Рус Бел Eng 中文

Славутасці Дрыбінскага раёна

Аб’екты нематэрыяльнай спадчыны

Нематэрыяльная спадчына – сукупнасць заснаваных на традыцыі формаў культурнай дзейнасці чалавечай супольнасці, якія фарміруюць у яго членаў пачуццё самабытнасці і пераемнасці.

У Дрыбінскім раёне нематэрыяльная спадчына прадстаўлена наступнымі аб’ектамі Дзяржаўнага Спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: самабытным промыслам, які атрымаў лакальную назву «шапавальскі» з унікальнай мовай «Катрушніцкілемязень» і тэхналогіяй пляцення лапцей у вёсцы Кароўчына.

Шапавальства на Дрыбіншчыне

Калі ўзнікла «шапавальства» на Дрыбіншчыне?

Існуе меркаванне, што месца, дзе цяпер размешчаны Дрыбін, калісьці было пустыннае, быў толькі адзін фальварак Дрыбін і вёска Стары Дрыбін. Уладальнік фальварка, для таго каб павялічыць насельніцтва ў сваім маёнтку і ўтварыць мястэчка, стаў запрашаць сяліцца на незанятых месцах ўсіх жадаючых. На запрашэнне адгукнуліся людзі рознага грамадскага становішча, розных саслоўяў і прафесій. У ліку перасяленцаў ў мястэчку Дрыбін былі і перасяленцы з тых месцаў, дзе ўжо было развітае шэрстабітнае і валяльнае рамяство. Пасяліўшыся на новым месцы, перасяленцы сталі вырабляць тут свае вырабы. Майстравыя сталі браць сабе памочнікаў з мясцовых жыхароў. Такім чынам, па тэрыторыі Дрыбіншчыны распаўсюдзілася «шапавальства».

Другая легенда аб узнікненні шэрстабітнага і валяльнага рамяства заключаецца ў тым, што былы ўладальнік маёнтка Атон Цэханавецкі аддаў некалькі душ сваіх маладых сялян для навучання валяльнаму рамяству ў Ніжагародскую губерню. Сяляне, набыўшы неабходныя тэхнічныя навыкі і веды, па вяртанні на радзіму перадавалі навыкі сваім дзецям.

Валяльны промысел у Магілёўскай губерні існаваў у двух відах: саматужны і адыхожы.

Пераважна «шапавальства» існавала ў выглядзе адыходжага промыслу, бо ён не патрабаваў выдаткаў на закупку матэрыялаў, не трэба было шукаць рынку збыту.

Скончыўшы палявыя работы, майстры, сабраўшы няхітры інструмент, разыходзіліся ва ўсе бакі Расіі, Беларусі, Літвы, часам дабіраліся да аўстрыйскай мяжы на захадзе, да Масквы, да Кіева. Вядомы выпадак, што майстар Шарлоўскі дайшоў да Амерыкі, дзе і застаўся жыць і працаваць, штогод высылаючы сям’і больш за 300 рублёў.

Шапавалы некалькі адрозніваліся ад астатніх сялян тым, што былі больш адукаваныя, хітрэйшыя. Гаварылі яны па-руску больш правільна, але часта звярталіся да сваёй умоўнай мовы «катрушніцкамулямезеню». Мова налічвала 915 слоў. Яна захоўвалася ў строгім сакрэце. З’явілася гэта мова для таго, каб захаваць сакрэты рамяства і часам абдурыць гаспадара, у якога яны працавалі.

Супрацоўнікі Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея зацікавіліся шапавальствам і пачалі вывучаць яго гісторыю. Спачатку вызначылі методыку працы, якая ўключала асноўныя стадыі: выяўленне з рэальнай рэчаіснасці аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны, фіксацыя інфармацыі аб аб’екце, а таксама забеспячэнне падтрымкі і захаванне механізмаў перадачы традыцыі. Работнікі музея выявілі майстроў-шапавалаў, пазнаёміліся з імі, наладзілі цесныя творчыя сувязі, вывучылі тэхналогію вырабу валеных вырабаў, каб актыўна выкарыстоўваць атрыманыя веды і навыкі ў адукацыйнай дзейнасці музея, перадаць маладому пакаленню, моладзі і жадаючым спасцігнуць сакрэты рамяства.

