V ФОРУМ РЭГІЁНАЎ БЕЛАРУСІ І РАСІІ

Магілёў. 10-12 кастрычніка 2018 года.

Рус Бел Eng 中文

Славутасці Горацкага раёна

Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія
 
У раённай кнізе “Памяць” пад аўтарствам У. Ліфшыца, М. Дзюбакова і 3. Зябкіна, а таксама І. Кажамякава і П. Кавалёва ёсць некалькі раздзелаў, якія тычыцца гісторыі выдатнай навучальнай установы, якая захоўвае свой статус і аўтарытэт ўжо каля двух стагоддзяў. Дзякуючы ёй горад Горкі кожны навучальны сезон, пачынаючы з верасня, прыкметна маладзее і таму становіцца прыгажэйшым і больш актыўным.
 
Улетку 1835 г. Камітэт міністраў царскай Расіі выслаў спецыяльную камісію, якая павінна была абследаваць маёнткі, каб выбраць месца для стварэння сельскагаспадарчай школы. Камісія спыніла свой выбар на тутэйшым маёнтку.
 
24 красавіка 1836 г. выдадзены ўказ Сената аб заснаванні Горы-Горацкай земляробчай школы.
 
На працягу наступных 1837-40 гг. пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара А. Кампіёні для школы было ўзведзена 35 будынкаў: тры цагляныя трохпавярховыя карпусы, майстэрні, аранжарэі, жылыя дамы для выкладчыкаў, лазня, лазарэт і іншыя. На будаўніцтва было выдзелена 296 тысяч рублёў.
Урачыстае адкрыццё земляробчай школы адбылося 15 жніўня 1840 г.
 
Школа мела два разрады: першы і другі. У кожным вучыліся па 3 гады.
 
Першы разрад даваў асновы аграноміі. Камплектаванне ажыццяўлялася ў асноўным дзецьмі дзяржаўных і прыгонных сялян 16-20 гадовага ўзросту. Прымалі тых, хто ўмеў чытаць, пісаць і ведаў чатыры дзеянні арыфметыкі. Навучэнцы вывучалі земляробства, жывёлагадоўлю, кармленне, лясную гаспадарку. Другі разрад, куды прыгонных ўжо не прымалі, рыхтаваў аграномаў. Яго навучэнцы вывучалі аграномію, лесаводства, гісторыю і статыстыку сельскай гаспадаркі, хімію, заалогію, батаніку.
 
Усе навучэнцы жылі ў пансіёне і насілі форму. За імі прыглядалі наглядчыкі з унтэр-афіцэраў. Вінаватых каралі розгамі і саджалі ў карцар. Тры гады навучэнцы не мелі права пабываць дома – нават падчас вакацый.
 
У 1842 г. другі разрад быў рэарганізаваны ў самастойную навучальную ўстанову – Вышэйшую сельскагаспадарчую школу. У яе прымалі дзяцей дваран і разначынцаў, якія скончылі гімназію і вытрымалі ўступны іспыт.
 
З 1848 г. першы разрад Горы-Горацкай сельскагаспадарчай школы быў рэарганізаваны ў Земляробчы інстытут з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Яго выпускнікі атрымлівалі званне вучонага памочніка аканома, а праз шэсць гадоў працы па спецыяльнасці – атэстат вучонага аканома. У розныя гады ў ёй навучалася ад 100 да 200 студэнтаў, пераважна дзяцей дваран, мяшчан, купцоў і духавенства. Прычым, не толькі з Расіі, але і з Германіі, Францыі. На працягу чатырох гадоў студэнты вывучалі фізіку, хімію, батаніку, заалогію, паляводства, лугаводства, жывёлагадоўлю, лесаводства, бухгалтэрыю, архітэктуру, геадэзію, а пазней і палітэканомію. Пасля заканчэння інстытута выдаваўся дыплом агранома.
 
З 1859 г. пры інстытуце пачала дзейнічаць новая адукацыйная ўстанова, пасля (1909) ператвораная ў вучылішча, – класы прыватных каморнікаў (землямераў) і таксатараў.
 
Пры інстытуце дзейнічаў завод па вырабу цэглы і дрэнажных труб, майстэрня сельскагаспадарчых машын, сыраварня, пасека.
 
Акрамя таго, у сценах яе дзейнічалі і часткова дапамагалі ёй у эканамічным плане тры музеі: заалагічны, анатамічны, сельскагаспадарчых машын.
 
Гонарам інстытута доўгі час заставаўся яго батанічны сад, які налічваў калекцыю больш за 3870 раслін.
 
У 1864 г. за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 г. інстытут быў пераведзены ў Пецярбург. За 16 гадоў свайго існавання ў Горках у яго сценах было падрыхтавана 499 аграномаў вышэйшай кваліфікацыі.
 
Пасля закрыцця інстытута асноўнай адукацыйнай установай у Горках стала земляробчае вучылішча, якое да гэтага мусіла падпарадкоўвацца інстытуту.
 
