Рус Бел Eng 中文

Пошукавы атрад і клуб Віккру, Магілёўская вобласць

 “Маючы справу з лёсамі людзей,

мы не маем права на памылку” 

Грамадскае аб’яднанне «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» і аднайменны Магілёўскі пошукавы атрад «Віккру»

Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» («Вікторыя cruenta» – лац. – перамога, заваяваная крывёю) створаны ў 1994 годзе пры Магілёўскім абласным цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій з мэтай пошуку і ўшанавання памяці невядомых абаронцаў Айчыны, якія загінулі ў 1941-1945 гг, зараз – ДУДА «Абласны цэнтр творчасці». У 2009 годзе клуб зарэгістраваны ва ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама як «Грамадскае аб’яднанне «Магілёўскі АГППК “Віккру”». Арганізатарам і нязменным кіраўніком пошукавікаў з’яўляецца ваенны гісторык, пісьменнік Мікалай Сяргеевіч Барысенка. Сёння ў клуб уваходзіць 17 пошукавых атрадаў і груп. Арганізацыя не імкнецца да масавасці, і таму ў клубе няма выпадковых людзей. Сярод яго членаў – навучэнцы і працоўная моладзь, краязнаўцы, навукоўцы – гісторыкі і філосафы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, музейныя работнікі, журналісты, дзеючыя і афіцэры запасу – усе, хто неабыякавы да ваеннага мінулага свайго краю.

Сярод найлепшых пошукавікаў клуба – Яўген Бацанаў, Сяргей Бяспанскі, Віталь Дракін, Сяргей Жыжыян, Аляксандр Карасцялёў, Андрэй Макаеў, Сяргей Поразаў, Антон Пракапнёў, Алег Пускоў, Юрый Сцяпанаў, Лілія Счыслёнак, Сяргей Тагаеў, Ілья Трыханаў, Аляксей Цюцюнкоў, Аляксандр Халееў, Пётр Хаванскі, Святлана Ходоркіна, Ларыса Хамякова, Ягор Шчанаў і іншыя.

За кожнай знаходкай імя, лёс і гонар салдата

Штогод хлопцы  і дзяўчаты ў складзе міжнародных, рэспубліканскіх і абласных вахтаў памяці праводзяць краязнаўчыя пошукавыя экспедыцыі на месцах жорсткіх баёў у Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцях. За кожнай знаходкай, якая дзесяцігоддзі праляжала ў зямлі, – імя, лёс і гонар салдата. За кожным паднятым самалётам або бранятэхнікай – людзі, якія загінулі, экіпажы, якія, як лічылася ўсе гэтыя гады, “не вярнуліся з баявога задання”. У выніку пошукавых работ сумесна з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь за гэтыя гады выяўленыя дзясяткі невядомых раней пахаванняў, падняты і ўрачыста перапахаваны астанкі 820 байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, устаноўлены імёны 59 з іх, падтрымліваецца сувязь з роднымі і блізкімі загінуўшых.

З мэтай вывучэння баявых дзеянняў пошукавікі клуба працуюць у Дзяржаўных архівах Магілёўскай вобласці, фондах абласнога краязнаўчага музея і абласной бібліятэкі. Для правядзення даследчай работы яны рэгулярна выязджаюць у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. У выніку гэтай працы ўстаноўлены імёны больш за 15 000 абаронцаў Магілёўшчыны, якія лічыліся прапаўшымі без вестак. Хлопцы і дзяўчаты актыўна вывучаюць інфармацыю на расійскіх І-нэт сайтах АБД «Мемарыял», «Подзвіг народа» і «Памяць народа» ЦАМА РФ і Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі.

Першым крокам да выкарыстання матэрыялаў Інтэрнэт-рэсурсаў сталі шматлікія звароты грамадзян Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Бельгіі, Латвіі, ЗША, Ізраіля з просьбамі аб дапамозе ў пошуку і ўстанаўленні лёсаў сваякоў, якія загінулі або прапалі без вестак у гады вайны на тэрыторыі Беларусі. У выніку пошукава-даследчай працы ў архівах і на раскопках пошукавікі вярнулі ў сем’і сотні імёнаў іх родных, якія загінулі на вайне. Спісы на тысячы абаронцаў Айчыны, схемы невядомых раней масавых і адзіночных пахаванняў з прозвішчамі і ўстаноўленымі дадзенымі на загінуўшых перададзены ў абласны і раённыя ваенныя камісарыяты, органам выканаўчай улады.