У выніку праведзенай работы рамяство «Шапавальства» ў 2009 годзе ўключана ў Дзяржаўны Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, на пасяджэнні Рэспубліканскай Рады Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у г. Мінску.

Пры Дзяржаўнай установе культуры «Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей» дзейнічае творчая навукова-практычная лабараторыя па вывучэнні і захаванні культурнай спадчыны «Шапавальства». Маладое пакаленне з захапленнем знаёміцца з майстэрствам шапавалаў, якое мае непасрэднае дачыненне да нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі.

У 2014 годзе быў рэалізаваны праект БГА «Адпачынак у вёсцы», «Устойлівае развіццё Дрыбінскага раёна на аснове культурнай спадчыны», у межах праекта былі набыты шэрсць, фурнітура, сталы, крэслы, выставачныя вітрыны, шафы, корпусная мэбля для майстэрні шапавальні.

Распрацавана Рэгіянальная праграма па захаванні аб’екта нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Шапавальства» на 2014-2015 гг.

У дадзенай праграме прадугледжаны розныя напрамкі работы з моладдзю па вывучэнні гісторыі ўзнікнення шапавальства і відам шэрстабітна-валяльнага промыслу на тэрыторыі Дрыбінскага раёна, а таксама рэалізацыя праграмы адраджэння рамяства і вяртання ў культуру пераемнасці маладога пакалення.

Адной з самых распаўсюджаных і сфарміраваных формаў працы з’яўляюцца тэматычныя экскурсіі па экспазіцыі залы шапавальства дзяржаўнай установы культуры «Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей». У зале шапавальства самае шырокае распаўсюджванне і традыцыйная форма працы – майстар-клас па вырабу міні-валёнак, упрыгожванняў і цацак з каляровай воўны метадам мокрага і сухога валяння (фільшаванне).

У мэтах развіцця цікавасці да традыцый шэрстабітна-валяльнага рамяства Дрыбінскага краю, арыентаванага на яго папулярызацыю, супрацоўнікамі музея рэгулярна праводзяцца лекцыі і радыёлекцыі. Так, у 2014 годзе былі прачытаны радыёлекцыі з цыклу «Аб шэрстабітна-валяльным промысле».

Для дашкольнікаў і школьнікаў распрацоўваюцца і праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі з выкарыстаннем мультымедыйнага абсталявання. Заняткі праходзяць у межах музейна-педагагічнай праграмы «У гасцях у дзеда Мацея», якая была распрацавана з мэтай вывучэння ўзнікнення і развіцця шэрстабітнага промыслу на тэрыторыі Дрыбіншчыны.

На сённяшні дзень пры музеі дзейнічае народнае аматарскае аб’яднанне «Шапавал», у якое ўвайшлі майстры-шапавалы Дрыбінскага раёна і ўзорнае дзіцячае аматарскае аб’яднанне «Катрушнік», у якім займаюцца школьнікі.

2014 год для супрацоўнікаў музея, майстроў-шапавалаў і ўдзельнікаў калектыву «Катрушнік» быў вельмі насычаным і плённым. На працягу года яны прымалі актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

У маі 2014 года член Саюза майстроў Масалава Ж.М. была ўзнагароджана Дыпломам І Ступені па выніках конкурсу сацыяльных тэхналогій у ахову сямейных каштоўнасцей «За жыццё» ў намінацыі «Уклад».

