Рус Бел Eng 中文

Славутасці Глускага раёна

 

Помнік С. І. Грахоўскаму
 
***
Помнік воінам-інтэрнацыяналістам
***

 

Алея Славы

***
 
Мемарыяльны комплекс «Воінская Слава»
***
 
Глускае замчышча
 
У «Магілёўскай праўдзе» за 26 ліпеня 2002 г. у артыкуле Ірыны Бераставай знаходзім звесткі аб Глускім замку і яго малюнак-рэканструкцыю, якую выканала дыпломніца факультэта архітэктуры Вольга Балейка.
 
Аўтар згаданага артыкула бярэ інтэрв’ю ў археолага Ірыны Ганецкай, якая некалькі апошніх летніх сезонаў праводзіць раскопкі на мясцовым замчышчы.
 
Першы замак у Глуску, на думку археолага, быў заснаваны яшчэ Юрыем Гальшанскім ў пачатку XVI ст. Ён быў драўляным і размяшчаўся ў непасрэднай блізкасці ад мястэчка. Драўляныя сцены таго замка былі запоўненыя знутры пяском, глінай і камянямі. У іх ўбудавалі ўсяго дзве вежы.
 
Новы замак узвёў у сямідзясятых гадах XVII ст. дзейны Аляксандр Палубінскі. Менавіта тады насыпалі існуючы цяпер земляны вал і выкапалі шырокі роў. У цэнтры замчышча пабудавалі палац, які абаранялі пяць курцін, размешчаных сіметрычна, і па гэтай прычыне яны надавалі агульнаму плану замчышча выгляд зоркі. Ад вежы на Галоўнай браме пракапалі падземны ход, які павінен быў забяспечваць рух салдат унутры замка. Увесь будынак быў узведзены па кнізе XV ст. «Пачаткі вайсковай фартыфікацыі». Праз роў перад Галоўнымі варотамі быў пабудаваны пад’ёмны мост.
 
Крыху пазней намаганнямі ўсё таго ж Аляксандра Палубінскага непадалёк ад палаца на замкавым двары быў пастаўлены касцёл.
 
У Міхаіла Ткачова чытаем, што ў Глускім замку існавала цэлая сістэма падземных хадоў. Адзін з іх выводзіў да ракі і тым самым вырашаў праблему водазабеспячэння ў перыяд аблогі.
 
Уяздныя, або Галоўныя, вароты былі пабудаваны ў выглядзе 3-яруснай мураванай вежы. 1-шы ярус займала праязная частка. Сюды ж зверху на ланцугах воратам спускалася дубовая рашотка, акаваная жалезам. У другім ярусе размяшчалася вялікая зала, прабрацца ў якую можна было альбо па лесвіцы, альбо праз падземны ход.
 
Завершылі браму чатырохсхільным чарапічным купалам, які вянчаў бляшаны флюгер-сцяжок.
 
На замкавым двары размяшчаліся цэйхгауз, калодзеж, кухня, стайня і некалькі сажалак, дзе захоўвалі рыбу.
 
Што тычыцца палаца, то ён размяшчаўся ў цэнтры замчышча, быў з дрэва і меў усяго адзін паверх. У цэнтры яго размяшчалася парадная зала, а па баках жылыя пакоі.
 
У дакументах XVII ст., як паведамляе Ткачоў, згадваецца яшчэ адна вежа. Яна мела два паверхі і размяшчалася ў курціне, разгорнутай у бок ракі.
 
Згодна з інвентаром 1692 г. у замку пастаянна знаходзіўся гарнізон, які складаўся з 21 воіна («жаўнера»).
 
Будзем спадзявацца, што з часам замак будзе адноўлены.

 

***
Свята-Богаяўленскі храм
 
Згодна з матэрыяламі, сабранымі супрацоўнікамі Глускай раённай бібліятэкі, Богаяўленскі Глускі прыход быў заснаваны яшчэ ў XVII ст. Тады ўладальнікі горада дваране Канстанцін і Аляксандр Палубінскія ахвяравалі на царкву. Затым, у XVIII ст., на яе ахвяравалі Радзівілы. А яшчэ праз сто гадоў – граф Іосіф Юдыцкі.
 
У 1863 г. стараннем казны ў Глуску была ўзведзена новая царква. Яна была каменнай. Ёй належала ў агульным плане 147 дзесяцін зямлі.
 
Выдатным ў гісторыі Богаяўленскай мясцовай парафіі з’яўляецца перыяд, калі настаяцелем царквы быў пратаіерэй Рыгор Рункевіч. На гэтай пасадзе яго зацвердзілі 14 ліпеня 1887 г.
 
Прыбыўшы, святар Рыгор заспеў у парафіі крайняе запусценне. Сярод начыння не было ніводнай каштоўнай рэчы, ні адной новай рызы. Сам будынак царквы пакасіўся і быў падобны больш на старыя разваліны. Кнігі метрычныя вяліся нядбайна, каля паловы людзей не былі ўпісаны зусім. Не існавала і журнала ўліку набажэнстваў . І само набажэнства, нягледзячы на тое, што ў парафіі было два святары, вялося нерэгулярна. Самі прыхаджане падчас службы вялі сябе недастойна, не былі навучаны прыстойнасці – размаўлялі, пераходзілі з месца на месца, заходзілі ў алтар, цалавалі Царскую Браму, якую па неасцярожнасці нават выламвалі.
 
Паводле слоў святара Рыгора, ні адзін з вернікаў не ўмеў не толькі спавядацца, але нават правільна жагнацца. Царкоўныя старасты вельмі хутка багацелі і набывалі сабе ў мястэчку крамы і дамы. Самі выбары ў царкоўныя старасты праводзіліся нядобрасумленна і не кожныя тры гады, як таго патрабаваў устаноўлены парадак. Землі царкоўныя аддаваліся памешчыкам.
 
