажывецкай тары (упакоўкi).

 

У выпадку адсутнасці ў спажыўца чэка на тавар ці мае права ён звярнуцца да прадаўца па пытанні абмену або вяртання тавару?

Згодна з артыкулам 20 Закона адсутнасць у спажыўца дакумента, якi пацвярджае факт набыцця тавару, не з’яўляецца падставай для адмаўлення ў задавальненні яго абгрунтаваных патрабаванняў.

У адпаведнасці з артыкулам 28 Закона патрабаванне спажыўца аб абмене цi вяртаннi якаснага тавару падлягае задавальненню на працягу 14 дзён, калі тавар не быў ва ўжыванні, захаваны яго спажывецкія ўласцівасці і маюцца доказы набыцця яго ў дадзенага прадаўца.

Для пацвярджэння факта набыцця тавару могуць выкарыстоўвацца элементы спажывецкай тары (упакоўкi), на якіх маюцца адзнакі, што пацвярджаюць набыццё тавару іменна ў гэтага прадаўца, а таксама дакументы і іншыя сродкі даказвання, якія паказваюць на набыццё тавару ў гэтага прадаўца.

Такім чынам, у выпадку прадастаўлення іншых доказаў (пры адсутнасці чэкаў), абгрунтаваныя патрабаванні спажыўца прадаўцом павінны быць задаволены.

 

Куды можа звярнуцца спажывец па ахову сваіх правоў?

Для аховы сваіх інтарэсаў спажывец можа звярнуцца:

у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія ў адпаведнасці з артыкулам 43 Закона абавязаны звяртацца ў суд з іскам аб ахове правоў спажыўца;

у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў;

з іскам аб ахове сваіх правоў у судзе.

У адпаведнасці з артыкулам 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка) спажыўцы вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны па iсках, звязаных з парушэннем іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове правоў спажыўцоў.