У чэрвені мінулага года члены народнага аматарскага аб’яднання «Шапавал» прынялі ўдзел у другім міжрэгіянальным свяце-конкурсе «Зяленыя святкі», якое праходзіла ў в. Байкова Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

Штогод Дрыбінскія майстры прымаюць удзел у рэспубліканскім свяце «Александрыя збірае сяброў».

У жніўні калектыў музея прымаў удзел у штогадовым рэгіянальным фестывалі народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі» з выставай «Брэнд Дрыбінскага раёна». У гэтым жа месяцы майстры-шапавалы былі запрошаны ў аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці на мерапрыемства “Летнік рамёстваў”.

У верасні 2014 года валёнкі, шапкі, упрыгожванні з воўны прадставілі майстры-шапавалы на раённым і абласным мерапрыемствах, якія праходзілі ў рамках фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014».

У канцы верасня супрацоўнікі музея прынялі ўдзел у Другім Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праходзіў у Гомелі, дзе былі ўдастоены Дыплома за рэалізацыю культурна-адукацыйнага праекта «Рамяство шапавальства – аб’ект нематэрыяльнай спадчыны».

29-30 верасня 2014 года прадстаўнікі Дрыбінскага раёна былі запрошаны ў г. Санкт-Пецярбург на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў межах Дзён беларускай культуры.

У лістападзе гэтага ж года ў г. Магілёве майстрамі Дрыбіншчыны была арганізавана выстава “Ад майстроў шапавалаў” падчас праходжання III Міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» ў межах святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя Магілёўскага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.

На старонках перыядычных выданняў і інтэрнэт-сайтах рэгулярна абнаўляюцца звесткі па папулярызацыі традыцый шапавальскага рамяства.

У 2015 годзе працягваецца праца па захаванні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь “Шапавальства”.

Тэхналогія пляцення лапцей у в. Кароўчына

Тэхналогія пляцення лапцей у в. Короўчына – традыцыйнае рамяство, якое было распаўсюджана на тэрыторыі Дрыбінскага раёна.

Лапці – самы старажытны абутак ва Усходняй Еўропе, прычым вельмі зручны, лёгкі, прасторны, «дыхае», ногі яго амаль не адчуваюць. І ў спякоту, і ў холад нашы продкі хадзілі ў лапцях.

Пляценне лапцей – традыцыйнае рамяство, якое было распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Дрыбінскага раёна.

Сёння лапці страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне як абутак. Між тым, цікавасць да лапцей усё больш узрастае. На рэспубліканскіх выставах, міжнародных фестывалях у Бабруйску, Мінску, Магілёве, Клімавічах, Горках вялікую цікавасць выклікаў лапаць, выраблены дрыбінскім майстрам.

Безумоўна, цікавасць да лапцей тлумачыцца перш за ўсё з гістарычнага пункту гледжання як да ўнікальнага дасягнення мінулага.

Застаецца актуальнай роля лапцей як неад’емнага атрыбута сцэнічнага касцюма.

Усё большае распаўсюджванне набывае попыт на лапці як абутку для адпачынку на прыродзе (шырока вядомы іх лячэбныя ўласцівасці, і медыкі асабліва рэкамендуць хадзіць у лапцях людзям сталага ўзросту і цяжарным жанчынам).

Лапці – адзін з найважнейшых сімвалаў традыцыйнага нацыянальнага побыту, яны шырока выкарыстоўваюцца ў якасці важнага элемента народных абрадаў.

Расце папулярнасць лапцей як сувенірнай прадукцыі.