Па запрашэнні Саюза пошукавых атрадаў Расіі пошукавікі з ВА “Віккру”, «Зніч» (г. Магілёў), «Памяць» (Магілёўскі раён), «Спадчына» (г. Слаўгарад), «Абеліск 92/1» (г. Бабруйск) і інш. працуюць у складзе зводных пошукавых экспедыцый у Смаленскай, Пскоўскай, Наўгародскай, Ленінградскай, Маскоўскай і інш. абласцях Расійскай Федэрацыі. Іх тэарэтычная падрыхтоўка і практычная праца «ў полі» атрымала высокую ацэнку, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды, граматы, падзякі і дыпломы.

У сваю чаргу, расійскія пошукавікі з г. Арзамаса Ніжагародскай вобласці, Татарстана, Тульскай, Маскоўскай, Ленінградскай і Саратаўскай абласцей рэгулярна прыязджаюць на Магілёўшчыну, дзе сумесна з «Віккру» ўдзельнічаюць у палявых раскопках на месцах баёў.

«А там, дзе гліну я з табой капаў, за намі вырастаюць абеліскі ...»

Устанаўленне помнікаў ці мемарыяльных знакаў на месцах жорсткіх баёў – яшчэ адзін напрамак дзейнасці клуба. Па ініцыятыве яго штаба і з дапамогай дзяржаўнага фінансавання ў гарадах Магілёве і Бабруйску, а таксама ў Бабруйскім, Быхаўскім, Дрыбінскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскі, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах установяць 30 помнікаў і мемарыяльных знакаў загінуўшым байцам і камандзірам Чырвонай Арміі. Тры вуліцы Магілёва названы імёнамі герояў абароны горада ў 1941 годзе – камандзіра звяна 161-га знішчальна-авіяцыйнага палка М. Цярохіна, начальніка штаба 747-га стралковага палка Г. Златавустаўскага, камандзіра 394-га стралковага палка Я. Слепакурава. Чарговая задача пошукавікаў «Віккру» – устанавіць памятны знак на беразе ракі Проні ў памяць пра штрафнікоў Чырвонай Арміі, якія на працягу 9 месяцаў штурмавалі тут нямецкія пазіцыі.

Клуб цесна супрацоўнічае з упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны РБ і 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам, Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, воінскімі часткамі, абласным і раённымі ваеннымі камісарыятамі, пошукавымі аб’яднаннямі Расіі і Украіны, Магілёўскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, рэдакцыяй усерасійскага часопіса “Ваенная археалогія” і інш.

Штабам клуба выдадзены дапаможнік для кіраўнікоў пошукавых работ «Пошук», «Зборнік пошукавай песні», з 2001 года выпускаецца адзінае ў Беларусі выданне аб пошукавай працы моладзі – ваенна-гістарычны зборнік «Магілёўскі пошукавы веснік» (пры дзяржаўным фінансаванні), разлічаны на моладзевую аўдыторыю, ідэалагічны актыў, педагогаў і навучэнцаў устаноў адукацыі – усіх, хто цікавіцца пошукам і вывучэннем невядомых старонак Вялікі Айчыннай вайны. Пабачылі свет навукова-папулярнае выданне “Старонкі вызвалення Магілёва: год 1944”, хранікальна-дакументальная кніга «Дняпроўскі рубеж: трагічнае лета 1941-га года», дакументальныя матэрыялы якой леглі ў аснову поўнаметражнага мастацкага фільма “Дняпроўскі рубеж”, знятага Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм».

Магілёўскія пошукавікі падтрымліваюць цесныя сувязі з беларускімі і расійскімі тэлеканаламі БТ, ОНТ, СТВ, РТР, НТВ, ТБ-1 Магілёў, «Радыё-Магілёў» і інш. Знята 5 дакументальных фільмаў пра абарону Магілёва і вобласці, шматлікія спецрэпартажы і відэасюжэты пра вайну.