Зноў статус вышэйшы навучальнай установы – інстытута – Горацкае вучылішча атрымала толькі 7 красавіка 1919 г. На першым арганізацыйным сходзе тайным галасаваннем быў створаны камітэт інстытута. Ён складаўся з 25 чалавек. Рэктарам выбралі У. І. Кіркора. З Масквы і Петраграда прыехалі прафесары І. Д. Богаяўленскі і М. Я. Якабсон. Прафесар Д. М. Пранішнікаў быў абраны кансультантам. Загадчыкам кафедры батанікі і фізіялогіі раслін запрасілі прафесара М. В. Рытава.
 
У тым жа 1919 г. было вырашана залічыць студэнтамі інстытута 75 выпускнікоў былых сельскгаспадарчага і землямерна-агранамічнага вучылішчаў. 3 кастрычніка 1919 г. былі пачаты заняткі на двух факультэтах: сельскагаспадарчым і культуртэхнічным (пазней апошні быў перайменаваны ў інжынерна-меліярацыйны).
 
У жніўні 1925 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў рашэнне аб зліцці Беларускага інстытута сельскай гаспадаркі і Горацкага сельскагаспадарчага інстытута ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі з цэнтрам у Горках.
 
У 1926-30 гг. у акадэміі быў пабудаваны вучэбны корпус, пяць жылых будынкаў, тры студэнцкія інтэрнаты, клуб-тэатр на 820 месцаў, запушчана электрастанцыя з магутным рухавіком, заснаваны гідрамеліярацыйны факультэт, праведзена пераабсталяванне бібліятэкі. На 1 кастрычніка 1930 г. у бібліятэцы налічвалася 134 тысячы кніг. Выходзіла шматтыражная газета «За пралетарскія кадры». Яе першы нумар выйшаў 4 кастрычніка 1929 г.
 
Вынікі навуковых даследаванняў, якія праводзіліся ў акадэміі, друкаваліся ў працах пад назвай “Запіскі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі”. Ужо да 1931г. выйшла 12 тамоў, дзе было надрукавана больш за 200 прац.
 
У пачатку 30-х гадоў пачалося стварэнне дробных адукацыйных устаноў з вузкім профілем падрыхтоўкі спецыялістаў. Так, на базе ляснога факультэта быў створаны і пераведзены ў Гомель лесатэхнічны інстытут. На базе іншых факультэтаў створаны інстытуты, якія перавялі ў Мінск, Віцебск, Лошыцу. Разам з інстытутамі вывезлі частку літаратуры і абсталявання. Выехалі і спецыялісты.
 
Такая рэарганізацыя не магла не знізіць узровень вучэбнай працы.
 
У 1933 г. СНК БССР прыняў пастанову аб аб’яднанні ўсіх горацкіх інстытутаў у адзін – Беларускі сельскагаспадарчы інстытут. З 1 кастрычніка 1933 г. студэнты сталі атрымліваць 600 грамаў хлеба ў дзень, 600 грамаў цукру ў месяц, стыпендыю павялічылі на 15 рублёў. Была адкрыта сталовая для студэнтаў і выкладчыкаў.
 
У 1934-36 гг. БСГІ выпусціў 576 спецыялістаў.
 
Да 1941 г. кніжны фонд бібліятэкі налічваў больш за 600 тысяч тамоў.
 
У 30-я гады ў выніку беспадстаўных абвінавачванняў рэпрэсіравалі 17 прафесараў і дацэнтаў. У іх ліку першы рэктар інстытута У. І. Кіркор, прафесары Я. М. Афанасьеў, М. М. Ганчарык, У. У. Вінер, К. Г. Рэнард і іншыя. Усе яны пасля былі рэабілітаваныя.
 
30 чэрвеня 1945 г. прынята рашэнне аб аднаўленні дзейнасці Беларускага сельскагаспадарчага інстытута.
 
Быў адрамантаваны новы навучальны корпус і ўсходняе крыло студэнцкага памяшкання на 600 чалавек. Аднавілі працу сталовай.
 
А з лістапада 1948 г. інстытут стаў зноў акадэміяй.
 
Да 1954 г. адноўлены будынак бібліятэкі. Кніжны фонд да таго часу складаў 200 тысяч тамоў. 5 снежня 1954 г. выйшаў першы нумар шматтыражнай газеты «Савецкі студэнт».
 
З 1962 г. акадэмія пачала навучаць студэнтаў з краін сацыялістычнай садружнасці.
Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія сёння з’яўляецца найбуйнейшай шматпрофільнай вышэйшай навучальнай установай аграпрамысловага напрамку сярод краін СНД і Еўропы. Узначальвае БДСГА рэктар П.А. Саскевіч.
 
За сваю гісторыю БДСГА падрыхтавала больш за 80 000 высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны і іншых галін народнай гаспадаркі. Многія з іх сталі вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі, навукоўцамі, кіраўнікамі буйных устаноў, прадпрыемстваў і ўносяць вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі краіны.
Акадэмія па праву ганарыцца тым, што першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка – яе выпускнік. За выдатныя дасягненні, арганізатарскія здольнасці і прафесіяналізм ў працы 22 выпускнікам акадэміі прысвоена высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы, 16 – заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі, 60 – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. У ліку выпускнікоў БДСГА 21 акадэмік і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, 4 дзеючых рэктары беларускіх ВНУ, 36% старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў, 40% начальнікаў сельскагаспадарчых упраўленняў райвыканкамаў і амаль палова ўсіх кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі.
 