Як сплесці сапраўдныя лапці, ні ў старажытных, ні ў сучасных кнігах не знойдзеш. Уменне гэта перадавалася ад бацькі да сына, і не было неабходнасці ў апісаннях. Знайсці сёння добрага майстра па пляценні лапцей складана, і таму перад супрацоўнікамі Дома рамёстваў в. Кароўчына стаяла задача адрадзіць старажытнае рамяство, не даць яму знікнуць. Захавалі уменні і навыкі пляцення лапцей ў Дрыбінскіх вёсках Абраімаўцы, Жэвані, Кароўчына Кананкова Н.А., Збродава Я.А., Кірылава М.П. Сакрэты свайго майстэрства мясцовыя ўмеліцы перадалі спецыялістам Дома рамёстваў. Пераемніцай тэхналогіі пляцення лапцей на Дрыбіншчыне, ініцыятарам яе адраджэння стала Заклікоўская Л.С., дырэктар Дома рамёстваў. Асвоіўшы дасканала гэта майстэрства, яна была прынята ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці. Працягваюць традыцыі продкаў дзеці, набываючы навыкі і ўменне старажытнага рамяства ў гуртку “Лапаточак” пры Доме рамёстваў.

З мэтай папулярызацыі тэхналогіі пляцення лапцей супрацоўнікамі Дома рамёстваў праводзяцца майстар-класы, семінары-практыкумы, кансультацыі, працуе творчая майстэрня для дарослых і дзяцей. У выставачнай зале Дома рамёстваў дзейнічае пастаянная выстава работ майстроў і вучняў «Лапці – абутак нашых продкаў». Падрыхтаваны і распаўсюджваецца буклет «Пляценне лапцей – прыярытэтны напрамак дзейнасці Дома рамёстваў». Дрыбінскія лапці экспануюцца на шматлікіх выставах і фестывалях. Цікавасць да гэтага віду народнай творчасці выклікае і публікацыю ў сродках масавай інфармацыі па матэрыялах, падрыхтаваных супрацоўнікамі Дома рамёстваў. (Тэлебачанне?)

Вынікі даследаванняў, шматпланавая праца па адраджэнні і захаванні тэхналогіі пляцення дрыбінскіх лапцей – праект «Адраджэнне традыцыйнай тэхналогіі пляценне лапцей майстрамі Дрыбінскага раёна» – прадстаўляліся на навукова-практычнай канферэнцыі «Рамёствы Магілёўшчыны. Традыцыі і сучаснасць».

У лістападзе 2011г. тэхналогіі пляцення дрыбінскіх лапцей быў прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ.

Сёння ў Дом рамёстваў паступаюць заяўкі з гарадоў Беларусі, Расіі, Германіі на выраб лапцей як экспанатаў для музеяў ад навукоўцаў, для якіх лапці сталі аб’ектам даследавання, ад прыватных асоб – у якасці карыснага, экалагічна чыстага абутку для адпачынку.

Аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны

Культурная спадчына – невычэрпная крыніца творчай фантазіі пакаленняў, прыкладаў дасканаласці таленту народаў. Помнікі старажытна-беларускай культуры сведчыць пра слаўнае і гераічнае жыццё народа. У іх адлюстроўваецца гістарычнае жыццё, высокая мастацкая і духоўная культура, традыцыі нашых продкаў. Нягледзячы на мінулыя стагоддзі, вельмі вялікія разбурэнні мінулых войнаў, а часам і мэтанакіраванае знішчэнне помнікаў у савецкі час, на Дрыбінскай зямлі захаваліся храмы, жылыя дамы, разнастайныя забудовы далёкага гістарычнага мінулага. Гэта матэрыялізаваны вопыт культурнага народа, які дапамагае нам сёння бачыць жыццё ў руху і сувязі часоў.

Брацкія магілы

Брацкая магіла ў в. Расна з’яўляецца матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Дрыбінскага раёна. У магіле пахаваны 642 савецкія воіны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гадах. Сярод пахаваных – воіны 32, 42, 60, 70, 95, 160 стралковых дывізій. У 1964 года на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна.

Брацкая магіла ў г.п. Дрыбін. У магіле пахавана 508 воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Дрыбіна ў 1943 годзе ў баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў ў 1943-1944 гадах. Сярод пахаваных воіны 70-й і 222-й стралковых дывізій. У 1984 годзе на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам, вакол – стэлы з імёнамі загінуўшых воінаў і землякоў.