20-й мехкорпус: вяртанне з нябыту

Выключна рэдкім поспехам для пошукавікаў лічыцца знаходка ў зямлі дакументаў вайсковых злучэнняў. Пошукавікам клуба пашанцавала двойчы. Спачатку ў 1999 годзе ў лесе каля в. Васькавічы Чавускага раёна была знойдзена скрыня з асабістымі справамі і ваеннымі квіткамі 38-га матарызаванага пантонна-маставога батальёна 38-й танкавай дывізіі 20-га мехкорпуса. А праз 5 гадоў у тых жа лясах, але ўжо ў в. Самулкі Чавускага раёна з дапамогай мясцовых жыхароў былі знойдзены 2 металічныя скрыні са штабнымі дакументамі ўпраўлення 20-га механізаванага корпуса (спісы беззваротных страт, аргштатныя кнігі, загады, данясенні, ведамасці за перыяд з красавіка па ліпень 1941-га года). Пра гэта вайсковае злучэнне, яго ролі ў абароне Магілёва і Дняпроўскага рубяжа гаварылася вельмі мала, а яго ўдзел у баях за Магілёў-на-Дняпры ўсе пасляваенныя гады адмаўляўся. Большая частка байцоў і камандзіраў частак корпуса загінула або трапіла ў палон пры выхадзе з Магілёўскага акружэння ў ліпеньскіх баях 1941 года. Дзякуючы знаходцы пошукавікаў «Віккру» была ліквідавана прычына забыцця цэлага злучэння і лёсаў дзясяткаў тысяч яго салдат.

Частку са знойдзеных дакументаў удалося прачытаць, што дазволіла ўвесці ў навуковы абарот новыя дадзеныя аб колькасным складзе і ўзбраенні удзельнікаў абароны горада, а таксама гісторыі мехкорпуса ў цэлым. Па месцах пахаванняў больш за 200 байцоў і камандзіраў устаноўлены баявы шлях злучэння пры яго адступленні з-пад Мінска да Магілёва. На жаль, поўны пайменны спіс асабовага складу корпуса сярод выяўленых дакументаў не захаваўся.

«Погибшие в небе над родиной становятся небом над ней…»

2013-2015 гады ўвайшлі ў гісторыю клуба ўстанаўленнем месцаў падзення ў гады вайны двух савецкіх самалётаў: пікіруючага бамбардзіроўшчыка Пе-2 у Магілёўскім, дальняга бамбардзіроўшчыка Іл-4 у Клічаўскім і знішчальніка Ла-5 у Чавускім раёнах. Падчас раскопак сумесна з 52-м АСПБ МА РБ падняты фрагменты самалётаў, рухавіка і астанкі лётчыкаў у Магілёўскім і Клічаўскім раёнах. Па нумарных дэталях рухавікоў дзякуючы дапамозе расійскіх і ўкраінскіх пошукавікаў ўстаноўлены імёны экіпажаў і баявыя гісторыі самалётаў. На магіле лётчыкаў у в. Макаранцы Магілёўскага раёна збудаваны помнік, а ў г. Клічаве, на брацкай магіле борт-стралка і стралка-радыста – памятны знак. На жалобнай ўрачыстай цырымоніі перапахавання прысутнічалі сваякі загінулых з Масквы і Ташкента. Праца над устанаўленнем лёсу лётчыка і абставінаў гібелі знішчальніка Ла-5 у Чавускім раёне працягваецца.

«Погибшим возвращают имена прочитанные нами медальоны»

Штаб клуба праводзіць вялікую выхаваўчую і навукова-асветніцкую работу сярод моладзі і жыхароў вобласці. Па пытаннях пошукавай работы педагогі, гісторыкі, пісьменнікі – сябры клуба – пастаянна праводзяць экскурсіі, выступаюць перад навучэнцамі школ, студэнтамі ВНУ, іншымі аўдыторыямі слухачоў, у тым ліку на тэлебачанні, радыё і ў прэсе. Актыўна праводзіцца выставачная дзейнасць. Толькі за апошнія гады клубам арганізаваны і праведзены выставы: «Рэха Вялікай вайны», сумесна з Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Е. Раманава – «Наша памяць – вайна», з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і музеем гісторыі Магілёва – «Асобы пошуку», у ДУДА «Абласны цэнтр творчасці» – «Погибшим возвращают имена прочитанные нами медальоны» і “За кожнай знаходкай – імя, лёс і гонар салдата”, створана экспазіцыя музея імя М.Гастэлы ў сярэдняй школе №21 г. Мінска.

Пошукавікі «Віккру», працягваючы вялікую справу сваіх дзядоў і прадзедаў, якія не вярнуліся з вайны, перакананы, што для іх сапраўды «вайна не скончыцца да таго часу, пакуль не будзе пахаваны апошні салдат, які загінуў на ёй».

Кіраўнік клуба і атрада – Барысенка Мікалай Сяргеевіч

Адрас: 212030, Рэспубліка Беларусь, г. Магілёў, зав. Пажарны, 7.

Тэлефон: (80222) 22 16 20; 20 62 17; +375 29 6456797 (Вэлком)

E-mail: viccry@mail.ru

Сайт:  www.barysenka.by

Спампаваць фотагалерэю [.zip, 5.89 МБ]