Быў знішчаны і прададзены былы царкоўны дубовы лес. Ніхто не клапаціўся пра пабудову дамоў для святароў. На царкоўным пагосце ўсё лета і восень пасвіліся свінні і каровы старасты. Могілкі не мелі агароджы і таму забруджваліся жывёлай.
 
Рыгор Рункевіч ўзяўся за ўладкаванне парафіяльнага жыцця. Ён увёў рэгулярнае набажэнства. Кожную нядзелю стаў гаварыць пропаведзі, выкрываючы заганы і грубыя норавы мясцовых абывацеляў. Забараніў прыходзіць у царкву з люлькай у зубах. Пачаў збор ахвяраванняў на рамонт храма і ўладкаванне парафіі. Зрабіў адкрытым бюджэт царквы.
 
Ужо ў найбліжэйшыя гады святар Рыгор здолеў адрамантаваць царкву, набыць для яе прыстойныя рэчы і рызніцы, выпісаць два званы. Адкрыў таксама прыходскае вучылішча. Да 1898 г. завяршыў пабудову дамоў для кліру.
 
Памёр святар Рыгор 12 кастрычніка 1915 г. і быў пахаваны ля сцен царквы.
 
У 1937 годзе бальшавікі зрабілі ў царкве клуб. Драўляную званіцу разабралі, а на месцы алтарнай часткі ўладкавалі сцэну.
 
У 1941 годзе гітлераўцы перааснасцілі клуб у стайню. Праваслаўныя звярнуліся да акупацыйных улад з просьбай вярнуць зняважаную святыню. І храм быў аддадзены ім.

У перыяд новых ганенняў на царкву, у 60-я гады XX ст., мясцовыя ўлады разбурылі царкву і пабудавалі на яе месцы рэстаран. Але магіла святара Рыгора і яшчэ дзве магілы побач не зааралі. Усе гэтыя тры пахаванні перанеслі на гарадскія могілкі, на іх усталявалі металічныя крыжы, а з фрагментаў рашоткі амбона разбуранай царквы збудавалі агароджу. Сёння царква – гонар Глуска.

 

 

***
Духоўная і гістарычная рэліквія Глушчыны – Свята-Косма-Даміянаўская царква ў вёсцы Гарадок, якую пабудавалі ў маляўнічым кутку над Пціччу, на высокім узгорку. Гэтыя мясціны здаўна аблюбавалі людзі, пра што сведчаць бліжэйшыя помнікі археалогіі – стаянкі бронзавага веку, больш за 20 курганоў.
 
Храм пабудаваны ў 1814 годзе ў гонар перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года памешчыкам Жылінскім, непасрэдным удзельнікам паходу рускай арміі ў Парыж. Асвечаны ў гонар святых бяссрэбранікаў і цудатворцаў братоў Космы і Даміяна Асійскіх, якія жылі ў ІІІ стагоддзі н.э. (з поспехам вылечваючы хворых, яны не бралі платы, бо лячылі людзей дзеля Бога), прастольнае свята – 14 лістапада.
 
Царква – помнік народнага драўлянага дойлідства з выкарыстаннем стылізаваных элементаў класіцызму. Будынак складаецца з прамавугольнага асноўнага аб’ёму, пяціграннай апсіды, трох’яруснай званіцы і бабінца. Над асноўным аб’ёмам размешчаны васьмігранны паяднаны купал вышынёй 16 метраў на гранёным светлавым барабане. Купальную столь вянчае выява Госпада Уседзяржыцеля. У інтэр’еры шырока выкарыстоўваецца разьба па дрэве, галоўны ўваход выкананы ў выглядзе стылізаванага порціка.
 
Свята-Косма-Даміянаўскі храм не толькі адзін з найстарэйшых на тэрыторыі вобласці, але і адзін з трох прыкладаў выкарыстання візантыйскіх архітэктурных традыцый, якія захаваліся на постсавецкай прасторы. Знаходзіцца пад аховай дзяржавы, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
 
За 195-гадовую гісторыю існавання храма набажэнствы перарываліся толькі на паўгода, перад вайной у 1940 годзе, калі была спроба выкарыстаць памяшканне пад ганчарную майстэрню, але з пачаткам вайны службы аднавіліся.
 
У 1944 годзе, падчас адступлення, калі разгарэліся жорсткія баі за стратэгічна важны мост праз раку Пціч, храм быў ператвораны гітлераўцамі ў абарончы рубеж.
 
Захоўваемая Богам і людзьмі, царква істотна не пацярпела, але на фасадзе і купалах і сёння выразна бачныя сляды кулямётных чэргаў.
 
У пасляваенныя гады Свята-Косма-Даміянаўскі храм быў адзінай дзейнай царквой на тэрыторыі Глушчыны. Нягледзячы на аддаленасць, яна і сёння з’яўляецца адным з самых шануемых і часта наведаваемых прыхаджанамі і пілігрымамі месцаў.

 

 

***
У Глускім раёне (в.Дварэц) захаваліся некаторыя дэталі сядзібнай пабудовы пачатку XX стагоддзя:

 

 

А ў вёсцы Завалочыцы захаваліся сядзібныя пабудовы XIX стагоддзя: спіртзавод, спіртасховішча, сам сядзібны будынак 

 

 

***
У вёсцы Сіманавічы Глускага раёна захаваўся будынак паштовай станцыі сярэдзіны XIX стагоддзя.

 

 

***
Бясспрэчна, да славутасцяў Глушчыны можна аднесці возера Байлюкі і сажалкі аграгарадка Заеліца.

 

 Байлюкі

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.