Брацкая магіла ў в. Чэрнеўка. У магіле пахаваны 571 воін 42-й стралковай дывізіі, 49-й арміі 2-га Беларускага фронту, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені 1944 года. У 1956 годзе на брацкай магіле ўзведзены абеліск.

Брацкая магіла ў в. Крычаватка. У магіле пахавана 111 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1943-1944 гадах. Сярод пахаваных – воіны 49-й, 64-й, 200-й, 369-й стралковых дывізій, якія трымалі абарону на гэтым участку лініі фронту. У 1948 годзе на магіле збудаваны абеліск, побач дошкі з імёнамі загінуўшых землякоў.

Брацкая магіла ў в. Галовічы. У магіле пахавана 114 воінаў, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1978 годзе на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам.

 

Сядзібны комплекс у в. Расна канца ХIХ ст.

Комплекс размешчаны ў цэнтры вёскі і з’яўляецца помнікам архітэктуры 19 стагоддзя. Сядзібны комплекс пабудаваны ў 1895 годзе як летняя рэзідэнцыя памешчыка Л.А.Спыткова. Комплекс уключаў у сябе мураваны жылы дом, драўляны свіран, бровар і невялікія гаспадарчыя пабудовы.

Жылы дом. Аднапавярховы будынак з цокальным паверхам. Маленькія рызаліты па кутах бакавых фасадаў і ўся паверхня вонкавых сцен раздзелены гарызантальнымі руставанымі лапаткамі. Пад двухсхільным дахам праходзіць ступеньчаты карніз. Цокаль і асноўны паверх аздоблены поясам арнаменту. Аконныя праёмы высокія, прамавугольныя, без празмернасцяў. Уваходы ў доме вылучаны высокім каменным ганкам. Унутраная планіроўка будынка нерэгулярная. У большасці памяшканняў на столі ляпныя ўзоры, па перыметры – фрызы і карнізы, аздобленыя віньеткаміі, гірляндамі, геаметрычным арнаментам (не захаваўся). 1 верасня 1918 года ў будынку адкрылі школу. Падчас акупацыі раёна ў доме знаходзіўся ваенны шпіталь. З 1943-1944 гг. у падвале дома знаходзіўся масларобны завод. Затым да пачатку 1990-х гадоў у будынку размяшчалася сярэдняя школа. Зараз будынак пустуе. У будынку рабіліся розныя часовыя перагародкі, былі знішчаны ляпныя ўпрыгожванні. Будынак патрабуе рэканструкцыі.

Свіран. Кампактны зруб з двухсхільным дахам, які з аднаго боку ўтварае глыбокі навес на двух драўляных слупах круглага сячэння.

Вінакурня. Памяшканне размешчана воддаль ад астатніх будынкаў. Аднапавярховы мураваны будынак. Цэнтральная частка выдзелена высокая мансардай з паўкруглым акном. Фасады ўпрыгожаны аркатурнымі паясамі. Аконныя праёмы без празмернасцяў. Вінакурня дзейнічала як спіртзавод да 1986 года. У 1986 годзе спіртзавод быў зачынены.

Сядзібны комплекс – помнік архітэктуры неакласіцызму з элементамі народнага драўлянага дойлідства.

 

Рэшткі касцёла Святога Казіміра ў в. Расна ў ХIХ.

Касцёл знаходзіцца ў цэнтры вёскі Расна. Кампазіцыя будынка была характэрна для эпохі класіцызму, для якой было характэрна манументальнасць формаў, багацце і пышнасць інтэр’ераў, распаўсюджанасць галерэй, порцікаў з калонамі. У 1751 годзе на сродкі Міхаіла Поцея ў мястэчку будуецца драўляны касцёл ордэна Езуітаў пад назвай Святога Касьмы. У верасні 1775 года з дазволу імператрыцы Кацярыны II касцёл сцвярджаецца на няпэўны час парафіяльным. Драўляны касцёл праіснаваў да пачатку 19 стагоддзя, калі з прычыны моцнага пажару ён быў знішчаны.

