Рус Бел Eng 中文

Пошукавая група «Следапыт», Бялыніцкі раён

Пошукавая група «Следапыт» грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру» створана на базе ДУА «Свяцілавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Бялыніцкага раёна» і пастаўлена на ўлік у Бялыніцкім раённым выканаўчым камітэце.

Пошукавікі групы метадам вывучэння мемуарнай літаратуры, архіўных матэрыялаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, пошуку на расійскім Інтэрнэт-сайце АБД «Мемарыял» у 2009 годзе ўстанавілі імёны 33 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія загінулі і прапалі без вестак на тэрыторыі Бялыніцкага раёна, а таксама выявілі імёны сорак аднаго невядомага раней земляка, якія загінулі і прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Члены пошукавай групы «Следапыт» за перыяд 2010-2011 гадоў абследавалі наваколлі ў раёне вёсак Свяцілавічы, Вялікі Трылесін, Запакулле, Шылавічы, Няропля, Сцюдзёнка, Краснае, Прыхабы, Лебедзянка, Камяніца, Кудзіна, Нежкі, Рогач, Осліўка, пасёлка Савецкі Бялыніцкага раёна на прадмет знаходжання раней невядомых пахаванняў воінаў Чырвонай Арміі і партызан. За мінулы перыяд былі ўстаноўлены прозвішчы 6 воінаў 32-й стралковай дывізіі, якія загінулі 28 чэрвеня 1944 года каля вёскі Рогач. На Інтэрнэт-сайце «АБД Мемарыял» былі ўстаноўлены імёны 12 чырвонаармейцаў, якія загінулі на тэрыторыі Бялыніцкага раёна, а таксама імёны 11 воінаў-землякоў, якія загінулі, прапалі без вестак на франтах вайны.

За перыяд 2013-2014 гадоў на Інтэрнэт-сайце «АБД Мемарыял» былі ўстаноўлены імёны 52 воінаў-землякоў, якія загінулі, прапалі без вестак, памерлі ў нямецкім палоне ў 1941-1945 гадах.

За перыяд 2014-2015 гадоў членамі пошукавай групы «Следапыт» былі складзены спісы загінуўшых партызан 122-га партызанскага палка «За Радзіму», 600-га партызанскага палка, 35-га і 760-га партызанскіх атрадаў Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы (ВАГ) 113-га і 121-га партызанскіх палкоў, 61-й брыгады Паўлава Магілёўскай ВАГ, 208-га партызанскага палка імя Сталіна Клічаўскай ВАГ, брыгады «Чэкіст» Шклоўскай ВАГ, брыгады Ільіна Круглянскай ВАГ, Смаленскага партызанскага палка «Трынаццаць», якія загінулі і пахаваны на тэрыторыі Бялыніцкага раёна. Усяго – 536 чалавек.

Усе ўдакладненыя спісы перададзены ў Бялыніцкі райваенкамат і ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама.

У 2013 годзе пошукавікамі групы ўстаноўлены могілкі ХV стагоддзя каля вёскі Сцюдзёнкі, дзе, як мяркуецца, пахаваны воіны князя Свідрыгайлы, а ў 2016 годзе членамі групы выяўлена адно з першых хрысціянскіх пахаванняў у в. Масцішча Бялыніцкага раёна.

Матэрыялы аб рабоце пошукавай групы «Следапыт» друкаваліся на старонках газет «Магілёўскія ведамасці», «Магілёўская праўда», «Звязда», асвятляліся на тэлеканалах «Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-4», на Інтэрнэт-парталах.

Кіраўнік групы – Марозаў Анатоль Іванавіч.

Адрас: 213169, Бялыніцкі раён, аг. Свяцілавічы, вул. 70 год Кастрычніка, 4а, ДУА «Свяцілавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Тэлефоны: (8 02232) 74 812, 375.298.512.479.

Е-mail: anatolmorozov@tut.by