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія сёння – гэта своеасаблівы горад у горадзе. На тэрыторыі акадэмгарадка размешчаны 16 навучальных карпусоў, 13 студэнцкіх інтэрнатаў, бібліятэка з кніжным фондам больш за адзін мільён кніг, сталовая на 800 месцаў.
 
Самым экзатычным месцам акадэміі і своеасаблівай навукова-даследчай лабараторыяй з’яўляецца Батанічны сад, заснаваны яшчэ пры Горы-Горацкай земляробчай школе. Найгалоўнейшай экспазіцыяй саду з’яўляецца дэндрарый, які ў 1963 г. быў абвешчаны помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Сёння ўнікальная калекцыя Батанічнага саду налічвае 366 відаў, формаў і разнавіднасцяў драўнінна-хмызняковых раслін, 514 відаў лекавых і кветкава-дэкаратыўных раслін. Асаблівую цікавасць уяўляе аранжарэя, у якой сабралі 304 відаў і гатункаў трапічных і субтрапічных раслін.
 
У склад акадэміі ўваходзяць таксама вучэбна-навуковы цэнтр «Доследныя палі БДСГА», навучальны палігон, каскад сажалак і інш. Для правядзення вольнага часу студэнтаў маецца Палац культуры, спарткомплекс са стадыёнам і басейнам.
 

На 16 факультэтах вочнага і завочнага аддзяленняў вучацца прыкладна 15 тыс. студэнтаў. Працэс навучання пастаянна ўдасканальваецца. На сённяшні дзень у акадэміі вядзецца падрыхтоўка па 24 спецыяльнасцях і 16 спецыялізацыях. З 2004 г. у БДСГА вядзецца падрыхтоўка магістраў. Больш за 400 чалавек, якія жадаюць атрымаць другую вышэйшую адукацыю на платнай аснове, навучаюцца па 6 спецыяльнасцях у Вышэйшай школе аграбізнесу.

На 60 кафедрах працуе сёння больш за 600 выкладчыкаў, сярод якіх 52 дактары навук і прафесары, каля 300 кандыдатаў навук і дацэнтаў. Усяго ў акадэміі працуе больш за 2 тысячы чалавек.
 
БДСГА вядзе падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру па 22 спецыяльнасцях у 5 галінах навукі і дактарантуру па 5 спецыяльнасцях у 4 галінах навукі. У ВНУ працуе 4 саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, на якіх штогод абараняецца каля 20 саiскальнiкаў вучоных ступеняў. За апошнія пяць гадоў было абаронена 8 доктарскіх і 60 кандыдацкіх дысертацый. На базе факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў штогод павышае кваліфікацыю ад 2,5 да 3 тысяч кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў АПК.
 
Вялікая ўвага ў БДСГА сёння надаецца навукова-даследчай працы. За апошнія пяць гадоў навукоўцамі акадэміі атрымана 152 патэнты Рэспублікі Беларусь на вынаходніцтва і карысную мадэль, выдадзена 79 манаграфій, 173 падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, 92 зборнікі навуковых прац, 95 рэкамендацый вытворчасці. Значная частка прафесарска-выкладчыцкага саставу ўдзельнічае ў выкананні розных навуковых праграм і праектаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Фонду фундаментальных даследаванняў.
 
Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія займае лідзіруючую пазіцыю ў рэспубліцы і па развіцці міжнародных сувязяў, актыўна супрацоўнічаючы з вядучымі ВНУ Германіі, Кітая, Польшчы, Славакіі, Швецыі, Югаславіі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Казахстана і іншых краін. Зараз у БДСГА навучаецца звыш 400 замежных грамадзян з Германіі, Кітая, Нігерыі, Сірыі, Азербайджана, Расійскай Федэрацыі, Украіны і Туркменістана.
 
Акадэмія мае статус вядучай ВНУ ў нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь у галіне падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі. БДСГА – адзіная ВНУ ў Беларусі, якая 1998 г. і 2003 г. праходзіла атэстацыю Федэральнай службы па наглядзе ў сферы адукацыі і навукі Расіі на права вядзення адукацыйнай дзейнасці. У снежні 2009 г. акадэмія паспяхова прайшла атэстацыю Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
 

***

Узнясенская царква
 
С. Кротава (Скаромная) у газеце “Рэгіянальныя ведамасці” за 29 жніўня 1998 г. паведамляе, што у 1841 г. у Горках дзейнічалі тры парафіяльныя царквы: Узнясенская, Траецкая і Успенская.
 
У маі 1845 г. замест струхлелай Узнясенскай царквы пачата ўзвядзенне новай, каменнай з той жа назвай. Па каштарысе будаўніцтва яе, разам са званіцай і іканастасам, павінна было складаць 20 тысяч 343 рублі 52 капейкі срэбра. Работы праводзіліся за кошт казны і былі завершаны ў 1850 г. У тым жа годзе царква была прынята ў Епархіяльнае ведамства.

Захавалася да нашых дзён.

 

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.