Паводле архіўных крыніц будаўніцтва новага мураванага касцёла ў мястэчку Расна пачалося ў 1812 годзе. У 1818 годзе касцёл быў пабудаваны з цэглы. У 1819 годзе касцёл быў асвячоны пад тытулам Святога Казіміра. Новы храм сцвярджаецца як прыходскі.

Касцёл уяўляў сабой трохнефавы аб’ём, які мае ў плане форму базілікі з прамавугольнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. Прычым аб’ём бакавых нефаў ніжэйшы за асноўны і апсіды. Будынак быў накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад, аформлены невялікімі паўцыркульнымі нішамі і трохкутнымі сандрыкамі, вызначае чытырохкалонны порцік дарычнага ордэна, які завяршаецца трохкутным франтонам з развітым антаблементам. Антаблемент мае ў фрызе характэрныя для дарычнага ордэна трыгліфы і метопы.

Бакавыя фасады помніка маюць рызаліты з порцікамі, якія складаюцца з чатырох калон. Аналагічна галоўнаму фасаду, аформленыя з дапамогай двух паўцыркульных ніш. Акрамя таго, плоскасці бакавых фасадаў былі дэкараваны сандрыкамі над дзвярнымі і аконнымі праёмамі.

Храм прамавугольнай формы ў плане базіліка. Ва ўсходняй частцы будынка завершана высокая прастакутная апсіда з паўкруглым аконным праёмам.

Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму з шырокім выкарыстаннем, будынак меў 18 акон. На алтарнай частцы касцёла размяшчалася адно паўкруглае акно. Бабінец быў падзелены дзвюма драўлянымі перагародкамі.

Унутры прастора храма была падзелена на нефы 16 калонамі, якія злучаліся цаглянымі зводамі. Верагодна цыліндрычнымі. Падлога была зроблена з тарчыц (невялікіх дошчачак, тыпу паркетных). Інфармацыя аб унутраным і знешнім выглядзе касцёла маецца ў «Ведомостях о костелах за 1831 год». Дах касцёла першапачаткова быў драўляны. Акрамя таго, існавала тры ганкі, якія мелі па тры прыступкі.

У касцёле існавалі тры прастолы:

  • Першы «Вялікі» ў вобразе Найсвяцейшай Багародзіцы на палатне намаляванай. Ікон з абодвух бакоў вялікіх 5, малых 4, люстэрак вузкіх доўгіх 4 на прастоле, які мае ля падножжа тры градусы, змешчаны каўчэг сталярнай работы. Партатэль з непарушнаю пячаткай.
  • Другі па правым баку вялікага, з выявай на Абраз Благавешчання Найсвяцейшай Багародзіцы на сцяне, два Абразы па баках апраўлены ў рамкі.
  • Трэці па левым баку вялікага з Абразам Ісуса Хрыста, над якім на палатне намаляваны ордарных элементаў.

Першыя звесткі аб пашкоджанні касцёла адносяцца да 1843 года. Вялікая бура пашкодзіла дах касцёла.

У 1853 г. пачаўся адзін з самых буйных рамонтаў Раснянскай парафіяльнай рымска-каталіцкай царквы, які працягваўся некалькі гадоў.

У далейшым пра касцёл вядома, што ў 1910 годзе ён знаходзіўся ў добрым стане, быў дзеючым і не патрабаваў рамонту.

У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў.

Акрамя самога касцёла, на пляцы размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, агарод, сад, могілкі, драўляная званіца. Гэтыя пабудовы не захаваліся.

Касцёл в. Расна з’яўляецца адным з яркіх прыкладаў класіцызму, напрамку, распаўсюджанага на тэрыторыі Беларусі ў 18-19 стагоддзях.

Да цяперашняга часу захаваліся цагляныя сцены і скляпенні будынка, якія могуць служыць асновай для рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынка. Варта адзначыць, што будынкі такой архітэктуры ўяўляюць гістарычную рэдкасць і, каб пазбегнуць канчатковага разбурэння рэшткаў будынка, неабходна яго рэстаўрацыя і рэканструкцыя.

 

Архітэктурныя помнікі

Мікалаеўская царква. У канцы XVI стагоддзя на царкоўныя сродкі пры дапамозе ўладальніка мястэчка і мясцовага памешчыка была пабудавана драўляная царква ў імя святога Мікалая. Старая царква ў імя святога Фёдара Цірана, праіснавала больш за тры з паловай стагоддзі, састарэла і была разабрана.

У 1887 году прыхаджане ўзнялі пытанне аб пабудове каменнай царквы. Праз чатыры гады пасля разгляду пытання быў закладзены новы каменны храм. У 1891 годзе будаўніцтва каменнай царквы было скончана. Па сваёй ёмістасці, знешнім і ўнутраным аздабленні царква рабіла добрае ўражанне. Званіца была каменная, агароджа драўляная на каменным падмурку.

Царква была афіцыйна зачынена ў 1937 годзе, але да таго часу яна ўжо не дзейнічала. У канцы 1940-х гадоў царква пераабсталявана ў вучэбны корпус школы-інтэрната.

Большасць помнікаў дойлідства мінулых стагоддзяў было знішчана ў гады грамадзянскай вайны, у 1930-я гады. Асабліва разбуральным быў час Вялікай Айчыннай вайны. Рэшткі многіх пабудоў былі разабраны ў першыя пасляваенныя гады, калі не хапала будаўнічых матэрыялаў. І тое нямногае, што ацалела, дайшло да нашага часу ў нездавальняльным стане.

Зараз для аднаўлення Мікалаеўскай царквы патрэбны вялікія грашовыя сродкі.

Свята-Пакроўская царква ў в. Кішчыцы. Пабудавана ў 1845 г. з цэглы. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма развіта па падоўжанай восі. Цэнтральны квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Яго фасады завершаны кілепадобнымі франтонамі. Трох’ярусная вежа – званіца – прыбудавана з боку галоўнага фасада, накрыта шатровым дахам з галоўкай. Прамавугольныя аб’ёмы бабінца і абсіды накрыты двухсхільнымі дахамі. Сцены будынка прарэзаны вялікімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаны пілястры, франтоны, сандрыкі, нішы, прафіляваныя карнізы і інш. Ва ўнутранай прасторы царквы дамінуе цэнтральная зала, перакрытая злучаным зводам на падпружных арках. Перакрыцці астатніх аб’ёмаў цыліндрычныя. Царква – помнік архітэктуры з элементамі класіцызму і псеўдарускага стылю.

Царква ў в. Чэрнеўка. Дакладных звестак аб пабудове гэтай царквы няма. Існуе меркаванне, што ў 1845 годзе існавала драўляная царква, а ў 1880 годзе была ўжо мураваная царква, якую будавалі сумеснымі намаганнямі. Людзі стаялі ланцужком ад Чэрнеўкі да Шклова і перадавалі адзін аднаму цэглу. Старажылы кажуць, што да вайны ў царкве служыў бацюшка, адданы сваёй справе, які ўсе службы для прыхаджан вёў бясплатна. Пасля смерці яго і матухну пахавалі побач з царквой пры дарозе, каб кожны прахожы мог спыніцца і аддаць даніну павагі гэтаму чалавеку. А пасля вайны ў будынку царквы размяшчаўся клуб. І аднойчы падчас танцаў на акне высветліўся вобраз Маці Божай у слязах. Пасля гэтай падзеі клуб быў перанесены ў іншае месца. Зараз ідзе актыўнае аднаўленне царквы. На сходзе мясцовага УКСП было прынята рашэнне аб адлічэнні з заработнай платы кожнага работніка пэўнай сумы на аднаўленне царквы.

 

 

Помнікі прыроды

Кожны чалавек павінен адчуваць любоў да прыроды, павагу да ўсяго жывога, прадбачыць наступствы сваіх паводзін у прыродным асяроддзі. Відавочна, што чым бліжэй чалавек да прыроды, тым больш эфектыўнае яго экалагічнае выхаванне. Для таго каб ахоўваць прыроду, трэба яе ведаць і любіць. Чалавек павінен ведаць і берагчы ў першую чаргу тую прыроду, якая яго непасрэдна акружае.

Помнік прыроды «Трылесінскія волаты» знаходзіцца на тэрыторыі Першамайскага сельскага выканаўчага камітэта, дзе на зямельным участку плошчай 3,3 гектара растуць дрэвы-волаты (таполі і дуб, клён, ліпа). Тэрыторыя помніка прыроды складаецца з двух участкаў. Плошча першага ўчастка складае 1,5 гектара, на ім расце дзве таполі серабрыстыя, адна з іх у абхваце 589 см, вышынёй каля 40 метраў, дыяметр кроны больш за 20 метраў, другая таполя ў абхваце 472 см. На другім участку плошчай 1,7 гектара расце дуб даўжынёй акружнасці 395 см.

Помнік прырода «Лясныя волаты» мае агульную плошчу 20 гектараў. На землях Першамайскага лясніцтва Горацкага лясгаса. На ўчастку растуць каштоўныя пароды дрэў: шэсць дубоў дыяметрам 92см, тры дубы дыяметрам 110 см, вяз дыяметрам 80 см і чатыры алешыны дыяметрам 80 см. Гэты ўчастак лесу вылучаецца сваёй велічнай прыгажосцю. Лес з’яўляецца асноўным вытворцам кіслароду і галоўным спажыўцом вуглякіслага газу.

Помнік прыроды «Каменскі бор». Гэты помнік прыроды размешчаны на землях Раснянскага лясніцтва Горацкага лясгаса. Агульная плошча 12,1 гектара. На ўчастку лесу плошчай 8,5 г. растуць хвоя, елка, асіна і дуб. Хвоя займае 80% плошчы, а ўзрост дрэў больш за 90 гадоў. Сярод лесу размешчана возера плошчай 3,6 га, на якім растуць белыя лілеі. Вакол возера праходзіць лясная сцяжынка. Прыгажосць возера і велічных хвой прываблівае ў гэта месца многіх людзей для адпачынку сярод прыроды.

Помнік прыроды «Грымячая крыніца». Знаходзіцца на тэрыторыі Раснянскага сельскага выканаўчага камітэта, на землях Раснянскага лясніцтва Горацкага лясгаса. Водны аб’ект «Грымячая крыніца» добраўпарадкаваны і з’яўляецца месцам традыцыйнага адпачынку насельніцтва. Назва крыніцы старадаўняя, як сцвярджаюць старажылы вёскі Расна. Здаўна людзі прыходзяць да крыніцы, каб напіцца і ўзяць з сабой крышталёва чыстай вады. Тэрыторыя, прылеглая да крыніцы, вылучаецца своеасаблівасцю і маляўнічасцю месцаў. Тут стаіць альтанка, падыходы да крыніцы зручныя.

Помнік прыроды «Гантоўля». Знаходзіцца ў вёсцы Гантоўля, Міхееўскага сельскага выканаўчага камітэта. Помнік прыроды размясціўся пасярод аблесеных участкаў плошчай 3,2 га, якія своеасабліва ўпісваюцца ва ўмовы побыту сельскай мясцовасці. На ўчастках помніка маюцца адзінкавыя дрэвы граб і дуб.

 

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.